КОЖНЫ ДЗЕНЬ БЫЎ ЯРКІМ І НЕЗАБЫЎНЫМ

Грамадства

Пачынаючы з 2006 года, у маляўнічым месцы на беразе Дняпра кожнае лета хлопчыкаў і дзяўчынак збірае палатачны лагер “Новы бераг”. І  пакуль што ў Беларусі яму няма аналагаў –  арганізатарамі з’яўляюцца хрысціяне, людзі, якія ідуць па жыцці з верай у Бога.


Спачатку на прапанову пастара евальгельскай царквы “Благодать” Юрыя Куніцкага адгукнуліся райвыканкам, камісія па справах непаўналетніх, аддзел адукацыі, аддзел па справах моладзі, РК ГА “БРСМ”. Потым да іх далучыліся іншыя зацікаўленыя арганізацыі. А на гэты раз у рабоце лагера прынялі ўдзел і праваслаўныя святары – айцец Ігар, настаяцель прыхода Свяціцеля Мікалая Цудатворца (г.п. Брагін), і айцец Марк, настаяцель Спаса-Прэабражэнскага храма (в. Сялец).


Асноўная задума  –  зрабіць дзіцячы адпачынак не толькі карысным для здароўя, але і важным для фарміравання асобы. Ды і самім дзецям падабаецца праводзіць час на прыродзе, дзе пануе асаблівая атмасфера, у якой яны вучацца жыць у камандзе, паважаць адзін аднаго, могуць на справе  адчуць, што такое ўзаемадапамога, знайсці новых сяброў.


На гэты раз лагер прыняў 60 дзяцей.  Кожны  дзень быў насычаны падзеямі,  праходзіў весела, са спартыўнымі спаборніцтвамі, рыбалкай, купаннем… Умацаванню сяброўства спрыялі і вечары з песнямі пад гітару каля вогнішча.
Шмат уражанняў у дзяцей пакінула  экскурсія ў Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй, праведзеная перад выездам. У Камарыне хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі пагранічную брандвахту, дзе з цікавасцю слухалі кінолага, які расказаў аб асаблівасцях абароны дзяржаўнай мяжы з сабакам, разглядалі абсталяванне, з дапамогай якога выследжваюцца парушальнікі.


На  правілы пажарнай бяспекі  ўвагу дзяцей звярнулі прадстаўнікі службы «101», нагадалі аб  небходнасці іх выконваць, правялі  конкурсы і віктарыны. Разам  з  выратавальнікамі дзеці пераадольвалі  перашкоды,  устанаўлівал і палаткі.  Тут  жа прайшла  дэманстрацыя пажарнай тэхнікі.


Кожны дзень з юнымі жыхарамі палатачнага лагера праводзілі інструктаж прадстаўнікі таварыства выратавання на водах, каталі жадаючых  на патрульным катэры. У розных гульнях задзейнічалі  непаўналетніх  і супрацоўнікі  Камарынскага Дома дзіцячай творчасці.


Чатыры дні, праведзеныя на беразе Дняпра, праляцелі на адным дыханні. Напрыканцы кожны з дзяцей атрымаў падарункі: “Біблію” – ад евангельскай царквы і мяккую цацку – ад Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


– Адпачынак, які быў запоўнены  не толькі цікавымі, але і павучальнымі мерапрыемствамі, спадабаўся ўсім, – гаворыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Ясінская. – Хачу выказаць падзяку тым, хто адгукнуўся на просьбу і дапамог у падрыхтоўцы, асабіста дырэктару КЖУП “Брагінскае” Аляксандру Атрошчанку і дырэктару ДЛГУ “Камарынскі лясгас” Уладзіміру Пашынскаму. Дарэчы, усе арганізатарскія справы, сярод якіх – забеспячэнне  ежай і палаткамі, па-ранейшаму ўзялі на сябе прыхаджане “Благодати”. 


Як і ў мінулыя гады, “Новы бераг” пакінуў у дзіцячых сэрцах добры след, хлочыкі і дзяўчынкі пазналі шмат новага, навучыліся чамусьці карыснаму.


Вольга  ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *