Ад першай баразны да намалочанай тоны

Грамадства

Якім сёлета  быў  шлях хлебаробаў  Брагіншчыны, мы вырашылі прааналізаваць разам з   галоўным аграномам  упраўлення  сельскай гаспадаркі  і харчаванн Пятром Бухаўцом.


Пётр Іванавіч, у думках я вяртаюся да таго вясновага дня, калі Вы былі заклапочаны падрыхтоўкай да пасяўной і яе ходам. Міжволі перадаліся Вашы хваляванні наконт таго, што плошчы пад яравыя павялічаны значна, а вясна з цёплымі днямі спазнялася. Але ж пасеялі ў тэрмін. Што дапамагло?


– Як жа было не хвалявацца, калі сіноптыкі прадказвалі познюю вясну, а гэта азначала адно: аптымальныя тэрміны сяўбы зерневых і зернебабовых скароцяцца. За меншы адрэзак часу хлебаробы выканалі значна большы аб’ём работы, чым у папярэднія гады. Іншага выйсця ў іх не было. Пасяўныя плошчы пад гэтыя культуры павялічаны ў раёне на тысячу гектараў. У такіх гаспадарках, як КСУП “Брагінскі”, “Чамярыскі”, “Малажынскі” – на 400 гектараў (у сярэднім). Распрацоўвалі нізкапрадуктыўныя сенажаці, ворыўныя землі, каб пасеяць яравыя зерневыя і зернебабовыя і выканаць даведзены план.


А  дапамаглі добрая арганізаванасць, адказнасць спецыялістаў усіх узроўняў, тэхнічная аснашчанасць машынна-трактарных паркаў.


Словы падзякі неабходна выказаць інжынернай  службе, якая падрыхтавала сельгасмашыны да выхаду ў поле. З тых 24 энерганасычаных трактароў розных мадыфікацый, якія былі задзейнічаны на пасяўной, 21 эксплуатаваўся з шыроказахопнымі агрэгатамі. Чатыры з’явіліся ў сельгаспрадпрыемствах у самы патрэбны момант, калі палявыя работы толькі разгортваліся.


Перадпасяўную падрыхтоўку глебы, унясенне ўгнаенняў вялі звенні, людзі  сумленна працавалі на ўраджай і добры вынік. Строга прытрымліваліся тэхналогіі, якая забараняе сяўбу на неапрацаваных палях. Адзін са складальнікаў высокіх ураджаяў – якасны насенны матэрыял. У элітгаспадарках Гомельшчыны закупілі 129 тон насення высокіх рэпрадукцый, эліту завезлі з іншых абласцей рэспублікі.


Сартамі вышэйшых рэпрадукцый пасеялі 72% плошчаў яравых зерневых. Не першы год нараўне з простымі мікраўгнаеннямі прымяняем аргана-мінеральныя і хелатныя злучэнні мікраэлементаў, што павышае аддачу хлебнага поля. Некарнявую падкормку на зерневых пачыналі з борнай кіслаты, зараз уносім Адоб марганец і Адоб медзь. Адобы цынку прадназначаны для кукурузы, бору – азімага рапсу.


– Вельмі крыўдна, што да ўборкі засталіся меншыя плошчы, чым засеялі. А гэта – затраты, якія не акупіліся.


– Ніхто не чакаў, што ў маі наступіць спёка, якая працягнецца і ў першай дэкадзе чэрвеня. Пасевы сельгаскультур задыхаліся без вільгаці. Без жалю на палі, сенажаці нельга было глядзець. Пацярпелі не толькі азімыя, але і яравыя. У КСУП імя Жукава, напрыклад, пасевы азімых — на 340 гектарах, яравых – 150, у КСУП “Чамярыскі” – на 104 і 867 гектараў адпаведна, 827 гектарах у агульнай колькасці не далі аддачы ў КСУП “Брагінскі”, а ў “Малажынскім” – 760. І так па кожнай гаспадарцы. У цэлым па раёне азімых набярэцца 2137 гектар, яравых – 2108 (усяго 4245 га). А гэтыя ж плошчы рыхтавалі, засявалі, даглядалі, каб атрымаць высокі ўраджай зерневых і зернебабовых, іншых культур.


Да ўборкі засталося 2579 гектараў рапсу з 3521. Уявіце, колькі насення гэтай тэхнічнай культуры маглі б яшчэ паставіць дадаткова да таго, што прадалі, ААТ “Брагінаграсэрвіс”. Да такіх сюрпрызаў надвор’я неабходна быць гатовымі, думаць, якія культуры сеяць.


Вырошчваем сланечнік, пайзу, сою, проса, грэчку і іншыя, каб мець кармы, сыравіну.


– Пётр Іванавіч, а які малюнак маем па кожнай культуры?


– Азімая пшаніца, напрыклад, лепш урадзіла ў КСУП “Чамярыскі”, яе ўраджайнасць – 42,5 цэнтнера з гектара пры сярэднераённай 32. А па валавым намалоце лідзіруюць хлебаробы КСУП імя Жукава, якія намалацілі 2010 тон пшаніцы пры ўраджайнасці 36,5 цнт. Да слова, у гэтай гаспадарцы найвышэйшая ўраджайнасць азімага жыта – 33,1 цнт (па раёне – 22,2 цнт). Самым шчодрым на аддачу аказалася азімае трыцікале ў КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” – 37,3 цэнтнера з гектара, а валавы намалот – 3463 тоны. Гэта найвышэйшы паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў Брагіншчыны.


КСУП “Пераможнік” вырасціў добры ўраджай азімага ячменю – па 47,6 цнт/га пры сярэднераённым 21,8.


Рэкордам гэтага года можна лічыць ураджайнасць аўса ў КСУП “Чамярыскі” (77,5 цнт/га пры сярэднераённай 29,2), яравой пшаніцы ў КСУП імя Жукава – 50,9 цнт/га (валавы збор – 763 тоны) і яравога ячменю ў КСУП “Чамярыскі” – 54,8 цнт/га.


– Намаганні далі свой плён, хлебаробы Брагіншчыны яшчэ раз пацвердзілі сваё майстэрства і даказалі, што поспехі папярэдніх гадоў – не выпадковасць.


– Несумненна. У нас працуюць кваліфікаваныя аграномы, інжынеры, механізатары, дастаткова тэхнікі, каб і сеяць, і ўбіраць каласавыя ў тэрмін. Жніво-2011 – этап.  КСУП “Чамярыскі”, імя Жукава, “Брагінскі”,  атрымалі і завяршылі вышэйшую ўраджайнасць зерневых і зернебабовых у параўнанні з іншымі. Калі гаварыць у цэлым, праходзіла яно арганізавана. На дапамогу прыйшлі новыя камбайны “Палессе 1218” (восем штук) з двума барабанамі. Яны вядуць абмалот больш якасна.


Хлеб – наша галоўнае багацце. Не застаюцца ў  баку ад жніва і абслугоўваючыя арганізацыі, прадпрыемствы раёна, выдзяляюць тэхніку, людзей, каб завяршыць уборку ў сціслыя тэрміны. Усе 58 уборачных экіпажаў працавалі на адным дыханні. Спаборніцтва разгарнулася не жартоўнае, першымі па тоне зерня намалацілі і перавезлі камбайнер і вадзіцель КСУП “Брагінскі”, “Чамярыскі”. Рады тысячнікаў шырыліся з кожным днём, па меры таго, як уборачная кампанія набірала тэмпы. І не вельмі важна, у першыя дні жніва або напрыканцы намалацілі камбайнеры гэтыя тысячы, а вадзіцелі перавезлі збожжа на зерняток. За кожнай тонай – напружаная праца, старанне, трывога за лёс ураджаю. На сёння ў нас налічваецца адзінаццаць экіпажаў, якія маюць на сваім рахунку па тысячы і больш тон. Пра Мікалая Дзегцярэнку патрэбна сказаць асобна. З бункера свайго “Лексіона” ён выдаў 2610 тон зерня. А вадзіцеляў-тысячнікаў – сямнаццаць. Анатоль Кацуба з КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” сюды не ўваходзіць, бо перавёз – 2556 тон перавезенага збожжа. Вялікі дзякуй усім за старанне і вернасць прафесіі хлебароба.


– Нядаўна на базе нашага раёна прайшоў абласны семінар з удзелам старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка. Перад аграрыямі пастаўлены задачы па правядзенні сяўбы азімых.  Як ідуць справы ў працаўнікоў АПК раёна?


– Згодна з планам. Калі гаварыць пра рапс, то лепшыя агратэхнічныя тэрміны для гэтай культуры з 20 жніўня па 1 верасня. Плошчы пад яго засталіся тыя ж – 3500 га. Пасеем своечасова, як і патрабуецца па тэхналогіі, зерневыя 9згодна з планам 14372 га). Гэта ўжо справа гонару для кожнага тэхнолага палёў, радавога механізатара. Людзі сочаць за ходам спраў у сваёй гаспадарцы і суседняй, параўноўваюць, радуюцца, калі змаглі абысці калег, засмучаюцца няўдачам. Цяжкі шлях гэтага года ад першай пракладзенай баразны да намалочанай тоны застаўся ззаду, цяпер у нас іншыя клопаты – як засеяць азімыя палі. Хаця дума адна – аб хлебе і ўраджаі.


Гутарыла Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *