АСЦЯРОЖНА: бацькі…

Территория закона

Вялікую ўсё-такі ўладу і сілу мае “вогненная вада”: атручвае, калечыць, падпарадкоўвае розум. Не выстаіш – і чалавечае аблічча страціш, і разбурыш лёс. Стане нікчэмным, бессэнсоўным існаванне. Ну і што, калі без дзяцей. Затое з бутэлькай…  Але сёння нават самы заняпалы алкаголік добра ведае: пакуль ёсць запазычанасць перад дзяржавай, спакою яму не дадуць.


Сацыяльна справядлівая практыка, пачатак якой паклаў Дэкрэт №18, альтэрнатывы нядбайным не пакінула. Працаваць і плаціць! Так званыя абавязаныя асобы заўсёды ў полі зроку, пад пільным кантролем, “ганаровыя госці”  выязных пасяджэнняў каардынацыйнага савета па выкананні вышэйназванага дакумента. Першае, дарэчы, у гэтым годзе прайшло на базе   КСУП імя Жукава.


Доўг перад дзяржавай шасці чалавек, якія праходзяць тут перавыхаванне працай, склаў на першага лютага 65 мільёнаў 627 тысяч. Прычым амаль палова гэтых сродкаў (31 390 083 рублі) прыпадае  на   Аляксандра Смальцара, а сэнсу з  яго “працоўнай дзейнасці” мала. Таму і размова была кароткая: калі не зробіць належнага вываду – накіруецца, ужо ў трэці раз, у лячэбна-працоўны прафілакторый.


Такую ж долю можа зазнаць і Ніна Трошка, памер запазычанасці якой перавысіў 10-мільённую мяжу. А выхады на работу часцяком замяняюцца напоўненымі шклянкамі. Участковаму інспектару даручана ўзмацніць  за  гэтай “маці” кантроль.


Астранамічная сума (22 470 806 рублёў)  набегла таксама ў Валянціна Пратасава. І хаця старшыня сельгаспрадпрыемства гатовы пайсці насустрач: перавесці  яго са слесара  на больш высокааплатную работу, абавязаны не згаджаецца.  Матывы? Не надта хочацца высокі заробак дапаўняць большай адказнасцю…


Маладая жанчына 1983 года нараджэння, двое дзяцей якой са снежня знаходзяцца ў Асарэвіцкім сацыяльным прытулку, а адно ўладжана ў сям’ю, прайшла курс лячэння ад алкагалізму.  З’явілася надзея, што  абудзіцца і мацярынская душа, пераасэнсуюцца жыццёвыя прыярытэты. Кіраўнік адразу ж прапанаваў работу жывёлавода, ды з даручаным, на жаль, не справілася. Падвялі нядбайнасць, безадказныя адносіны. У выніку – зноў  у паляводчай  брыгадзе, дзе заробкі, як вядома, ніжэйшыя. На роздум, ці варта мяняць свае погляды і забыць шлях да былога,  у жанчыны засталося чатыры месяцы. Толькі пры станоўчых зрухах яна можа разлічваць на вяртанне дзяцей.


Размова ў гэты дзень з асобамі, якія загразлі ў п’янках, была жорсткай і канкрэтнай. У падтрымцы не адмоўлена тым, хто сапраўды  спрабуе вырвацца з заганнага круга.  Аднаму грамадзяніну будзе аказана гуманітарная дапамога, яшчэ аднаму – садзейнічанне ў афармленні дакументаў для звароту ў суд наконт аспрэчвання бацькоўства.


Аб рабоце па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей у нядобранадзейных сем’ях на тэрыторыі  Буркоўскага сельскага Савета расказала старшыня  Надзея Каробкіна. Мясцовыя структуры атрымалі  даручэнне ўзмацніць кантроль за яўкай на работу  абавязаных  асобаў –  толькі  ў  студзені зарэгістравана 10 прагулаў. Патрэбна  больш цесна  супрацоўнічаць, не парушаць механізм узаемадзеяння.


Наступнае выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета пройдзе на базе КСУП “Малажынскі”.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *