З Расійскай імперыі ў Савецкую Беларусь

Грамадства

Сёння  кожнаму  школьніку вядома, што Брагінскі раён з’яўляецца адным з 21 раёна  Гомельскай вобласці Рэспублікі  Беларусь. Але так было далёка не заўсёды, і тэрыторыя сучаснай Брагіншчыны за  апошнія  100  год  уваходзіла ў  склад розных адміністрацыйных адзінак, больш таго, нават у склад розных дзяржаў. Дык паспрабуем прасачыць за тымі перапетыямі,  якія  зведала гэтая  зямля.


На пачатак ХХ ст. тэрыторыя сучаснага  Брагінскага раёна,  як і ўся Беларусь, знаходзілася  ў  складзе  Расійскай  імперыі, якая ў той час мела трохузроўневую структуру адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (губерня—павет—воласць). Землі Брагіншчыны былі часткай Рэчыцкага павета Мінскай губерні.


Ваенныя падзеі Першай сусветнай вайны, а потым і дзвюх рэвалюцый 1917 г., прадвызначылі глыбокія змены ў жыцці нашых продкаў. Складанасць сітуацыі была ў тым, што Беларусь доўгі час з’яўлялася арэнай баявых дзеянняў войскаў Германіі і Расіі, што і вызначала панаванне ваеннай адміністрацыі над грамадзянскай.


У выніку падпісання 3 сакавіка 1918 г. Брэсцкай мірнай дамовы паміж Савецкай Расіяй і Германіяй землі Брагіншчыны як часткі Рэчыцкага павета былі перададзены нямецкай акупацыйнай уладай Украіне. На гэтую тэрыторыю, акрамя Украінскай Народнай Рэспублікі, прэтэндавала і Беларуская Народная Рэспубліка, але распачатыя перамовы не прынеслі нейкіх вынікаў.


Ануляванне Брэсцкай дамовы і адыход нямецкіх войскаў каардынальна змянілі  сітуацыю. Прасоўванне бальшавіцкіх войскаў на захад забяспечыла адыход пад савецкую юрысдыкцыю беларускіх земляў, у тым ліку і Брагіншчыны.
Небяспека з боку Польшчы, а таксама намаганні камуністаў-беларусаў урэшце прывялі да рэалізацыі дэклараванага Леніным “права нацый на самавызначэнне” ў  адносінах да беларускага народа.


30 снежня 1918 г. на VI абласной канферэнцыі бальшавікоў было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускай ССР. Ужо на наступны дзень, 1 студзеня 1919 г., у  апублікаваным маніфесце Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі сцвярджалася: “Совместно с трудящимися народами России, Литвы, Украины и Латвии с сегодняшнего дня вы становитесь свободными и полноправными хозяевами свободной, независимой Белорусской Социалистической Советской Республики”. Так была створана БССР, куды і ўвайшла Брагіншчына.


Пётр БУХАВЕЦ,
магістар гістарычных навук, супрацоўнік дзяржархіва
грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *