Планы амбіцыйныя, але рэальныя

Сельское хозяйство

У апошнія гады палявыя работы ў гаспадарках нашага раёна пачыналіся ў пачатку сакавіка. Сёлета, калі верыць народным прыкметам і прагнозам сіноптыкаў, вясна будзе позняя. А гэта азначае, што аптымальныя тэрміны сяўбы ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур будуць скарочаны. Часу для закладкі падмурку будучага ўраджаю прыродай адпушчана менш, а пасяўныя плошчы наадварот, павялічаны. Гэтую асаблівасць сёлетняй пасяўной неабходна ўлічваць усім:  і спецыялістам агранамічнай службы, і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.


План сяўбы яравых зерневых і зернебабовых  (з  улікам  дадатковага  задання) – 7486 гектараў,  што  больш мінулагодняга  на  1370. Калі  браць  у  разрэзе культур,  то  сітуацыя выглядае наступным чынам:  яравой  пшаніцы неабходна  пасеяць  766   гектараў,  трыцікале – 50, аўса – 2030, ячменю – 1972 гектары. Будуць адведзены плошчы пад проса (80 га), зернебабовыя  (1055 га). Кукуруза на зерне зойме 1513 гектараў, на зялёную масу – 6500. Сёлета на 50 гектараў пасадзім больш бульбы,  традыцыйную беларускую культуру размесцім   на  700-х  гектарах.


Больш пасеем кармавых караняплодаў, каб забяспечыць пагалоўе жывёлы сакавітымі кармамі. Цеплалюбівы  сланечнік таксама прыжыўся на брагінскіх землях. Сёлета яму падрыхтуюць 200 гектараў. Аднагадовымі будзе засеяна 1300, гароднінай – 100. У агульнай колькасці план  яравых  складзе 15 317 гектараў. З улікам таго, што восенню пасеялі больш азімых (на 2850 га), усяго зерневымі будзе занята 20 500 (83,3% ад ворыўных зямель). Гэта, у сваю чаргу, запатрабуе вышуквання дадатковых сродкаў і магчымасцяў для распрацоўкі нізкапрадуктыўных  сенажацяў,  ворыўных зямель  і  павелічэння пасяўных плошчаў.


У  гэтую  веснавую кампанію ад аграрыяў патрабуецца  высокая  арганізаванасць, дысцыпліна  і  дакладны разлік,  каб не  спазніцца з  тэрмінамі  сяўбы, правесці  палявыя  работы  якасна.  Іншага выйсця  ў  нас  няма, калі хочам  атрымаць добры  ўраджай  і  забяспечыць  грамадскі  статак  зернефуражом.


Дапамогу  акажа  і  дзяржава. Яна будзе заключацца ў патаненні насення, сродкаў аховы  і  льготнага крэдытавання.


Пётр БУХАВЕЦ,
галоўны  аграном  упраўлення
сельскай  гаспадаркі  і  харчавання



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *