Тэхніка – на лінейцы гатоўнасці

Сельское хозяйство

Сёння інжынерная служба можа канстатаваць, што тэхніка да веснавых палявых работ гатова. Нічога дзіўнага і гераічнага ў гэтым няма, завершана звычайная работа, якую выканалі механізатары і наладчыкі, слесары пад кіраўніцтвам інжынераў і механікаў. Не без удзелу, вядома, кіраўнікоў гаспадарак, якія станам гатоўнасці сельгасмашын занепакоены не менш.  Машынна-трактарныя  паркі  сельгаспрадпрыемстваў  папаўняюцца штогод, ды і  майстэрні  абслугоўваючых арганізацый   аснашчаны сучаснымі прыборамі  і  абсталяваннем, так што з  падрыхтоўкай трактароў і прычапнога  інвентару няма такіх складанасцяў,  як  дзясятак гадоў таму.


У чым недапрацавалі, што ўпусцілі ці зрабілі не так, высветлілася ў працэсе ўзаемаправеркі, якая прайшла 11 і 12 сакавіка. Былі дадзены канкрэтныя ўказанні па ўхіленні недахопаў. Дарэчы, гэта не адзін такі экзамен перад выхадам у поле. У бліжэйшы час пройдзе такая ж узаемаправерка, але ўжо паміж раёнамі. Прадстаўнік нашага накіруецца ў Хойнікі, а ў Брагін прыедзе спецыяліст з Рэчыцы. Збоку, кажуць у народзе, відней. Калегі нешта падкажуць, параяць, глядзіш, і справы лепш пойдуць. Рыхтуюцца да прыезду гасцей на месцах таксама сур’ёзна, не хочацца перад суседзямі выглядаць нядбайнымі гаспадарамі. Карысць ад гэтых мерапрыемстваў ёсць.


Па-ранейшаму матэрыяльную падтрымку ў падрыхтоўцы да веснавой пасяўной кампаніі аказвае дзяржава. З абласнога бюджэту выдзелены сродкі на ўдзешаўленне рамонту энерганасычаных трактароў – набыццё фільтроў і масел на 24 адзінкі тэхнікі. Грошы паступілі на рахунак адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінаграсэрвіс”, якое правядзе тэхнічнае абслугоўванне сталёвых асілкаў. На сёння ў раёне трактароў маркі “Беларус-3022” налічваецца16 штук, адзін – “Беларус-2822”, два – “Беларус-2522”, пяць – “Беларус-2022”.
Плануем набыць па лізінгу (заява ўжо ляжыць у камітэце па сельскай гаспадарцы аблвыканкама) чатыры пасяўныя агрэгаты і столькі ж — апырсквальнікаў, тры энерганасычаныя трактары “Беларусь-3022”, пагрузчык “Амкадор”, восем машын для ўнясення ўгнаенняў, пратручвальнік насення і чатыры кукурузныя сеялкі. Выдзелены грошы і на закуп насення, сродкаў хімаховы. Робіцца ўсё для таго, каб сёлета значна павялічыць валавы збор зерневых і зернебабовых, іншых сельгаскультур, забяспечыць грамадскі статак зернефуражом.
Як пройдзе пасяўная, які падмурак закладуць будучаму ўраджаю з вясны, залежыць ад кожнага ўдзельніка гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі. Тое, што палявыя работы пачнуцца пазней, чым у папярэднія гады, відавочна. Як і тое, што часу на падрыхтоўку глебы,  сяўбу  адводзіцца менш. Значыць, давядзецца  манеўраваць тэхнікай, арганізоўваць работу  ў  дзве змены, мабілізоўваць наяўныя рэсурсы,  каб  не  ўпусціць аптымальныя тэрміны. Працаваць дакладна, як гадзіннік – такі прынцып сёлетняй кампаніі. Маецца на ўвазе зладжанасць у дзеяннях усіх служб. І тых, якія рыхтуюць і падвозяць насенне, і тых, якія выконваюць бягучы  рамонт, і непасрэдных удзельнікаў  пасяўной – механізатараў, якім даручана  загарнуць  у  глебу  адборнае  зерне.


Мікалай  СВІРЫДЗЕНКА,
галоўны  інжынер  упраўлення сельскай  гаспадаркі  і  харчавання



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *