ГОНАР НАСТАЎНІКА – ВУЧНІ

Грамадства

«Наперадзе – яшчэ адзін навучальны год. І задачы перад педагогамі раёна стаяць складаныя, але вырашальныя», – адзначыла, звяртаючыся да ўдзельнікаў жнівеньскай нарады настаўнікаў, намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. «Самае страшнае ў гэтай  прафесіі –  абыякавасць, –  працягвала яна. –  І таму маладыя спецыялісты, якія накіраваны на працу ў раён, павінны памятаць, што ў дзяцей, а яны ў нас цудоўныя, патрэбна ўкладваць не толькі веды, але і душу.»  Ганна Мікалаеўна выказала надзею на тое, што былыя студэнты, а сярод іх палова – ураджэнцы раёна, стануць сапраўднымі патрыётамі Брагіншчыны. І, вядома, шчырыя словы падзякі прагучалі ў адрас кіраўнікоў і калектываў устаноў адукацыі, прадпрыемстваў, бацькоў, якія ўнеслі ўклад у падрыхтоўку памяшканняў  да новага навучальнага года. На такой жа ўзнёслай ноце працягвала і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ніна Пінчук. Яна знайшла цёплыя словы пра кожную з тых жанчын, што ў гэтым годзе маюць права на заслужаны адпачынак.


Усебакова асвятліў дзейнасць галіны начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Калясан. Установам раёна ёсць чым ганарыцца. Але гэта не  з’яўляецца падставай для самазаспакаення і самазадаволенасці. Выкарыстоўваючы ўсе рэзервы, імкнуцца да новых дасягненняў – такі дэвіз павінены быць на ўзбраенні кожнага педагога.


Тамара Пашкевіч, загадчыца Малейкаўскага дзіцячага сада, падзялілася вопытам арганізацыі адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе. Як сведчаць апытанні бацькоў, 80% з іх задаволены якасцю дадатковых адукацыйных паслуг. Надзея Махнач, намеснік дырэктара Хракавіцкай САШ па вучэбна-выхаваўчай рабоце,  паведаміла аб набытках педагагічнага калектыву ў адукацыі падрастаючага пакалення.



Арыгінальна была прадстаўлена Іялчанская САШ.  З цеплынёй выпускнікі ўстановы Яніна Вашчанка і Аляксандр  Сачава  расказвалі аб сваіх настаўніках, якія правялі іх па школьным жыцці і далі пуцёўку ў свет дарослых. На сёння былыя выпускнікі ўжо студэнты ВНУ рэспублікі. І непрыкрыты і апраўданы гонар за сваю школу, яе педагагічны калектыў адчуваўся ў кожным слове былых вучняў.


Галіна Кавалец, дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання, гаварыла аб рабоце з дзецьмі, якія маюць праблемы са здароўем. Ім асабліва патрэбны  любоў, пяшчота і спагада дарослых. І калектыў цэнтра робіць усё,  каб даць гэтым дзеткам адчуванне таго свету, у якім ім  жыць.


Сваімі думкамі пра летнюю занятасць, як фактар зніжэння падлеткавай злачыннасці падзяліўся галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Ігар Пятрэня.


Педагогі змаглі пазнаёміцца з выставай вырабаў гурткоўцаў Дома дзіцячай творчасці Брагіна, паслухаць музычныя нумары ў выкананні педагогаў і выхаванцаў гэтай установы.


Штодня аддаваць частку душы, пазіраць у радасныя твары, ведаць, што  будучыня  залежыць і ад тваёй сённяшняй працы, – лёс  педагога.  Таго, хто абраў   прафесію, дзе працаваць можна толькі па закліку сэрца. І няхай на гэтым шляху будзе як мага больш удзячных вучняў і спагадлівых бацькоў.


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *