ГОРЫЧ палын-травы

Грамадства

Маёй маленькай радзіме – вёсцы Савічы і яе жыхарам прысвячаю.


Сёлета, як і 25 год таму, Вялікдзень амаль супаў  з горкім  чарнобыльскім   юбілеем, адзіным, які нам не патрэбен. Запаліла  свечку, і пакуль яна гарэла, успомніла, узважыла, ацаніла ўсё да драбніц, да апошняй кроплі. Наша жыццё красавік 1986 года раздзяліў на “да” і “пасля” Чарнобыля. Зараз няма ўжо ні роднай хаты, ні грушы каля яе, і, на жаль, маці і бацькі.


Тая жахлівая ноч скалечыла маё светлае і казачнае ўспрыманне Сусвету, забрала маленькую радзіму, раскідала землякоў па белым свеце, спустошыла людскія душы, зрабіла небяспечным усё роднае і дарагое, што яднала Чалавека і Прыроду, было неад’емнай часткай жыцця. Я баюся ехаць туды, дзе прайшло маё дзяцінства.


Запякаецца боль Чарнобыля,
Як малітва на вуснах веку,
Ды нязменнай усё адно была
Чалавечнасць у чалавеку.
Неспакоем-тугой аб родным
Апякае той боль шточасна,
Боль Чарнобыля – боль народны,
Боль Чарнобыля – мой уласны…
Дык няхай жа ў сілу кратную
Ён абернецца неўзабаве…
Кружыць бусел над кінутай хатай –
Жыццё правіць.
Не збаюся нябачных рантгенаў,
Што другіх прымушаюць сівець.
Перад вёскай схілю я калені…
Вы павінны мяне зразумець.


Пасля смерці мамы больш ніколі не была ў вёсцы. Няхай у  памяці Савічы застануцца ў белым вэлюме садоў, з любімай школай у засені ліп і бяроз, якія мы самі садзілі і дзе ў кожнага было сваё дрэва. З мамінай вішняй пад вокнамі і морам кветак у гародчыку, якія цвілі з ранняй вясны да позняй восені, з грушай, якая вымахала амаль роўная з хатай, але не радзіла. 


Бацька аднойчы ўзяў сякеру і прыстрашыў: ”Як не зацвіцеш – зрублю на дровы”. А вясною груша стаяла нібы прыгажуня-нявеста. Такіх смачных груш ні ў кога не было.


Мае дарагія землякі пасля перасялення кожную хвілінку ў думках хадзілі па родных сцяжынках, а калі станавілася зусім невыносна, ехалі за сотні кіламетраў, каб пабываць на родным падворку, прайсці праз зону. Не забуду размову ў аўтобусе гадоў праз некалькі пасля высялення. Шафёр: “Во, ездзяць гэтыя перасяленцы туды-сюды. Грошы за хаты атрымалі, то і сядзелі б на месцы!”. І поўны роспачы адказ яшчэ не старога, але ссівелага і прыгорбленага мужчыны: “Сынок, я гэтыя грошы аддаў бы і яшчэ столькі ж у дадатак, каб усё вярнулася назад”. У аўтобусе павісла цішыня.


Зноў збіраюцца птушкі ў вырай
Ім са шляху свайго не звярнуць.
Прапусціце мяне, вартавыя,
На зямліцу маю хоць зірнуць…


Людзі не хацелі адсюль выяз-джаць. Толькі потым даведаліся, што чыноўнікі перастрахаваліся. А колькі лёсаў было зламана! Вяскоўцы развітваліся адзін з адным, як з нябожчыкам. Мама расказвала, як наша суседка нарвала кветак у гародчыку, пакланілася ўсім, села ў машыну і заспявала. Гэта быў спеў-галашэнне. Хіба ж такое забудзецца?


Бабуля Наталка пераехала з дачкой і сынам у Чэрвеньскі раён і там памерла ад нуды па родным куточку, па доме, які сама, без мужа будавала.


У слязах бабуля цалавала,
Бы ў лоб нябожчыка, парог,
Адчувала, сэрцам адчувала:
Не таптаць дзяцінства больш мурог.


А ўжо 3 мая ў Сяльцы з’явіліся перасяленцы з в. Крукі.  Яны былі як аглушаныя, разгубленыя. 7 мая аб’явілі, што ўсіх, у каго малыя дзеці, будуць вывозіць. Усю ноч прачакалі, сядзелі апранутыя, а назаўтра паехалі да родзічаў у Гомель. Потым нас разам з усімі вывезлі ў Мінскую вобласць, у санаторый “Баравое”.


Мае родныя Савічы стаялі на мяжы 30-кіламетровай зоны. Ва ўрадзе доўга думалі: выселяць  – не высяляць. Гэта была адна з самых вялікіх і прыгожых вёсак у раёне, цэнтр аднайменнага саўгаса. Сярэдняя школа, сельскі Савет, кантора, бібліятэка, клуб, сажалка з вербамі, дзіцячы сад, сталовая, некалькі магазінаў, лясніцтва, шырокія, прыамыя вуліцы, якія патаналі ў квецені садоў – жыві і радуйся.


…Тады таксама была вясна. Як ніколі цёплая, сухая, нейкая па-асабліваму сонечная. Жыхары вёскі рыхтаваліся да Вялікадня, Першамая, шчыравалі на зямлі. Якраз у той дзень, 26 красавіка 1986 года, мы садзілі бульбу. Распрануліся, падстаўляючы незагарэлыя з зімы спіны ласкаваму сонейку. Весела заліваліся птушкі, вось-вось гатовы былі сыпануць бела-ружовай замяццю сады, бегалі дзеці. Яшчэ ніхто нічога не ведаў, не ведаў і не здагадваўся, што свет раскалоўся, што ўжо крочылі ў бяссмерце і вечнасць наш зямляк Васіль Ігнаценка і яго сябры-пажарныя…


Валянціна БОНДАР



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *