ДА ЗДАРОЎЯ – ПРАЗ СПОРТ

Спорт

“Жадаем  моцнага здароўя..” – такімі  словамі  мы дапаўняем  амаль кожнае віншаванне. Сапраўды, здароўе – гэта неабходная ўмова шчаслівага жыцця любога чалавека, тое, без чаго не прынясуць задавальнення ні грошы, ні каханне, ні поспехі на прафесійнай лесвіцы. Але як зберагчы і ўмацаваць здароўе, якое і так паслаблена з-за не вельмі спрыяльных экалагічных умоў? Адказ на гэтае  пытанне ведаюць вучні Хракавіцкай сярэдняй школы, якія нават падчас летніх канікулаў  не забываюць пра падтрыманне сваёй фізічнай формы, наведваючы секцыі  і прымаючы ўдзел у валанцёрскім руху.


Наша з вамі здароўе залежыць ад разнастайных фактараў: знешніх і ўнутраных, прыродных і сацыяльных, касмічных і г.д. Кожны з іх штодзённа ўздзейнічае на наша самаадчуванне і працаздольнасць. Навукоўцы сцвярджаюць, што найбольш на чалавека ўплывае лад жыцця (амаль 50%). Гэта рэжым працы і адпачынку, фізічная і разумовая актыўнасць, харчаванне, загартоўванне арганізма, культура адносін і зносін, шкодныя звычкі і г.д. На 20% стан здароўя залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя, і столькі ж прыпадае на спадчыннасць, а астатнія 10% – уздзеянне сістэмы аховы здароўя. Такім чынам, наш самы каштоўны дар – у нашых руках. А здаровы лад жыцця фарміруецца з дзяцінства. Гэтаму спрыяе і сям’я, і школа, і традыцыі жыцця ўсёй краіны. Для гэтага будуюцца спартыўныя школы, лядовыя палацы, ствараюцца валанцёрскія арганізацыі і секцыі па інтарэсах.


У Хракавіцкай сярэдняй школе традыцыйна працуюць спартыўныя секцыі па валейболе, баскетболе, тэнісе, футболе. Іх наведваюць каля 46% вучняў, якія ўдасканальваюць свае ўменні ў тым ці іншым відзе спорта. Многія школьнікі аддаюць перавагу розным спартыўным гульням адначасова. На працягу ўсяго навучальнага года яны маглі наведваць спартыўны зал амаль кожны дзень з 18 да 20 гадзін, дзе іх чакалі не толькі трэніроўкі, але і займальныя гульні з аднагодкамі, а таксама з былымі выпускнікамі школы. Гэта спрыяла прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх.  Дзеці мелі магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і задаткі ў галіне фізічнай культуры, навучыцца наладжваць адносіны ў камандзе, годна выйграваць і прайграваць. Разам з гэтым  значна ўмацавалася і здароўе школьнікаў: яны сталі менш хварэць,  узровень наведвання заняткаў прыкметна павысіўся.


Адметна тое, што да спорта цягнуцца не толькі вучні, але і іх бацькі, якія імкнуцца паўдзельнічаць у спартландыях, што праводзяцца ў сценах роднай школы. Кожнае такое мерапрыемства становіцца святам радаснага настрою, добрага самаадчування і зарадам бадзёрасці на ўвесь дзень. Дзецям заўсёды цікава пазмагацца ў коле сваёй сям’і, дзе яны адчуваюць сябе часткай адзінага цэлага. Гэта надае ім упэўненасці ў сваіх сілах, дапамагае пераадольваць цяжкасці, стварае пазітыўную ўстаноўку на здаровы лад жыцця.


У многім такі інтарэс да спорту абумоўлены і асобай настаўніка фізкультуры. Малады спецыяліст Сяргей  Лісянкоў, выпускнік 2005 года гэтай жа школы, працуе ўсяго год, але за гэты кароткі час здолеў зацікавіць вучняў сваімі заняткамі. Настаўнік не толькі трэніруе школьнікаў, але і сам далучаецца да разнастайных спартыўных змаганняў, тым самым паказваючы станоўчы  прыклад сваім вучням.


Актыўна ўдзельнічаюць у спартыўным жыцці школы і раёна вучні Раман Літвіненка і Мікалай Малочка, займаючы прызавыя месцы як у асабістым першынстве, так і ў складзе каманды. Сёлета зборная школы заняла першае месца ў раённых спаборніцтвах па баскетболе. На абласным узроўні з поспехам прадставілі Брагіншчыну ў складзе раённай каманды Юлія Малочка, Алёна Рыжая, Марыя Прахарэнка, Алена Мікалаева, Вольга Ямцова.


Радуе тое, што ўжо на працягу некалькіх гадоў выпускнікі школы працягам сваёй адукацыі выбіраюць факультэт фізічнай культуры  Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна.


Сучасны навукова-тэхнічны свет патрабуе высокага тэмпу зносін і абмену інфармацыяй. Для гэтага чалавеку неабходны не толькі разумовыя, але і фізічныя сілы. Узрастае каштоўнасць здароўя.  Таму  давайце будзем яго берагчы і разумна ўмацоўваць, каб адчуваць упэўненасць у сабе, забяспечыць доўгае і актыўнае жыццё.


Ірына МАХНАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *