І вяскоўцы, і гараджане жывуць сёння адным: хутчэй убраць вырашчанае

Грамадства

Большая палова хлебнага поля на сёння ўбрана. З плана 13 922 зжата і абмалочана 7990 гектараў зерневых і зернебабовых, што складае 57%. Усе экіпажы, а іх уключылася ў работу з пачатку жніва 58, змагаюцца за высокія намалоты. Зазначу, што галоўнае — не тэмпы, а якасць палявых работ. Намеснік прэм’ер-міністра Валерый Іваноў падкрэсліў, што за няякасную ўборку зерневых перадавікі будуць здымацца з рэспубліканскага спаборніцтва. Галоўны паказчык сёлетняга жніва – змяншэнне страт. Той, хто ўбярэ зерневыя першым, накіруецца на дапамогу ў суседнія гаспадаркі. Так было заўсёды.


Кожны год машынна-трактарныя паркі гаспадарак  папаўняюцца новай тэхнікай. Не выключэнне і сёлетні. У раён прыйшло восем камбайнаў “Палессе 1218”, больш дасканалых па сваіх тэхнічных параметрах. Двухбарабанныя прыгажуны айчыннай вытворчасці якасна абмалочваюць зерневыя культуры.  Выдзелілі  іх  не  толькі  сельгаспрадпрыемствам, але і ААТ “Брагінаграсэрвіс”, якое па чарзе працуе ў гаспадарках раёна, каб хутчэй убраць вырашчанае.


Рашэннем райвыканкама дапамогу вяскоўцам у такі напружаны час аказваюць абслугоўваючыя арганізацыі, ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, КЖУП “Брагінскае”, Брагінскі філіял КУП “Гомельаблпаліва”.


Зжатыя і абмалочаныя участкі вызваляюцца ад саломы. Іх неабходна рыхтаваць  для  сяўбы азімага рапсу. Задзейнічана 39 прэс-падборшчыкаў, створаны спецыяльныя атрады, якія ўпарадкоўваюць салому. Вядзецца лушчэнне ржэўніку, а ўжо праз 10-12 дзён пачнецца асноўная апрацоўка глебы, як гэтага патрабуе тэхналогія, унясенне мінеральных угнаенняў і сяўба. Да дзясятага жніўня плошчы пад рапс неабходна падрыхтаваць. Адводзяць яму 3500 гектараў. Сёлета да ўборкі засталося 2579 гектараў рапсу, хаця пасеяна было 3521. Валавы збор склаў 3856 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 15 цэнтнераў з гектара. Закупачная цана на яго павялічана. Больш чым па 500 тон рапсу прадалі КСУП імя Жукава,“Чамярыскі”, 434 тоны – КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” і 400 тон – КСУП “Саўгас “Камарынскі”. Рэалізацыя каштоўнай сыравіны будзе працягвацца.


Адначасова з уборкай ідзе падрыхтоўка насеннага матэрыялу пад ураджай будучага года. Неабходна засыпаць 3486 тон, таму работа на зернетаках арганізавана ў дзве змены.


Пётр БУХАВЕЦ,
галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *