Няхай заўжды будзе школа!

Грамадства

Не толькі кажуць, але і робяць для гэтага ўсё магчымае дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Асарэвіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа” Марыя Шаўчэнка, педагагічны калектыў, вучні і бацькі.


Марыя Пятроўна нарадзілася і вырасла ў Асарэвічах,  закончыла тут мясцовую школу,  якая стала асноўным месцам яе працы на ўсё жыццё. Пачынала з групы падоўжанага дня, потым вяла па краіне ведаў вучняў пачатковых класаў, была прафоргам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а з 1998 і да гэтага часу – нязменны дырэктар.


Відаць, так наканавана было  лёсам і Нябёсамі, каб менавіта яна ўзначаліла прыгожую школу з багатымі традыцыямі і не дала  ёй знікнуць.  Каб гэтая ўстанова існавала і давала прытулак  дзецям, збірала ў дні святаў  і ўрачыстасцяў усю вёску, выпраменьвала святло і дабрыню, адраджала і захоўвала   народную культуру, выхоўвала   патрыётаў, і патрэбен быў такі чалавек. Я не гавару ўжо пра веды. Іх таксама даюць,  а яшчэ развіваюць таленты, далучаюць да  мастацтва. Выступленні дзяцей з Асарэвіч на раённых аглядах-конкурсах заўсёды запамінаюцца арыгінальнасцю і прыгожымі касцюмамі, танцамі. У мяне і зараз усплывае  перад вачыма вальс у выкананні старшакласнікаў, песні і танец Яны Кандрашэўскай, іншыя нумары мастацкай самадзейнасці, якія падрыхтавалі выхаванцы школы са сваімі педагогамі.


А якія святы ладзяць у школе на Ражаство Хрыстова, або, як сёлета, на Вялікдзень, з удзелам святароў, замежных спонсараў,  гасцей, вяскоўцаў! Дружнай і вялікай сям’ёй збіраюцца чатыры разы  ў год. Так гасцінна і шчыра сустракаць  сяброў з Украіны могуць толькі ў Асарэвічах. Вучні і педагогі з Чарнігава былі ўражаны выступленнем сваіх аднагодак, а намеснік дырэктара школы, з якой яны сябруюць, усхваляваная, са слязамі на вачах, скарыстаўшы невялікую паўзу паміж канцэртнымі нумарамі, выйшла на сцэну. “А вы маглі б так спяваць і танчыць, як гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі?”, – спытала яна, звяртаючыся да ўкраінскіх школьнікаў. Юныя беларусы не толькі спявалі і чыталі на беларускай мове, але і былі апрануты ў нацыянальныя касцюмы.


Усяго гэтага магло б і не быць, каб не настойлівасць Марыі Пятроўны і яе калег, іх жаданне захаваць школу. У якім бы ні было выглядзе і статусе, але ж захаваць. З дзесяцігодкі яна спачатку стала базавай  (было гэта ў 2002-м), а потым – школай-садам, і, нарэшце, на яе базе  ўзнік сацыяльны прытулак. Больш дзесяці гадоў педагагічны калектыў і яе дырэктар шукаюць шляхі і сродкі, каб навучальную ўстанову не закрылі. Знайшлі спонсараў у Германіі, Італіі, якія дапамаглі адрамантваць будынак, правесці ваду, іншыя камунікацыі, абсталяваць дзіцячую пляцоўку.


Працавалі самі ў гаспадарцы, браліся за любую работу, толькі б атрымаць грошы і накіраваць іх на добраўпарадкаванне тэрыторыі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Цесныя кантакты педагагічны калектыў наладзіў з ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, удзельнічаў у пасадцы лесу. Заробленыя пяць мільёнаў пайшлі на новыя стэнды.


У Германію вучні і іх педагогі ездзілі не толькі адпачыць, але і даць канцэрт. За выручаныя сродкі купілі нацыянальныя касцюмы, у якіх выступаюць перад шматлікімі дэлегацыямі. Да захавання беларускіх традыцый адносіны беражлівыя. Абрады і звычаі продкаў свята захоўваюцца, з гэтай мэтай стварылі невялікі музей “Беларуская хатка”. Не забываюць і пра тых, хто вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў родны край.


У размове са мной Марыя Пятроўна ўвесь час падкрэслівала, што ў цікавай, шматграннай дзейнасці Асарэвіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу» заслуга ўсяго педагагічнага калектыву, што  адна нічога б не зрабіла. Відаць, яна так захапіла сваімі ідэямі і патрыятызмам, заклапочанасцю лёсам школы калег і аднавяскоўцаў, што па-іншаму і быць не магло. Калі сустракаць гасцей, то разам, выязджаць на працу ў поле або лес – таксама, як і адпачываць. Маладыя педагогі, якія прыязджаюць сюды па размеркаванні, адразу ўліваюцца ў калектыў і жывуць тымі ж праблемамі, што і іх старэйшыя калегі.


Марыя Пятроўна ўдзячна кіраўніцтву раёна, аддзелам райвыканкама за падтрымку, а бацькам і аднавяскоўцам – за разуменне. У яе ёсць сваё меркаванне адносна таго, што выратуе свет: не прыгажосць, а дабрыня людская, міласэрнасць і ўзаемападрымка. 


Да друку падрыхтаваны выпуск энцыклапедыі “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Жанчыны Беларусі”, у якую павінна ўвайсці біяграфія Марыі Пятроўны. І гэта заканамерна. Сваёй працай, грамадскай дзейнасцю  заслужыла  каб і пра яе, і пра яе добрыя справы, якіх на  рахунку сумленнага педагога нямала, даведаліся ў рэспубліцы. Новых Вам творчых задум і ўдачы, паважаная, а школе ў Асарэвічах – быць!


Ніна СІНІЛАВА


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *