Неўтаймаваны певень

Грамадства

“Бывае так  і між людзей”, – сцвярджаў беларускі класік, высмейваючы ў байках адмоўныя з’явы нашага жыцця,   надзяляючы персанажаў сваіх твораў – Свіней, Лісіц, Ваўкоў, Дзікоў  – рысамі характару, якія ўласцівы некаторым прадстаўнікам грамадства. “Жывёла і птушкі  жывуць па сваіх законах, якія падобныя на агульначалавечыя”, – да такой высновы прыйшоў і малады гаспадар, назіраючы за пакутамі свайго  падапечнага і ўзгадваючы творчасць пісьменніка.


З некалі вялікай курынай сям’і бойкі певень застаўся адзін. Нясушкі адна за другой пачалі хварэць на ногі, кульгаць, а потым паздыхалі.


Свае  байцоўскія  якасці  певень не   страціў.  Асабліва  праявіліся яны вясной, калі ў копанцы, што была за мяжой сядзібы, з’явілася вада. Зіму Пеця каратаў з індакачкамі, шэфства над якімі ў  сілу  прыродных даных і ўзяў па  ўласнай  ініцыятыве. Не толькі “заляцаўся”  да  іх, куралесіў, але і змагаўся за прыхільнасць вадаплаўных прыгажунь з самім селезнем. Бойкі былі не жартоўныя, ды, відаць, певень  быў  мацнейшы  духам  і  целам,  таму  цалкам  падпарадкаваў  пярнатых  сабе.  Тыя пасля  яго  грознага  воклічу “Куд-куды” смірна  сядзелі  ў  агародзе  і  ўжо  да  копанкі,   дзе  плёскаліся  папярэднія   гады,  не  імкнуліся.  Забараніў.


Затое  сам гаспадарыў ва ўсёй ваколіцы, яго кудахтанне раздавалася то з аднаго, то з другога боку. Прыбіваўся да чарод чужых курэй і спрабаваў наводзіць свае парадкі. Калі аднойчы не з’явіўся начаваць, гаспадар зажурыўся. Шкада стала неўтаймаванага,  добры  важак  быў  у  сваёй птушынай сям’і, клапатлівы і бясстрашны. Узрадаваўся, калі пачуў яго голас у суседнім двары.


Каб зацягнуць валацугу дамоў, вырашыў купіць курэй-нясушак. На рынку паабяцалі, што будзе есці свежыя яйкі праз месяц. Маладыя курачкі паводзілі сябе сціпла, прытуліліся ў кутку хлява і пужліва назіралі за ўсім, што бачылі навокал. Грозны певень, набегаўшыся і накрычаўшыся, па звычцы пераляцеў цераз агароджу і апынуўся ў сваім двары. На будучых сябровак паглядзеў уважліва, схіліўшы галаву набок, і ў імгненне вока з пагардай выпархнуў назад, на волю. Не спадабаліся, відаць, знешнім выглядам, бо былі белыя. Тады  гаспадар  набыў яшчэ трох курачак, ужо другой афарбоўкі, такой, як у яго Пеці, карычневай з жоўтым.


 А там і агароды людзі засеялі. Давялося небараку абрэзаць крылы, каб не пералятаў цераз высокую агароджу і не спакушаўся на чужое, сядзеў дома і глядзеў сваіх нясушак. З такой доляй певень часова змірыўся, прыціх, кожную раніцу будзіць гаспадара звонкім “Кукарэку!” і чакае таго часу, калі можна будзе вольна хадзіць і па сваім агародзе, і да чужых дабірацца. Усё як у людзей. Калі народзіцца нехта з прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва з генамі лавеласа, з імі і памрэ.


– Глядзі ў мяне, – пажартаваў гаспадар. – Зменіш арыентацыю  – трапіш у суп, замест цябе прывязу іншага. Качачак больш не чапай.


Ніна МІХАЙЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *