Хлебароб з трыццацігадовым стажам

Грамадства

У мяне і сёння стаіць перад вачыма засеянае пшаніцай поле за ваколіцай в. Краснае, якое нагадвала разлінееную старонку школьнага сшытка, настолькі роўнымі былі на ім радкі пасля праходу камбінаванага агрэгата. А працаваў на гэтым участку адзін з лепшых механізатараў КСУП “Саўгас “Камарынскі” Аляксандр Леўчанка. У час чарговай сустрэчы з ім у дзень правядзення справаздачнага сходу ў гаспадарцы пацікавілася, ці добрая пшаніца вырасла, які ўраджай сабралі тут. Аляксандр Андрэевіч адказаў, што не ведае. Убіралі яравыя іншыя механізатары. Ды хіба запомніш, якая культура дала большую ўраджайнасць, якая – меншую. Раней ён адзін засяваў па 500 гектараў зерневых, а яшчэ ж даводзіцца рыхтаваць летам кармы. Так што ў полі зроку ўчасткі, на якіх працаваў вясной, утрымаць немагчыма.


Са з’яўленнем шыроказахопных камбінаваных агрэгатаў пасяўная праходзіць у лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Але ж гэта не выключае адданасці справе, дысцыпліны і самакантролю. Яны патомнаму хлебаробу з трыццацігадовым стажам уласцівы. Сёлета Аляксандр Андрэевіч выведзе свой “Беларус-2022” з агрэгатам нямецкай вытворчасці на саўгасныя палеткі пяты раз. Як сказаў у гутарцы з намі галоўны аграном, за ім яшчэ замацаваны адзін трактар – МТЗ-82. У зімовыя дні раздае кармы, якія назапашваў для грамадскага статка разам з іншымі трактарыстамі. Тэхніка ў добрым стане, што сведчыць аб акуратнасці і ўмелых руках Аляксандра Леўчанкі.


Камарынцы пачынаюць сяўбу ранніх яравых зерневых аднымі з першых у раёне. Землі ў іх такія, што кожны дзень пратэрміноўкі абернецца недаборам ураджаю. І пры гэтым дабіваюцца добрых вынікаў. У 2009-м, напрыклад, па такім паказчыку, як выхад зерня на бала-гектар, занялі ў абласным спаборніцтве другое месца. У гэтыя дні  прыступілі да падкормкі азімых, а плошча іх немалая, таму спяшаюцца. Крыху раней вывозілі арганіку, уносілі ўгнаенні пад сенажаці і пашу, рыхтавалі тэхніку, каб быць восенню і з хлебам, і з кармамі. Аляксандр Леўчанка працуе сумленна, з пачуццём адказнасці і надзеяй, што гэты год будзе спрыяльны для іх сельгаскааператыва. Будуць новыя перамогі і дасягненні, але не дзеля ўзнагарод выходзіць у поле сейбіт. Зямля кліча.


Ніна СІНІЛАВА


На здымку: механізатар КСУП “Саўгас “Камарынскі”  Аляксандр Леўчанка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *