ХАЙ НЕ ЗГАСАЕ ПАПАРАЦЬ-КВЕТКА

Грамадства

Купалле па традыцыі прайшло 6 ліпеня на беразе Дняпра ў Камарыне. Аб тым, што гэта адно з самых любімых жыхарамі Брагіншчыны святаў, сведчыў той факт, што сюды, на прыгожы бераг паўнаводнай ракі, з’ехаліся людзі амаль з усіх куточкаў раёна.


Адкрыў святочную тэатралізаваную праграму начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігар Самбук, які павіншаваў усіх са святам і пажадаў цудоўнага адпачынку. Вядучая аб’яўляе:


– Людзі! Глядзіце – Купала набліжаецца! Гэта азначае, што свята пачынаецца.


Выходзяць Купала, Купалінка, дзяўчаты. Потым да іх далучаюцца бабка Кілікея, ведзьма і чэрці. І завіхрылася тэтралізаваная пастаноўка з выступленнямі народнага калектыву “Камарынская весялуха”, Наталлі Цеслянок, фальклорнага калектыву Бярозкаўскага сельскага клуба, Вольгі Петрусевіч, прафесійных артыстаў з Мінска.


Побач са сцэнай і пляцоўкай, дзе праходзіла прадстаўленне, размясціліся крамы-палаткі Брагінскага раённага спажывецкага таварыства, дзіцячы атракцыён, латкі мясцовых ідывідуальных прадпрымальнікаў. Тут былі прадстаўлены  ў шырокім асартыменце мясныя і кандытарскія вырабы, газіраваныя салодкія напоі і сокі. Дзеці раз-пораз падбягалі да прадаўцоў салодкай ваты.


Адметнай рысай сёлетняга святкавання была адсутнасць спіртных напояў, нават піва. Але гэта зусім не азмрочыла святочнага настрою людзей: цвярозы настрой – натуральны, а значыць вельмі карысны.


У канцы тэатралізаванага прадстаўлення спальваецца пудзіла ведзьмы.


– Каб ачысціцца ад усяго нядобрага, знішчыць зло, якое нам пакінулі нячысцікі, трэба спаліць пудзіла ведзьмы, як рабілі нашы продкі, – гаворыць вядучая.


Гарыць вогнішча – сімвал ачышчэння ад розных хваробаў і няшчасцяў. Вядучыя жадаюць “шчасця і долі, хлеба і волі”.


Закончылася свята дыскатэкай.


Разыходзіліся  ўжо  а  першай гадзіне, задаволеныя, у цудоўным настроі.


Трэба  адзначыць тых людзей,  якія  падаравалі ім гэты настрой:  супрацоўнікаў аддзела  культуры райвыканкама,  Камарынскага і Брагінскага  ДК,  работнікаў гандлю, аддзела  ўнутраных спраў райвыканкама, раённага  адзела  па  надзвычайных  сітуацыях, выратавальнікаў  на  вадзе,  пагранічнікаў.


Летнія ночы вельмі кароткія, асабліва купальская,  а раніцай – на працу. А так хочацца, каб свята  працягвалася…


Мікалай ЧАРНАБАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *