Прафесіянал. Гэтым усё сказана

Грамадства

Жывеш у вёсцы – авалодвай некалькімі прафесіямі. Так вырашыў для сябе Васіль Шубянок, які з аднолькавым поспехам можа сёння эксплуатаваць і ротарную касілку, і зернеўборачны камбайн, і аўтамашыну. Вядома, пасля адпаведнай тэарэтычнай падрыхтоўкі і практычных навыкаў,  Набыць  якія пры жаданні не вельмі складана. Яно ў юнака было.


З вёскай Каманова звязаны яго юнацкія гады, там і зараз пражывае яго матуля. А сваю сям’ю Васіль Фёдаравіч перавёз у мінулым годзе ў в. Вуглы, дзе на  прасторнай вясковай вуліцы выстраіліся ў рад прыгожыя домікі для працаўнікоў КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”. Адзін з іх дырэкцыя выдзеліла яму.


У гэтыя зімовыя дні Васіль Фёдаравіч працуе вадзіцелем, разам са спецыялістамі зааветслужбы аб’язджае вытворчыя падраздзяленні, якіх у гаспадарцы нямала. Ды і знаходзяцца яны на вялікай адлегласці, паспець неабходна ўсюды. Праўда, занятак гэты часовы, да тае пары, пакуль пачнецца касавіца. А там ужо ў работу ўключыцца яго дзевяціметровая ротарная касілка. Будуць і высокая выпрацоўка, і ўмелая эксплуатацыя, і захаваная тэхналогія. Пакласці травы ў валкі неабходна з росамі, у раннія часы або вечарам. Вучыць аднаго з лепшых механізатараў і вадзіцеляў як што рабіць не патрэбна, сваю справу ведае.


Доўжыцца так будзе да пачатку жніва, якое Васіль Фёдаравіч праводзіць на замацаваным за ім камбайне КЗС-7. І таксама з уласцівымі яму стараннем і руплівасцю, забываючы  пра  адпачынак.  Словы падзякі, каштоўны падарунак па выніках работы за год будуць потым, калі пад апладысменты прысутных у зале членаў сельгаскааператыву будзе паднімацца на сцэну, каб атрымаць яго з рук дырэктара Анатоля Хадаска. А ў будні пра гэта думаць няма калі.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *