ПРАЦАЙ І АДПАЧЫНКАМ ЗАДАВОЛЕНЫ

Грамадства

Лета – гэта не толькі час канікул, гэта яшчэ і перыяд загартоўкі, назапашвання новых сіл і ведаў. Яго кожны праводзіць па-свойму. Хтосьці – у аздараўленчых лагерах, хтосьці аддае перавагу адпачынку дома, на рэчцы, а хтосьці – у  працоўных атрадах, сумяшчаючы прыемнае з карысным.


У гэтым годзе заваёўваюць працоўныя рубяжы, а таксама ў пошуку новых уражанняў і новых сяброў  адправіліся і прадстаўнікі нашага раёна Жэня Кур’ян, Антон Іванкоў і Валера Камагораў.  Працоўны дэсант, сфарміраваны абласным камітэтам ГА “БРСМ”, высадзіўся ў Каломенскім раёне Маскоўскай вобласці і працаваў на палях ААТ “Сергіеўскае”. Нядаўна юнакі вярнуліся дамоў і расказалі, як гэта было.


У спякотнае надвор’е іх працоўны дзень пачынаўся ў 5.30, значыць, прачынацца прыходзілася яшчэ раней. Затое працавалі толькі да абеду. Калі ж на сонца разлічваць не прыходзілася, то дазвалялі паспаць да 7.00, у гэтым выпадку знаходзіліся на полі да пяці гадзін вечара.


Першы тыдзень атрад займаўся праполкай агародніны. У дзень чалавеку патрэбна было апрацаваць адзін, а лепей два рады, даўжыня якіх магла дасягаць кіламетра. За кожны рад плацілі ў сярэднім – 200-250 расійскіх рублёў. А на ўборцы буракоў, капусты і бульбы  ацэньваліся  ўжо напоўненыя гароднінай сеткі.


Таварыства, якое прымала моладзь, выканала ўсе дамоўленасці аб бясплатным харчаванні і пражыванні.  Юнакі засталіся задаволенымі і  заробкам, і ўжо распланавалі, як яго патрацяць.


Зрэшты, не працай адзінай жылі маладыя людзі. Адпачывалі яны  палову суботы  і  ў нядзелю.  Вольны час праводзілі цікава са спартыўнымі спаборніцтвамі і купаннем у Маскве-рацэ. Спадабалася і экскурсія ў Старую Каломну, у час якой пазнаёміліся са  славутасцямі  старажытнага горада.


– Працоўныя атрады, безумоўна, патрэбны, – лічыць першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс. – Гэта добрая магчымасць для студэнтаў і навучэнцаў выпрабаваць свае сілы, папоўніць сямейны бюджэт або зарабіць на  жаданую рэч для сябе,  завесці новыя знаёмствы і атрымаць  станоўчыя эмоцыі.


А Жэня і Антон дадаюць, што яны не стаміліся ў лагеры, а, наадварот, добра адпачылі. Наступным летам юнакі зноў плануюць папрацаваць і раяць сваім аднагодкам не марнаваць час дарэмна, а далучацца да іх.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *