задачы – рэальныя

Сельское хозяйство

Васіль  Протчанка – кіраўнік  са  стажам, адзін з самых вопытных у раёне. Не першы раз даводзіцца выходзіць яму на трыбуну, каб зрабіць перад вяскоўцамі справаздачу аб рабоце за год, падзяліцца планамі на будучае, параіцца, як жыць і працаваць у сучасных умовах, каб быць на плаву. Як  ён  сам  ацэньвае вынікі дзейнасці калектыву, з якім звязаны  даўно  і  трывала? Адказ на гэтае пытанне мы  хацелі  пачуць у  час  сустрэчы  з  дырэктарам.


– Васіль Іванавіч, як склаўся для працаўнікоў гаспадаркі мінулы год?


– Мінулы год быў не з лепшых. – Калі коратка – раслінаводчай прадукцыі не дабралі, вытворчасць жывёлагадоўчай – павялічылі. Прагнозны паказчык выканалі на 75,5% да задання. Ніжэй сярэднераённай лічбы  выхад зерня ў разліку на бала-гектар, а таксама выхад кармавых адзінак з гектара сельгасугоддзяў. Менш атрымалі – менш рэалізавалі. Кліматычныя ўмовы мінулага года не дазволілі парадавацца добраму ўраджаю, хаця спісваць усё на надвор’е было б няправільна. Свае памылкі трэба бачыць, як і нявыкарыстаныя рэзервы.


Надой малака ад кожнай каровы павялічылі, па гэтым паказчыку (4450 літраў) гаспадарка на другім месцы ў раёне пасля КСУП “Брагінскі”. Але ж неабходна працаваць над паляпшэннем якасці. Гатункам “экстра” не рэалізавалі ні тоны малака, былі выпадкі, калі з фермаў  яно  адпраўлялася на перапрацоўку першым і другім гатункам, а гэта – страты. Ніжэйшы (81,2), чым у 2009-м, працэнт таварнасці малака.


– Нядаўна  “Беларуская ніва”  надрукавала  вынікі   работы  за  студзень-снежань 2010  года,   якія  падвяло Міністэрства сельскай  гаспадаркі і харчавання. Наш раён –  на  64-м месцы са 118 па такім паказчыку,  як сярэдні надой малака ад каровы.  Прыведзены і вынікі работы комплексу  КСУП “Пераможнік” па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы.  Якія   яны?


– Сярэдняе  пагалоўе  – 2037 (102%). Валавая прывага  склала 409 тон (107%), сярэднясутачныя прывагі – 607 грамаў (+67 грамаў). Гэта – 85-е месца сярод копмплексаў рэспублікі.
У мінулыя гады вынікі былі лепшымі. Справа ў тым, што на гэтым вытворчым падраздзяленні  зараз ідзе рэканструкцыя першага перыяду.  Адно памяшканне  адрамантавалі, перайшлі ў  другое. Гэта стварае часовыя нязручнасці  як  для працаўнікоў комплексу, так і для маладняку, які тут знаходзіцца. Работы працягнем і сёлета, на гэтыя мэты выдаткавана  200 млн рублёў.


– А што запланавана ў малочнай галіне?


– Будаўніцтва  малочнатаварнай фермы на 600 галоў для дойнага статка з захаваннем усіх тэхналагічных параметраў у Малейках дазволіць павялічыць вытворчасць малака і яго якасныя паказчыкі. Аператары машыннага даення нашай гаспадаркі былі заўсёды ў ліку лепшых у раёне, ды і па надоі малака ад каровы мы таксама не на апошнім месцы. Гэта дзякуючы такім працаўнікам, як  Ганна Ціханчук, якая  надаіла па 5068 кілаграмаў малака ад каровы, валавы  надой склаў 392,7  тоны, а таксама Ніна  Цыбуля (4954 кг, 384,4 т),  Ларыса  Назаранка (4921 кг, 211,8 т).  Усе  яны прэміраваны  грашовымі  прэміямі.


Дасягнутае неабходна замацаваць, паўтаруся, нявыкарыстаныя рэзервы ёсць. Пачалі з пытанняў захаванасці маладняку – ад нараджэння  да яго адкорму. Нованароджаны маладняк знаходзіцца ў клетках-доміках, якіх закупілі больш100 штук. Наладжаны добры догляд, кармленне, каб не дапусціць паморку, атрымаць высокія сярэднясутачныя прывагі.


– Васіль Іванавіч, што запланавалі на гэты год?


– Атрымаць 4043 тоны зерневых у вазе пасля дапрацоўкі, 700 тон – бульбы, 540 – рапсу, 800 – караняплодаў. Што датычыць жывёлагадоўлі, то вытворчасць малака павінны павялічыць на 300 тон. Не буду называць усіх лічбаў, скажу, што яны прымальныя. Як адзначылі нашы спецыялісты, у 2009-м  выходзілі на такія рубяжы. На справаздачным сходзе  ўсе паказчыкі абмеркавалі, паставілі задачы, якія неабходна вырашыць.


Да нас на працу прыйшло шмат моладзі, з якой звязваем надзеі на далейшы вытворчы рост і паляпшэнне фінансавага становішча гаспадаркі. Гэта Ірына Іотчанка (в.а. галоўнага ветурача), Аляксандра Катлячкова, ветфельчар, Яраслаў Варанцоў, брыгадзір фермы. Малады ў нас аграном, дарэчы, мясцовы, родам з Малеек – Сяргей Гарошка. Дзяніс Яшчанка працуе інжынерам па ахове працы і тэхніцы бяспекі, Аляксандр Несцярэнка выконвае абавязкі галоўнага энергетыка. Хачу пажадаць ім поспехаў, асабістага шчасця і здзяйснення задуманага, як і ўсяму калектыву КСУП “Пераможнік”. Спадзяюся, гэты год будзе больш спрыяльны і плённы для нас.


Гутарыла Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *