ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ СТАБІЛЬНУЮ БУДУЧЫНЮ

Грамадства

Заўсёды перад гадавінай сумнай падзеі —  аварыі на ЧАЭС — наш раён наведвае шмат дэлегацый, пасадавых асоб, гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Гэта не павінна здзіўляць ці раздражняць —  Брагіншчына мае неацэнны вопыт у пераадоленні наступстваў катастрофы. Людзі, што жывуць тут, не пакарыліся, не падпарадкаваліся  мірнаму атаму. У свой час ішло шмат спрэчак  — ці быць раёну? Таму і не здзіўляе тагачасны  “чамаданны” настрой  многіх.  І дзяржаўная палітыка, і навуковы падыход былі ў адным — на тэрыторыях, у значнай ступені забруджаных радыенуклідамі, жыць нельга.



Зараз прыярытэты  змяніліся, прайшоў значны час, многія землі рэабілітаваны і ўведзены ў севазварот, людзі працуюць дзеля будучыні сваёй і сваіх дзяцей. Аб гэтым сведчыць адроджаны край: дагледжаныя палі і фермы, краны на новабудоўлях, смех дзяцей, песні ў выкананні калектываў мастацкай самадзейнасці. “Але вы вельмі правільна робіце, што захоўваеце памяць аб тых падзеях, — адзначыў падчас рабочай паездкі на Брагіншчыну намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Калінін. — Гэта наша гісторыя, лёс краіны і памяць”. У гістарычным музеі з карціннай галерэяй візіт завяршаўся. А быў ён насычаным.


20 красавіка Анатоль Мікалаевіч наведаў, акрамя Брагіна, і Камарын. У першую чаргу гасцей сустракалі на новабудоўлі — узводзіцца васьмікватэрны дом, куды будуць пераселены сем’і з аварыйнага жылля. Прама на пляцоўцы, дзе закладваецца падмурак, абмяркоўваліся цэны ў будаўніцтве, імпартазамяшчэнне. Адзначана, што павінны выкарыстоўвацца  матэрыялы і сыравіна айчыннай вытворчасці, а камплектуючыя — імпартныя толькі ў тым выпадку, калі ім няма аналагаў у Беларусі. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Ятчанка заўважыў, што не можа не радаваць змяненне падыходаў да будаўніцтва ў раёне, тое, што мясцовая МПМК-91 пры аднолькавай колькасці працуючых выконвае значна большыя аб’ёмы работ, чым раней.  Вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці, што таксама ўсяляе аптымізм.


“У наш час неабходна, каб усё было эканамічна абгрунтавана. Патрэбна яшчэ раз перагледзець затраты, аптымізаваць іх. У будаўніцтве ўсё пачынаецца з майстра, з прараба —  ад іх залежыць вельмі многае”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.


На  ўчастку Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка аб перапрацоўцы мелкатаварнай драўніны, якая нарыхтоўваецца на забруджаных тэрыторыях, расказваў  дырэктар Пётр Кудан. Акрамя гэтага, ён паведаміў і аб флоры і фауне запаведніка, праектах, якія распрацоўваюцца. У прыватнасці, тут займаюцца конегадоўляй, пчалярствам. І, як заўважыў Пётр Міхайлавіч, пры вытворчасці мёда не зафіксавана ні аднаго выпадку перабольшвання ўтрымання радыенуклідаў, прадукцыя адпавядае нормам РДУ.


У кацельні былі разгледжаны пытанні пераводу аналагічных аб’ектаў на мясцовыя віды паліва. Тут  выкарыстоўваюць драўляную шчэпку. Гэта дае эканамічны эфект, дарагі газ ідзе на ацяпленне толькі ў выпадку моцных маразоў. Ёсць і рэзервы: калі паліва нарыхтоўваць самім, то замест 74 тысяч рублёў за кубічны метр яно будзе каштаваць 48-50.


У магазіне “Белая Русь”  высокага госця сустракалі намеснік старшыні праўлення Гомельскага аблспажыўтаварыства Наталля Васілеўская і старшыня раённага спажывецкага таварыства Святлана Чэкан. У тым, што перспектывы развіцця прыдарожнага сэрвіса ў раёне ёсць, Анатоль Мікалаевіч пераканаўся. Задумы прадстаўнікоў гандлю  рэальныя, абгрунтаваныя і пры пэўнай падтрымцы ажыццявімыя. Яны прынясуць прыбытак і галіне, і раёну.


“Я не пабачыў тут сумных твараў  ці нейкай разгубленасці. Раён мэтанакіравана развіваецца. Можна зрабіць выснову, што нездарма за гэты час на ўсе мерапрыемствы, звязаныя з ліквідацыяй паследкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у рэспубліцы затрачана 280 мільярдаў долараў, –  адзначыў віцэ-прэм’ер. – Патрэбна і надалей працаваць так, каб забяспечыць стабільную будучыню пацярпелых рэгіёнаў”.


Усё залежыць ад нас. Роднаму краю, разам з якім мы перажылі чарнобыльскую навалу, патрэбен клопат рук і шчырасць сэрцаў. І няхай і надалей адорвае сонца сваімі промнямі людзей, квітнее і радуе шчодрымі ўраджаямі зямля, на якой не будзе месца тэхнагенным катастрофам.


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *