НЕРАЗРЫЎНЫ ЛАНЦУЖОК ЖНІВА

Грамадства

“Не той ураджай, што ў полі, а той, што ў засеках,” – сцвярджалі нашы продкі, і мелі рацыю. Вырасціць, убраць, а яшчэ перапрацаваць зерневыя і зернебабовыя сёлета перашкаджаюць кліматычныя ўмовы. Ды і ў папярэднія гады яны аказвалі ўплыў на ход палявых работ, аграрыям да гэтага не прывыкаць. Таму і тэхніку набываюць новую, і сушыльныя агрэгаты. У КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” ЗСК-30 беларуска-польскай вытворчасці з’явіўся чатыры гады таму. Галоўны энергетык Раман Козел прысутнічаў пры ўстаноўцы сушыльнага аўтаматызаванага комплексу, яму ж давялося яго абслугоўваць. Спачатку  спазнаваў усе тонкасці работы, кансультаваўся са спецыялістамі, разбіраўся сам, затое цяпер ЗСК-30  – у надзейных руках. Дапамагаюць яму Уладзімір Заяц і Аляксандр Буйневіч.


Калі зерне паступае ад камбайнаў амаль сухое, ачышчаюць за суткі 800-1000 тон. Пры высокім працэнце вільготнасці яго неабходна яшчэ і высушыць, у такім выпадку дзённая выпрацоўка складае 400-500 тон. Зернесушыльны комплекс мае так званы бункерны сілас умяшчальнасцю 500 тон. Сюды можна засыпаць зерне на захоўванне, мікраклімат падтрымліваецца спрыяльны, што дазволіла гаспадарцы мінулай зімой зберагчы такім чынам зерне кукурузы.


Хто ўважліва сочыць за ходам жніва не толькі ў сваім раёне, але і ў рэспубліцы, не мог не заўважыць, што прозвішча Рамана занесена на п’едэстал гонару і значыцца ў ліку лепшых камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы і машыністаў зернетакоў Гомельскай вобласці. Праўда, “Беларуская ніва” запісвае ў памочнікі яму то Юрыя Мішкаўца, то Аляксандра Буйневіча (ён працуе ў гаспадарцы па дагаворы і, як прызнаўся, толькі дапамагае). Напарнік Рамана Козела – электрык Уладзімір Заяц.


У Юрыя Мішкаўца не менш адказная місія на сёлетнім жніве – прымаць і ўзважваць збожжа. Наш фотакарэспандэнт Вольга Паляшчук сфатаграфавала яго на рабочым месцы, дарэчы, утульным і зручным. Невялікі тэлевізар у кутку, свежыя газеты на стале дапамагаюць быць у курсе ўсіх  падзей у раёне, рэспубліцы. Тут можна і сваіх землякоў пабачыць, прасачыць за ходам спаборніцтва, ацаніць перспектыву стаць удзельнікамі рэспубліканскага свята “Дажынкі-2011”. Пакуль машыніст Раман Козел і вадзіцель Анатоль Кацуба з КСУП “Брагінскі” лідзіруюць. Пажадаем жа ім прыйсці да фінішу з добрымі паказчыкамі і атрымаць узнагароды за сумленную працу на жніве з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.



На зернетаку мы сустрэлі старшакласнікаў мясцовай школы, якія з задавальненнем выконвалі ўказанні Юрыя Фёдаравіча. Для іх гэта не толькі магчымасць далучыцца да ганаровай сялянскай працы – уборкі хлеба, але і папоўніць сямейны бюджэт. За няпоўны месяц заробак юнакоў і дзяўчат склаў па 280 тысяч рублёў. Ды і працуюць яны няпоўны рабочы дзень, як гэтага патрабуе заканадаўства, пад пільным наглядам дарослых. Хтосьці з іх, магчыма, пасля заканчэння школы і  навучальнай  установы  будзе  адкрываць для  такіх, як яны зараз,  сакрэты хлебаробскай справы, нялёгкай, затое ганаровай.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *