І зноў галоўны прыз ТРАПІЎ у ВеткУ

Грамадства

Нядаўна  ў  Брагіне адбыўся пяты міжраённы дзіцячы фестываль  эстраднай  песні  і  танца “Зорная карусель”.


Сёння ўжо можна гаварыць аб традыцыях і асаблівасцях дзіцячага фестывалю, які ў хуткім часе можа стаць міжнародным. Ва ўсякім разе задума ў нас такая ёсць. На наступны год запросім для ўдзелу ў конкурсе юных спевакоў і танцораў з суседніх рэспублік – Украіны і Расіі.  Перамовы з  прадстаўнікамі гэтых дзяржаў вяліся, спадзяюся, што мы яшчэ пачуем і пабачым таленавітых украінскіх і рускіх дзяцей на  брагінскай  сцэне.


Я не памылілася, калі назвала іх таленавітымі. Прытрымліваюся думкі, што ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі з’яўляюцца такімі, неабходна толькі займацца з імі скурпулёзна і настойліва. Хто прысутнічаў у зале раённага Дома культуры, дзе праходзіла мерапрыемства, пераканаўся ў гэтым.


Тэма фестывалю – “Музычны  серпанцін”. Арганізатарам  выступіў аддзел культуры, а заснавальнікам – Брагінскі  раённы  выканаўчы камітэт. Агляд-конкурс канцэртных праграм, сфарміраваных на базе мастацкай самадзейнасці дзіцячых калектываў устаноў культуры і адукацыі раёнаў Гомельскай вобласці і раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, праходзіў па наступных намінацыях: “Сучасная эстрадная песня”, “Сучасны эстрадны танец”, “Канферанс” (вядучыя праграм). Галоўны прыз – “Залаты ключ”. Ён уручаецца за самае цікавае выступленне  разам з каштоўным падарункам  і захоўваецца на ганаровым месцы ў пераможцаў да ўрачыстага адкрыцця наступнага фестыфалю ў 2012 годзе.


Сёлета ўдзел у конкурсе прынялі юныя таленты з Веткі, Калінкавіч (райцэнтра і Дудзіцкай школы мастацтваў), Хойнік (дзве каманды), а таксама Брагіна і Камарына. Неабходна адзначыць, што выканаўчае майстэрства дзяцей расце з кожным годам. Салісты з Веткі (гарадскі Дом культуры) выконвалі музычныя творы артыстычна і прафесійна. Прычым настолькі, што іх выступленне было не горшае, чым вядомых артыстаў сцэны. Дарэчы, галоўны прыз фестывалю – “Залаты ключ” – дастаўся творчаму калектыву з гэтага райцэнтра і зноў трапіў  у  Ветку. Можна толькі парадавацца за выкладчыкаў, якія з ім працавалі і рыхтавалі да ўдзелу ў конкурсе.



Не магу не адзначыць і танец “Купалінка”, які прадставіла на суд журы выхаванка  Асарэвіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Аксана Станевіча (адзначана дыпломам  трэцяй ступені).  Дзяўчынка адчувае рытм і музыку, стараецца  перадаць галоўную ідэю танца. Неабходна з ёй працаваць і далей, каб развіць закладзеныя прыродай здольнасці і талент.


У намінацыі “Сучасная эстрадная песня” першае месца раздзялілі Яна Грышаненка (Камарынская дзіцячая школа мастацтваў) і Надзея Акшасяк (Брагінская САШ). У  Андрэя Дзядкова (Брагінскі Дом дзіцячай творчасці) – другое месца. Дарэчы, дыплом другой ступені ён атрымаў і ў  намінацыі “Канферанс”, якім былі адзначаны таксама Ксенія Пятніцкая і Андрэй Пянько (Брагінская дзіцячая школа мастацтваў). У намінацыі “Сучасны эстрадны танец” першае месца прысуджана калектыву Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў,  другое – раённага Дома культуры.


“Каралевай эстрады” стала Марыя Пінчук з Калінкавіч, а “Каралём эстрады” – Уладзімір Захараў (Брагінскі Дом дзіцячай творчасці). Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся ўдзельнікам агляду-конкурсу Брагінскага РДК. Шкада, што ў нас у раёне не хапае кваліфікаваных спецыялістаў, якія б займаліся з дзецьмі, асабліва сельскімі, пастаноўкай голаса, танцаў, адточвалі майстэрства выканання, прывівалі густ. Таму і накіроўваецца другі год запар галоўны прыз у Ветку. А ён мог бы застацца ў Брагіне, як гэта было ў 2007-м.


Ліна ПЯТНІЦКАЯ,
начальнік аддзела культуры райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *