БЕЗ ТЭРМІНУ ДАЎНАСЦІ

Грамадства

Шчодры на цяпло вясновы дзень. Сонечны і спакойны. Ды не наканавана яму было застацца такім у гісторыі. У свет вырваўся пранізлівы, безвыходны крык чалавечай душы…


Аб  сваёй  малой радзіме Уладзіслава Уладзіміраўна Пунчанка дагэтуль успамінае са шкадаваннем: “Якая была вёска! Цэнтр сельскага Савета, буйнога саўгаса. Чатыры магазіны, клуб, лазня, сталовая, булачная, яслі-сад… Сярэдняя школа, якая не змяшчала каля тысячы вучняў, працавала ў дзве змены. На месцы – і цырульнікі, і швачкі. Не параўнацца ніводнаму сучаснаму аграгарадку”.


І гэта толькі адзін з 48-мі населеных пунктаў раёна, у якія з-за чарнобыльскай навалы так і не вярнуліся людзі, – Астрагляды. Хто б мог падумаць, што за калючым дротам застануцца і ўрадлівыя землі, і квітнеючыя сады, і шчодрыя на прыродныя дары лясы.


У той трагічны 1986 год маці пяцярых дзяцей толькі паспела аформіцца на пенсію, а яе муж працаваў галоўным ветурачом у саўгасе “Астрагляды”. Як і заўсёды,  цёплай вясновай  раніцай жанчына выгнала на пашу карову, і  тут  жа прыкмеціла насупраць   дома  незнаёмых  людзей.  Завяла размову. З іх словаў і даведалася, што на Чарнобыльскай АЭС – выбух. А гэта, як выявілася, жыхары Калыбані. З сабою захапілі пашпарты ды грошы – і сюды. Такое было распараджэнне.


Ветлівая гаспадыня нават запрасіла  іх  у дом, на што прагучала адмова: “Хутка з’явіцца Злотнік, старшыня саўгаса, і нас завязуць назад”. У высяленцаў і ў думках не ўзнікала, што ў родную вёску больш не вернуцца. Ды ці і маглі тады ўвогуле прадбачыць увесь трагізм і маштаб катастрофы?


Дзеці Уладзіславы Уладзіміраўны на той момант ужо набывалі спецыяльнасці ў горадзе. А муж, Мікалай Сямёнавіч, на працягу некалькіх дзён знаходзіўся на адгоннай пашы, якраз недзе ў 15-ці кіламетрах ад Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Па дарозе да Астраглядаў пачалі рухацца аўтобусы, ваенная тэхніка… “Аб тым, што здарылася, гаварылі, хто, дзе і што пачуў, – на розныя лады. Нават на землетрасенне спасылаліся”, – прыгадвае перасяленка.


А тым часам у вёсцы размясціліся салдаты, ленінградскія ўрачы. “Літоўскія ваенныя нават ваду з сабой прывозілі, – працягвае Уладзіслава Уладзіміраўна. – Нічога з нашых садоў і агародаў не ўжывалі. Толькі любаваліся, асабліва – вінаградам і абрыкосамі, на якія вельмі шчодры быў той год. Паўсюль з’явіліся “чарнобыльскія” забароны. Затое магазіны запоўніліся ўсялякімі, дэфіцытнымі на той час, прадуктамі. І артыстаў сталічных на сцэне  якіх  толькі не пабачылі!”


Уздзеянне радыяцыі адным з першых адчуў на сабе муж Уладзіславы Уладзіміраўны: вярнуўшыся з пашы, пачаў скардзіцца на моцнае фізічнае недамаганне. Тры месяцы давялося правесці ў сталічнай і іншых гарадскіх бальніцах. “Ужо вось тры гады, – уздыхае, – як пайшоў з жыцця”.


А пра эвакуацыю і ўвогуле ўспамінаць балюча. “Каля   асобных  дамоў  машыны  і  па двое сутак   стаялі –  гаспадары  выязджаць  не  згаджаліся. Цалкам апусцела вёска толькі ў канцы лістапада. Многія, як і мы, трапілі ў Добрушскі раён.” І ўсю дарогу, ад роднага парога да новага месца жыхарства, з вачэй жанчыны ліліся слёзы…


З улікам таго, што Мікалай Сямёнавіч – спецыяліст запатрабаваны, далі сям’і прасторны дом, дапамаглі з хатняй гаспадаркай. Ды  кляймо “чарнобылькі” так і засталося – даймалі мясцовыя жыхары, не атрымлівалася наладзіць чалавечыя адносіны нават з суседзямі. Прыстасавацца да змен у большай ступені не дазваляў псіхалагічны бар’ер. Таму, калі старшыня  калгаса “Чырвоная ніва” Іван Васільевіч Кулай прапанаваў ветурачу працу ў сваёй  гаспадарцы, доўга раздумваць не сталі. На Брагіншчыну згадзіліся вярнуцца з радасцю.
Два гады, да чарговага этапа адсялення, пажылі  ў Вязку, а потым, па прапанове Івана Васільевіча, перабраліся ў Кавалі. І на душы неяк пасвятлела. “Гасцінныя, шчырыя,  працалюбівыя людзі. Нават родная гаворка грэе. На чужыне, – разважае Уладзіслава Уладзіміраўна, – даўно памерлі б ад тугі”. А тут сямейная пара справіла залатое вяселле.


Стаць непрыметнымі ў агульнай масе насельніцтва чыстых тэрыторый перасяленцам так і не ўдалося. Занадта моцная цяга адзін да аднаго. “З розных куточкаў дагэтуль тэлефануюць, цікавяцца справамі землякі. Некаторыя, калі прыязджаюць, спыняюцца ў мяне на начлег. А ў дзень Радуніцы бачуся і са сваімі выхаванцамі – многіх ужо і не пазнаю, падыходзяць самі”. Чатырнаццаць год адпрацавала ў Астраглядах Уладзіслава Уладзіміраўна нянечкай у яслях-садку.


Відаць, як няма тэрміну  даўнасц і ў  Чарнобыля, так  і  ў адносінах паміж тымі, каго ён разлучыў, прымусіў жыць па сваіх правілах і законах.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *