Кіруюцца пачуццём абавязку

Сельское хозяйство

З меркаваннем, што лепшыя пастухі-даглядчыкі працуюць у КСУП «Малажынскі”, я пагадзілася пасля наведвання фермы ў вёсцы Аляксееўцы. Зразумела і хваляванні заатэхніка, які ўжо думае пра тое, што замяніць іх пасля выхаду на заслужаны адпачынак будзе цяжка. На час хваробы, калі такое здараецца, не многія згаджаюцца папрацаваць пастухом нават непрацяглы час. Хаця заробкі ў гэтай катэгорыі жывёлаводаў немалыя, спецвопраткай іх забяспечваюць, ды і пасвяць статак не кожны дзень. І ўсё ж неахвотна ідуць людзі на ферму. А для Фёдара Прымака, Івана Шчадрынава і Андрэя Губара работа пастуха-даглядчыка па душы. Менавіта з імі давялося пагутарыць у жнівеньскі дзень.


Фёдар Прымак пасвіць кароў чвэрць веку. Учора (2 жніўня), ён быў у полі разам са статкам, а сёння раздаваў падкормку, наводзіў парадак у хляве, усё роўна быў заняты на вытворчасці. Праўда, мог паспаць лішнюю гадзіну, бо кароў выганяюць на пашу ў чатыры гадзіны, а на ферму можна прыйсці пазней. Мабыць, тая акалічнасць, што ўстаць трэба разам з сонцам, больш за ўсё і палохае тых, хто не дае згоды на працу пастуха-даглядчыка.


Іван Шчадрынаў мае надзейнага памочніка – сабаку, які з гучным лаем кінуўся нам насустрач. Гэта Івана Рыгоравіча мела на ўвазе спецыяліст, калі гаварыла пра заслужаны адпачынак сваіх падначаленых. У лістападзе будзе афармляцца на пенсію, а так хацелася б, каб папрацаваў яшчэ. Тое, што да яго работы ў сям’і адносяцца з павагай, сведчыў той факт, што кожны дзень да месца пасьбы з гарачым абедам спяшаецца жонка. Яна на заслужаным адпачынку. Прайсціся па родных прасторах, палюбавацца краявідамі, разгалінаванымі дрэвамі, што раскінуліся пасярод поля, вясковаму чалавеку ў радасць.



Даставілі дзеці абед і Андрэю Губару (у КСУП “Малажынскі” працуе з 1982 года). Здалёк мы заўважылі запрэжанага каня, які накіроўваўся да месца пасьбы. Конь, растлумачылі нам, у Андрэя Пятровіча свой. Такі клопат пра тых, хто працуе з раніцы да позняга вечара, у спёку і дождж знаходзіцца пад адкрытым небам, крануў.


Неяк мы пачулі папрок у адрас калектыву рэдакцыі, што мала пішам пра людзей гэтай прафесіі. Сапраўды, знайсці сярод іх ветэранаў працы, сумленных, улюбёных у сваю справу, складана. Звычайна на ферму ідуць тыя, каго пазбавілі правоў на ваджэнне машыны або трактара, хто меў праблемы з законам, так званыя абавязаныя асобы. На Аляксееўскай ферме ўсё па-іншаму. Гэтыя людзі звязаны з жывёлагадоўляй дзесяцігоддзі, яна стала неад’емнай часткай іх сумленнага жыцця.


– Я пабыў каля статка некалькі хвілін, – расказваў знаёмы, – мяне там камары ледзьве не аб’елі. А як жа пастухі трываюць? 


– Хоць і сродкаў зараз усялякіх хапае, але не заўсёды яны эфектыўныя, не заўсёды дапамагаюць, – адказала на наша пытанне заатэхнік сельгаспрадпрыемства, калі пераадрасавалі ёй гэтыя словы. – Нашы пастухі прывыклі да такіх нязручнасцяў, загартаваліся, уцягнуліся, як  кажуць  у  народзе, і проста не заўважаюць. Ды ў сваёй рабоце кіруюцца іншым: пачуццём абавязку і перад гаспадаркай, і перад сям’ёй, і перад сабой.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *