НЕ ДАЦЬ ЗЛАМАЦЬ ЛЁС

Грамадства

У  сераду  адбылося чарговае пасяджэнне  камісіі  па  справах непаўналетніх  райвыканкама,  дзе аналізавалася  яе  работа  за  першае  паўгоддзе.


Хто вінаваты і што рабіць з падлеткавай  злачыннасцю? Менавіта гэтыя пытанні хвалююць  удзельнікаў камісіі. Заклад поспеху яны бачаць у сумеснай працы, таму на пасяджэннях  не проста нясуць справаздачу аб зробленым. Даклад кожнага аналізуецца, завастраецца ўвага на складаных сітуацыях, ідзе пошук аптымальных рашэнняў.


Як адзначыла намеснік старшыні КСН Вольга Ясінская, за шэсць месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага па некаторых негатыўных паказчыках адбылося зніжэнне. Аднак крымінагенная сітуацыя ў падлеткавым асяроддзі ўсё роўна застаецца складанай і патрабуе ўвагі як органаў улады, так і праваахоўнікаў.


На жаль, для некаторых юнакоў сярод спосабаў дабіцца аўтарытэту ў вачах аднагодкаў па-ранейшаму лідзіруюць правапарушэнні, а пропускам у дарослае жыццё з’яўляецца алкаголь. Аб тым, што гэтым яны толькі калечаць свае лёсы, непаўналетнія не задумваюцца.


Асноўную ўвагу прысутныя звярнулі на метады прафілактыкі. Старшыня камісіі Ганна Бабрынёва патрабавала не зво-дзіць работу толькі да складання пратаколаў і разгляду матэрыялаў аб адміністратыўных правапарушэннях. Размовы і сустрэчы з падлеткамі павінны прыносіць станоўчыя вынікі. Усе згадзіліся і з тым, што патрэбна выяўляць праблемныя сем’і і дзяцей, схільных да здзяйснення правапарушэнняў, на ранняй стадыі,  аналізаваць  прычыны, па якіх падлеткі пераступаюць мяжу закона. Трэба таксама ўлічваць і той факт, што характар дзяцей, якія ўжо былі ўцягнутыя ў крымінальную дзейнасць, змяніць складана. Але гэта можна зрабіць, пераключыўшы іх увагу на цікавыя мерапрыемствы.


Ганна Мікалаеўна адзначыла, што работа камісіяй праведзена значная, аднак нагадала суб’ектам прафілактыкі, што нельга спыняцца на дасягнутым, а праблемы трэба пераадольваць разам, клапоцячыся, перш за ўсё,  аб дабрабыце падрастаючага пакалення. Неабходна шукаць новыя, больш сучасныя  метады работы, у аснове якіх павінны ляжаць не забаронныя меры, а стварэнне спрыяльных умоў для самарэалізацыі асобы, пазітыўнага самасцвярджэння моладзі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *