ГУЧЫЦЬ ДУША Ў ПЕСНІ

Грамадства

Дзе яшчэ пачуеш задушэўнае выкананне народных песень, сустрэнеш захавальніц самабытнага фальклору, як не на раённым аглядзе-конкурсе “Брагінская музычная вясна”! Кожны калектыў адрозніваецца і манерай выканання, і рэпертуарам, і адносінамі да культурных традыцый сваіх продкаў. З вялікім хваляваннем выходзяць  самадзейныя артысты на  сцэну, каб  перадаць  пачуцці  тых,   пра каго  скла-дзены песні і балады. Гэта не можа не кранаць гледачоў, таму ўсе нумары канцэртнай праграмы заключнага канцэрта сустракалі гарачымі апладысментамі. Гучалі і любімыя мелодыі па заяўках слухачоў.


Раённы агляд-конкурс мастацкай сама-дзейнасці “Брагінская музычная вясна” быў па ліку дзявяты. Праводзіцца ён з мэтай выхавання духоўна-маральных якасцяў, пачуцця патрыятызму, любові да Радзімы сродкамі мастацкай творчасці. Павышаецца ўздзеянне культуры на развіццё грамадскай актыўнасці насельніцтва раёна, а таксама ўзровень выканаўчага майстэрства. У рэпертуары артыстаў з’яўляюцца новыя творы беларускіх аўтараў.


Заснавальнік конкурсу — раённы выканаўчы камітэт, арганізатар – аддзел культуры. Пры падвядзенні вынікаў улічваліся выканаўчае майстэрства, ідэйнасць, разнастайнасць жанраў, тэматычная накіраванасць праграм, а таксама колькасны склад удзельнікаў і сцэнічная культура.У заключным канцэрце, які адбыўся напярэдадні Дня Перамогі, удзельнічалі лепшыя.


На сцэне раённага Дома культуры – вясковая хата з уласцівым беларусам каларытам. Гасцінныя гаспадары запрашаюць моладзь на вячоркі. Песні, танцы, жарты – усё, як у гады маладосці нашых дзядоў, бацькоў. Калектыву Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра, які прадставіў тэатралізаванае дзейства, удалося перадаць атмасферу добразычлівасці, душэўнай цеплыні і весялосці, якія панавалі на такіх вось вечарах адпачынку і ўласцівы беларусам як нацыі. Менавіта ён заняў першае месца ў намінацыі “Калектывы”, быў адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама і каштоўным падарункам. Іх атрымалі таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Малажынскага цэнтра культуры і вольнага часу (другое месца) і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Брагіна (трэцяе месца).


У намінацыі “Хор” адзначаны самадзейныя артысты раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, якім прысуджана другое месца.


Сярод вакальных народных груп месцы размеркаваліся так: першае – Чамярыскі цэнтр культуры і вольнага часу, другое – Бярозкаўскі сельскі клуб, трэцяе – Чамярыскі вучэбна-педагагічны комплекс і Кіраўскі сельскі клуб. Сярод фальклорных народных груп пальма першынства дасталася спевакам Асарэвіцкага Дома народнай творчасці, другога месца ўдастоіліся выканаўцы народных песень з Зарэчча, трэцяга – Новаіялчанскага сельскага клуба.


Інструментальны ансамбль Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў стаў лепшым у аднайменнай намінацыі, на другім месцы – іх калегі з Камарына.


Сярод танцораў лідарамі прызнаны прадстаўнікі дашкольнага цэнтра развіцця Брагіна. Другое месца заваявалі выканаўцы сцэнічнага танца Чамярыскага вучэбна-педагагічнага комплекса. Сярод салістаў першае месца раздзялілі Ігар Сініла (Брагінская дзіцячая школа мастацтваў) і Святлана Корхава (Брагінскі Дом дзіцячай творчасці); другое – Іван Корхаў (Брагінскі Дом дзіцячай творчасці) і Алена Чуланава (Рыжкаўскі сельскі клуб). Трэцяе месца прысуджана салістам Таццяне Лысенцы (Кіраўскі сельскі клуб) і Алегу Раманюку (Буркоўскі цэнтр культуры і вольнага часу). У намінацыі “Чытальнік” адзначана На-дзея Мялешка (гістарычны музей з карціннай галерэяй).


Усе яны атрымалі граматы раённага Дома культуры і каштоўныя падарункі. Журы агляду-конкурсу заахвоціла прызамі дзіцячыя калектывы, якія прынялі ўдзел у “Брагінскай музычнай вясне”. Спонсарамі выступілі раённы выканаўчы камітэт,  РК грамадскага аб’яднання “БРСМ”, аддзел па справах моладзі райвыканкама.


Закончыўся  канцэрт песняй “Дзень Перамогі” ў выкананні Ігара Сінілы. Яму падпявалі і апладзіравалі стоячы.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *