…І КВЕТКАМІ ЎПРЫГОЖЫЛА Б УСЮ Беларусь

Грамадства

Масты сяброўства пасёлкаў Міхайла-Кацюбінскае, што на Чарнігаўшчыне, і Камарына прывялі на Брагіншчыну  і карэспандэнта штодзённай украінскай “Рабочей газеты” Алега Гуменюка. Рэпартажы пра славутыя традыцыі, гасціннасць і добразычлівасць беларусаў выклікалі жывы інтарэс у нашых суседзяў. Як працяг тэмы ўвазе чытачоў выдання было прапанавана інтэрв’ю з намеснікам старшыні Брагінскага райвыканкама Ганнай Мікалаеўнай Бабрынёвай, пасля якога жанчыне-кіраўніку пачалі прыходзіць лісты. Адны выказвалі захапленне  нашай краінай і яе людзьмі, другія – прапаноўвалі свае паслугі як спецыялістаў. А  Ніна Канстанцінаўна Надзеіна з Данецка і ўвогуле здзівіла: паабяцала ў падарунак прывезці кусцікі хрызантэм, якія зімуюць у грунце, высаджваюцца ў чэрвені і цвітуць з верасня да самых маразоў. Тэхналогія іх вырошчвання, як запэўнівала, не абцяжарваецца навуковымі метадамі. “У чэрвені планую, – заканчвала аўтар пісьма, – прыехаць у Беларусь”.


Ды ў магчымасць ажыццявіць такую задуму слаба верылася: і няблізкая адлегласць, і мытныя кантролі, і немалады ўзрост – жанчыне ўжо 73 гады.  Таму і не дзіўна, што прыезд на Брагіншчыну Ніны Канстанцінаўны не толькі стаў прыемнай нечаканасцю, але і выклікаў пачуццё захаплення яе мэтанакіраванасцю і бескарыслівасцю. На такі высакародны крок, ды яшчэ насуперак устаноўленым паміж краінамі межам, здольны толькі чалавек светлых намераў і шырокай душы.


Як і паабяцала, прывезла Ніна Канстанцінаўна ў падарунак намесніку старшыні райвыканкама кветкавую расаду: хрызантэм і газаній, якую Ганна Мікалаеўна перадала на клумбы Брагіна. А  працоўны кабінет ўпрыгожыла пунсовая фуксія. Усе гэтыя расліны “прыехалі” разам з гаспадыняй і яе сяброўкай Валянцінай Міхайлаўнай Бакай на грамадскім транспарце.


Адкуль жа такая любоў да Беларусі? Самыя лепшыя ўражанні аб нашых земляках склаліся яшчэ ў пасляваенны час, калі на кватэры ў Ніны Канстанцінаўны жылі  ўраджэнцы Магілёўскай вобласці. Разам падымалі народную гаспадарку з руін. А потым украінку як родную неаднойчы прымалі ў сваім доме беларусы. Дагэтуль нашу рэспубліку лічыць сваёй: “Беларусь, Украіна і Расія, як тры славянскія сястры, павінны жыць у дружбе і згодзе”.


Па спецыяльнасці, дарэчы, Ніна Канстанцінаўна – вучоны-аграном, кветавод-агароднік. Яе працоўная дзейнасць прайшла на пасадзе дырэктара падсобнай гаспадаркі, якая спачатку спецыялізавалася на вырошчванні садавіны і гародніны, а з цягам часу асвоіла і новыя віды дзейнасці. Апрача цяпліц, з’явіліся адкормачны комплекс, аранжарэя, кансервавы завод… І як, здаецца, з усім гэтым спраўлялася кіраўнік-жанчына? Магчыма, таму, што сама не прывыкла ісці па жыцці без клопатаў і мітусні, веры ў свае сілы і магчымасці, лёс зводзіў яе з такімі ж працалюбівымі, аптымістычнымі людзьмі. Гэта, відаць,  і  не дазволіла развітацца з маладосцю: хіба адпавядае яе знешні выгляд пашпартнаму ўзросту? Яснаму позірку, жыццярадаснасці, жаночай прывабнасці можна толькі па-добраму  пазайздросціць. Як, дарэчы, і выпрацаваным жыццёвым прынцыпам: займацца справай, якая па душы, не паддавацца негатыўнай інфармацыі, з любой сітуацыі атрымліваць карысць, несці дабро і радасць іншым.


Уражаныя цёплым прыёмам, госці з Украіны паспелі пабываць у Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй, тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Не хавалі сваіх эмоцый: “Тут працуюць людзі чыстых думак і адкрытай душы”. “Каб была магчымасць, – дадала Ніна Канстанцінаўна, – я б усю  Беларусь упрыгожыла кветкамі”. І выказала жаданне прыехаць сюды яшчэ –  прывезці  расаду  для аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў: “Вельмі хочацца міласэрнасць, шчырасць і спагаду яго супрацоўнікаў дапоўніць сваімі яркімі і пахучымі суквеццямі”.


Застаецца толькі дадаць: добрым людзям беларусы заўсёды рады.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *