Тэхналогія і дакладны разлік павінны ляжаць у аснове гаспадарчай дзейнасці аграрыяў

Сельское хозяйство

На гэта кіраўнікоў раёнаў і галоўных спецыялістаў нацэліў старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік.


У чацвер на базе трох раёнаў – Рэчыцкага, Лоеўскага і Брагінскага адбыўся абласны семінар. На яго запрашаліся старшыні райвыканкамаў, начальнікі райсельгасхарчаў, намеснікі начальнікаў па жывёлагадоўлі, галоўныя ветурачы, заатэхнікі-селекцыянеры.


Спачатку прадстаўнічая дэлегацыя пабывала ў СВК «50 год Кастрычніка» Рэчыцкага раёна, дзе пазнаёмілася з вытворчасцю малака, арганізацыяй узнаўлення статка ва ўмовах прамысловага комплексу. Тлумачэнні давалі старшыня СВК «50 год Кастрычніка» Рыгор Шпакаў, намеснік старшыні аблсельгасхарчу Аляксандр Лазута. Затым спецыялісты і кіраўнікі раёнаў, вобласці пераехалі на комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ў Іванішчах. Мэта – паглядзець, як вядзецца будаўніцтва памяшканняў для вырошчвання маладняку гаспадарчым спосабам.


У Лоеўскім раёне ў ПСУП “Лоеў-Агра” расказалі пра асаблівасці ўборкі кукурузы на сілас у бягучым годзе. Была зроблена параўнальная ацэнка гібрыдаў гэтай каштоўнай кармавой культуры. Тлумачылі старшыня райвыканкама Сяргей Мятліцкі і старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валянцін Бабок.


Першае, што цікавіла гасцей у КСУП «Малажынскі», – машынна-трактарны двор. Зробленае тут спецыялістамі раёна, гаспадаркі за апошні час заслугоўвае таго, каб ахарактарызаваць усе аб’екты больш падрабязна. Хаця б па той прычыне, што, па словах інжынернай службы вобласці, такога пункта тэхнічнага абслугоўвання, як у «Малажынскім», няма ні ў адным раёне. Гэта дазваляе праводзіць рамонт,  тэхабслугоўванне сельгасмашын якасна і ў тэрмін. Пафарбавана  памяшканне,  закуплена і ўстаноўлена сучаснае абсталяванне.


Ганарацца ў гаспадарцы і складам для захоўвання гаруча-змазачных матэрыялаў, які адпавядае ўсім патрабаванням. Новыя паліўныя калонкі, ёмістасці для захоўвання ГЗМ, склад для масла, месца для аператара – тут ёсць усё, што патрэбна для аб’екта такога прызначэння. Пабудаваны склад у 2010-м, але ж эксплуатаваць пачалі сёлета. Сістэма відэаназірання (а гэта шэсць камер), з дапамогай якой вядзецца кругласутачны запіс, толькі дапаўняе  набор тых новаўвядзенняў, якія вылучаюць МТД гаспадаркі з ліку падобных. Дарэчы, абышлася яна сельгаспрадпрыемству ў  53,8 млн рублёў. Устаноўлены датчыкі ўліку расходу паліва і руху трактароў, машын.


Расстаўлена тэхніка, заасфальтавана тэрыторыя двара, адрамантаваны вытворчыя памяшканні.Застаецца толькі падтрымліваць парадак і працягваць добраўпарадкаванне, каб можна было прэтэндаваць на прызавое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на лепшы машынна-трактарны двор. А магчымасць такая ёсць.


Жывёлагадоўчы комплекс КСУП «Малажынскі» месцам правядзення семінараў, у тым ліку і рэспубліканскіх (апошні адбыўся сёлета перад пачаткам стойла-пашавага ўрымання), станавіўся не раз. Разлічаны на 720 галоў. Пра тэхналогію вытворчасці малака, арганізацыю ўзнаўлення статка ва ўмовах прамысловага комплексу гаварылася не ўпершыню. Нядаўна набылі новы кормараздатчык, які змешвае сена, канцэнтраты і зялёную масу.


Вядзецца з дапамогай камп’ютараў (дубліруецца і на паперы) журнал па штучным асемяненні, а таксама апрыходванні, вырошчванні маладняку. Так званыя селекцыйныя вароты не прапусцяць у статак карову, якая прыйшла ў ахвоту, вылучаць яе з агульнай масы пры дапамозе замацаванага чыпа і камп’ютарных даных. Секцыі фарміруюцца ў залежнасці ад прадуктыўнасці і фізіялагічнага стану кароў, вядзецца ветэрынарнае  абслугоўванне ўсяго   матачнага  пагалоўя, пачынаючы ад сухастойнага перыяду і заканчваючы ацёламі.


Маладняк утрымліваецца ў клетках-доміках, пра якія на старонках «Маяка Палесся» расказвалася не раз. Работа жывёлаводаў Брагіншчыны ў гэтым накірунку атрымала высокую ацэнку і ў час рэспубліканскага семінара, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і розных ведамстваў. Гэта дазволіла захаваць маладняк.


У КСУП «Брагінскі» перад спецыялістамі і кіраўнікамі раёнаў былі пастаўлены задачы па арганізацыі сяўбы азімых – рапсу і зерневых. Валянцін Бабок праінфармаваў, што ў вобласці неабходна заняць рапсам 70 000 гектараў. На жаль, з адведзенай пад гэтую культуру плошчы 30-40% пасеваў гіне зімой. Валянцін Мікалаевіч падкрэсліў, што тут ролю адыгрываюць глыбіня задзелкі насення (павінна быць 2 см), норма высеву, агратэхнічныя тэрміны. Рапс сеюць з 15 па 25 жніўня і абавязкова па прыкатанай плошчы, ні ў якім разе не па свежаўзаранай глебе. Тэхнічная культура дрэнна пераносіць мінімальную  апрацоўку.  Сеялка павінна  быць адрэгулявана.


Як вырошчваюць рапс у КСУП ордэна Леніна «Брагінскі», расказаў галоўны аграном гаспадаркі  Юрый Ясінскі. Поле, каля якога спыніліся ўдзельнікі семінара, ужо падрыхтавана. Тут расло трыцікале. Пасля ўборкі правялі лушчэнне ржэўніку, ворыва на глыбіню ворыўнага гарызонта, унеслі мінеральныя ўгнаенні з разліку 25 цэнтнераў насення рапсу з гектара, адрэгулявалі рабочыя органы АКШ. Зямля павінна «сесці», каб поле было роўнае. Да гэтых вобразных параўнанняў і губернатар, і начальнік абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы звярталіся невыпадкова. Рапс патрабуе да сябе ўвагі і належнага клопату. Кожны аграном павінен падлічваць сам, колькі чаго ўносіць, якія плошчы адводзіць пад тую або іншую культуру. Прытрымлівацца небходна тэхналогіі і здаровага розуму, думаць пра эканамічны эфект. На захадзе на пясчаных землях ворыва на вялікую глыбіню не праводзяць.


Кукуруза на зерне не толькі абагачае рацыён жывёлы, але і паляпшае ўрадлівасць глебы. Каралева палёў займае годнае  месца ў гаспадарках вобласці. Наш  раён – не выключэнне. Уладзімір Дворнік адзначыў прадуманы падыход кіраўніцтва раёна, правільна выбраны курс да далейшага развіцця і жыццядзейнасці Брагіншчыны. З’явіўся цэх па перапрацоўцы насення рапсу, камбікормавы завод аўстрыйскай вытворчасці на базе ААТ «Брагінаграсэрвіс». Па валавому збору рапсу гаспадаркі раёна –  на другім месцы ў вобласці (пасля Рагачоўскага раёна). Бялковай сыравінай пагалоўе грамадскага статка будзе забяспечана. Ёсць жаданне асвойваць, дакладней, распрацоўваць новыя землі. Акрамя рапсу, якому  адводзіцца 3500 гектараў, аграрыі вырошчваюць сланечнік (200 га). Магутнасці  цэха  разлічаны  на  6000 тон  у  год.  Сланечнік  стане  другой тэхнічнай  культурай,  якая  будзе служыць  сыравінай  для  перапрацоўкі.


Плянарная частка семінара была прысвечана вынікам работы галіны жывёлагадоўлі за студзень-ліпень 2011 года. Справаздачу трымаў  намеснік старшыні аблсельгасхарчу Аляксандр Лазута. Аб эпізаатычнай сітуацыі  ў сельгасарганізацыях вобласці і  захаванасці сельскагаспадарчай жывёлы  (невытворчым выбыцці, унутрыгаспадарчым забоі) за сем месяцаў расказаў галоўны ветурач аблсельгасхарчу Дзмітрый Новік. Пра ўзнаўленне  статка ў грамадскай жывёлагадоўлі  гаварыў  генеральны дырэктар РСУП «Гомельдзяржплемпрадпрыемства» Аляксандр Старацітараў. Быў зроблены эканамічны  аналіз  работы сельгаспрадпрыемстваў вобласці за 6 месяцаў. Начальнік  упраўлення будаўніцтва аблсельгасхарчу Сяргей Альчыкаў расказаў аб арганізацыі будаўніцтва, рэканструкцыі і рамонту вытворчых аб’ектаў у сельскагаспадарчых арганізацыях.


Усё пазнаецца метадам параўнання. Тое, што наш раён стаў трэцім  у вызначаным маршруце ўдзельнікаў семінара, дапамагло ацаніць намаганні і ўклад кіраўніцтва і спецыялістаў раёна, сельскіх  выканкамаў, насельніцтва ў  добраўпарадкаванне  вуліц, тэрыторый. Уладзімір Дворнік звярнуў на гэта ўвагу. Па дарозе ад Бераснёўкі да Брагіна прыемна праехаць.  Парадак не толькі на вуліцах, але і на дарогах, палях, тэрыторыях вакол вытворчых памяшканняў. Жыхары раёна сумленна працуюць з надзеяй на лепшае будучае.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *