“МАЯК ПАЛЕССЯ” – першы ў рэйтынгу

Общество

З распаўсюджваннем інтэрнэта друкаваныя выданні пачалі  пакрыху адыходзіць на другі план, саступаючы месца электронным. Тым не менш, агульны тыраж газет і часопісаў, на якія падпісаліся жыхары нашага раёна, налічвае больш 11 тысяч экзэмпляраў. Што ж чытаюць брагінчане?


Як адзначыла інструктар па падпісцы Брагінскага раённага вузла паштовай сувязі Алена Кісялёва, па-ранейшаму першым у рэйтынгу стаіць “Маяк Палесся”. У жніўні яго будуць атрымліваць больш чым у 2000 сем’ях. Звыш тысячы брагінчан праявілі цікавасць да “СБ. Беларусь сегодня”, каля 600 – да “Гомельскай праўды”. Вялікай папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца і выданні, якія друкуюць на сваіх старонках карысныя парады, кулінарныя рэцэпты, розную забаўляльна-пазнавальную інфармацыю, гісторыі з жыцця.


Дарэчы, Алена Мікалаеўна не першы раз адзначана за паспяховасць падпісной кампаніі. Сёлета яна атрымала падзяку ад рэдакцыі газеты “Гомельская праўда” за актыўнае супрацоўніцтва. А ў мінулым годзе дзякуючы рабоце, якую яна правяла, раённы вузел паштовай сувязі атрымаў мікрахвалевую печ ад газеты “Талака”, ёсць дыплом  ад “Аргуметнаў і фактаў”  і інш.


Вынікі работы інструктара па падпісцы залежаць і ад зладжанай працы аддзяленняў паштовай сувязі населеных пунктаў раёна.  Перш за ўсё Алена Мікалаеўна адзначае работу АПС вёсак Крыўча (ўзначальвае  Валянціна Атадзярэсэ) і Буркі (Валянціна Раманюк), дзе да пытанняў падпіскі заўсёды адносяцца з адказнасцю. Зацікавіць аднавяскоўцаў тым ці іншым выданнем з лёгкасцю могуць паштальёны Людміла Іотчанка і Тамара Марчанка. Жанчыны не толькі выконваюць даведзены план, але і клапоцяцца аб тым, каб газеты і часопісы былі дастаўлены падпісчыкам у тэрмін.


Вольга ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ