Гаспадыня фермы

Грамадства

Любімае ў народзе свята – Дзень жанчын – прыходзіць з яркімі сонечнымі промнямі і капяжамі, надзеямі і вясновым настроем. Здаецца, і дыхаецца лягчэй, і людзі навокал сталі больш уважлівымі і чулымі. І не мае значэння, дзе жывуць і працуюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва – у горадзе ці вёсцы, з гэтай парой года кожная звязвае перамены да лепшага. Праўда, у святочныя сакавіцкія дні  сельскія жанчыны па-ранейшаму звязаны з асноўным месцам работы, у іх не такія магчымасці для сустрэчы 8 Сакавіка ва ўрачыстых абставінах, але ж ад гэтага яно не становіцца менш жаданым. А для гаспадыні Карлаўскай фермы Валянціны Маісенкі Дзень жанчын – не толькі рабочы, але і звязаны з дадатковымі клопатамі. Патрэбна  павіншаваць сваіх сябровак, знайсці для кожнай добрыя словы, прасачыць, каб ніякіх здарэнняў не адбылося на вытворчасці


Яна адказвае і за калектыў, і за вынікі яго работы. І калі справы ладзяцца, выконваюцца даведзеныя планы, поспех раздзяляе з тымі, хто побач. Пагалоўе на Карлаўскай ферме ўтрымліваецца немалое – больш 800 галоў. Гэта і бычкі, і каровы з цялятамі. Сярэднясутачныя прывагі на дарошчванні і адкорме складаюць 700 – 750 грамаў. Даглядаюць буйную рагатую жывёлу і маладняк дзесяць чалавек. З кожным неабходна знайсці агульную мову, арганізаваць работу так, каб вытворчыя паказчыкі не зніжаліся. Валянціну Уладзіміраўну ў КСУП “Саўгас “Камарынскі” цэняць як добрага кіраўніка і арганізатара.


Ёй даводзілася працаваць на розных участках сельгасвытворчасці. Была брыгадзірам, бухгалтарам, узначальвала ферму, некалькі гадоў свайго жыцця аддала  “Сельгасхіміі”, і ўсюды выконвала ўскладзеныя абавязкі з уласцівым пачуццём адказнасці. У поўнай меры яе лідарскія якасці праявіліся на пасадзе загадчыцы Карлаўскай фермы.


Напярэдадні жаночага свята хочацца пажадаць Валянціне  Уладзіміраўне і ўсім працаўніцам гаспадаркі моцнага здароўя, асабістага шчасця, дабрабыту і кахання. Няхай добры настрой, удача, любоў, словы прызнання будуць не толькі  8 Сакавіка, але і ва ўсе дні года. Хто-хто, а сельскія жанчыны гэтага заслугоўваюць удвайне.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *