НЕ ЛІЧБАМІ АДЗІНЫМІ

Грамадства

Каб дакрануцца да таямніц прыроды, зусім неабавязкова ехаць за край свету. Гэта становіцца многім зразумела, калі ступаюць на багатую жывапіснымі краявідамі камарынскую зямлю. І, магчыма, менавіта гэтыя непаўторныя дняпроўскія прасторы ды велічныя калоны соснаў даюць тутэйшым жыхарам духоўныя сілы, пабуджаюць да напісання літаратурных твораў. Як, напрыклад, Вользе Маручок. Выходзіць, і жанчына, якая мае справу ў асноўным з лічбавай інфармацыяй, можа быць натурай рамантычнай і творчай.


Вольга Рыгораўна працуе  ў ДЛГУ “Камарынскі лясгас” вядучым эканамістам. Але складанне  вершаў – у вольныя хвіліны. На рабоце  ўся энергія і ўвага – гаспадарчай дзейнасці ўстановы.


А прыйшла ў лясгас жанчына менавіта ў той час, калі многія пакідалі акутаны чарнобыльскай хмарай раён  –  у 1986 годзе. І адразу ж зразумела: атрыманая ў тэхнікуме спецыяльнасць эканаміста яшчэ не гарантуе валодання тонкасцямі прафесіі. Усё патрэбна пачынаць з нуля, спасцігаць на практыцы і з гадамі. Добра, што дапамагалі і падтрымлівалі цудоўныя настаўнікі, якія ўжо зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку: былыя намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Валянціна Іванаўна Пашынская, галоўны ляснічы Мікалай Паўлавіч Мазалаў, інжынер лясной гаспадаркі Ганна Міхайлаўна Смірнова. І, вядома ж, сам кіраўнік – Уладзімір Іванавіч Пашынскі.


Старанна вучылася, цікавілася, унікала ў вытворчы працэс. І чым больш асвойвалася, тым больш шырокім станавілася кола клопатаў і абавязкаў, расла патрабавальнасць да сябе, зацікаўленасць у паляпшэнні фінансавага становішча ўстановы. Цяпер ужо сама дзеліцца набытым практычным вопытам, настаўляе маладую змену: толькі калі будзеш дбаць пра вытворчую кішэню, дабавіцца і ў асабістую. Ды на дасягнутым і цяпер Вольга Рыгораўна не спыняецца – дагэтуль імкнецца да самаўдасканалення. Тым больш, у час камп’ютарных тэхналогій.


Але што ўсё пра працу? Праз лічаныя дні ўсё-такі свята. І яго патрэбна сустрэць як належыць. Будуць віншаванні ад калег, сяброў, сваякоў. Прыедуць пагасцяваць з Мінска і двое сыноў. Таму ў доме, што акружаны лесам і размясціўся паблізу воднай гладзі, абавязкова накрыюць святочны стол. А па вуліцы разнясецца духмяны пах апетытнага шашлыку… 


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *