У год прадпрымальнасці – з новымі формамі работы

Грамадства

Нядаўнія палітычныя падзеі ў краіне, неабходнасць рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага  развіцця, прынятай на чацвёртым  Усебеларускім  народным сходзе, патрабуюць  новых  падыходаў да ідэалагічнай работы, пераносу  асноўнага акцэнту на штодзённую  крапатлівую  дзейнасць у працоўных калектывах, з кожным асобным чалавекам. Прааналізаваць вынікі зробленага  і  намеціць канкрэтныя мерапрыемствы  па  ўдасканаленні ідэалагічнай работы і было галоўнай мэтай пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай  работы  Гомельскага  аблвыканкама.


Са справаздачай аб рабоце ідэалагічнай вертыкалі Гомельскай вобласці ў 2010 годзе і прыярытэтных накірунках у 2011-м  выступіў начальнік упраўлення Анатоль Каціла. Быў дадзены грунтоўны, даволі-такі праўдзівы аналіз зробленага. “Апошні год пяцігодкі, – сказаў ён, –  адзначаны як год подвядзення вынікаў  рэалізацыі  многіх  дзяржаўных  праграм, у  тым  ліку сацыяльна-эканамічнага развіцця.


Прыярытэтным накірункам у нашай рабоце была падрыхтоўка інфармацыйна-ідэалагічнага забеспячэння важнейшых палітычных падзей. 2010 год для ўсіх нас стаў выпрабаваннем на трываласць. Ён выявіў не толькі высокі прафесіяналізм кадраў, уменне прымаць прадуманыя і граматныя рашэнні, але і выявіў пралікі ў рабоце, факты фармалізму, нават банальнай халатнасці. Калі б існавала ўзнагарода за “ляпы”, то некаторыя раёны ёю былі б узнагароджаны двойчы, а то і тройчы”.


Анатоль  Антонавіч  станоўча  ацаніў работу грамадскіх прыёмных, створаных пры структурных падраздзяленнях рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, і той жа час адзначыў  недастатковую  ступень  узаемадзеяння  ідэалагічнага  актыву з кіраўнікамі галіновых арганізацый Гомельскага аб’яднання прафсаюзаў, якія за перыяд перадвыбарнай кампаніі не праводзілі сустрэч у буйных працоўных калектывах, у тым ліку “праблемных”.


– Правядзенне інфармацыйна-прапагандысцкай работы сярод насельніцтва, – працягвае Анатоль Каціла, – важнейшая ўмова эфектыўнай  дзейнасці  ўлады.


Ён даў  ацэнку  дзейнасці  інфармацыйна-прапагандысцкіх  груп, расказаў  аб новых падыходах, якія даюць станоўчыя вынікі: арганізацыя  работы  аўтаклубаў, правядзенне дзён адкрытага пісьма, выязныя дні райвыканкама, сустрэчы  з насельніцтвам работнікаў жыллёва-камунальнай  службы,  правядзенне   прэс-канферэнцый  старшынямі райвыканкамаў.


–  Заслугоўвае  ўвагі вопыт работы ў даным накірунку  Мазырскага райвыканкама. Тут практыкуюцца сустрэчы  інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з працоўнымі калектывамі, выезды  ў населеныя пункты па канкрэтным  запыце.


Высокую ацэнку  атрымалі  такія формы работы з  моладдзю,  як клубы “Малады палітык” і “Альтэрнатыва” (Хойніцкі раён), грамадскі савет маладых спецыялістаў (Рагачоўскі раён), конкурсы на лепшую маладую сям’ю і ўзорнае сельскае падвор’е, клубы маладых сем’яў, маладзёжны сямейны праект “Уладар вёскі”.


На калегіі падрабязна былі разгледжаны пытанні,  што датычаць  узаемадзеяння  з грамадскімі  аб’яднаннямі  і палітычнымі партыямі, работы з рэлігійнымі арганізацыямі, развіцця  кінавідэасеткі і сродкаў масавай інфармацыі, паліграфіі, вызначаны прыярытэтныя накірункі работы ў 2011 годзе, які Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 43 аб’яўлены Годам  прадпрымальнасці. Так, аднымі з важнейшых з’яўляюцца: работа з рэзервам кадраў, забеспячэнне стабільнасці грамадска-палітычнай сітуацыі ў грамадстве і высокага даверу да ўлады, павышэнне інфармацыйна-публіцыстычнай насычанасці рэгіянальных друкаваных выданняў, выкарыстанне  сучасных  інфармацыйных тэхналогій  і  іншыя.


У  час  калегіі  былі  ўручаны  ўзнагароды за дасягненні  ў  рабоце па выніках мінулага года.


Мікалай Чарнабай



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *