Вялікае сэрца Сапраўднага Педагога

Грамадства

Любоў Пятроўна Ляпеха належыць да ліку тых жанчын, якія з гадамі становяцца яшчэ прыгажэйшымі. Уяўляю, якой яна была ў маладосці, калі заплятала  ў косы густыя і пышныя валасы. І колеру яны былі, як воранава крыло. Пра такія марылі многія. А яна, вясковая дзяўчына,  стаўшы студэнткай гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта, паспяшалася зрабіць модную стрыжку, што таксама ёй да твару. Нельга было такую не заўважыць і не закахацца ў яе.


Пасля вучобы прыехала на родную Брагіншчыну. Працавала спачатку настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Асарэвічах, а праз год прызначылі дырэктарам школы. Маладая настаўніца вельмі баялася такой адказнай пасады, але ж пасля доўгіх угавораў згадзілася.
Яе педагагічны талент і здольнасці кіраўніка праявіліся ў поўнай меры ў Дубліне, дзе 26 гадоў Любоў Пятроўна  Ляпеха служыла высакароднай місіі – вучыла і выхоўвала, перасцерагала ад дрэнных учынкаў. На працягу двух дзесяцігоддзяў правапарушэняў у Дублінскай  школе не было зафіксавана. Невялікая ўстанова адукацыі існавала па сваіх законах. Тут не было месца крыкам і знявагам, да вучняў адносіліся па-бацькоўску цёпла, з разуменнем. Такой жа тактыкі прытрымлівалася Любоў Пятроўна і яе калегі ў адносінах з бацькамі. Дублінскую школу можна назваць сямейным домам, тут утульна і прыгожа. Яе выхаванцы вызначаюцца ў санаторыях і лагерах, куды выязджаюць на аздараўленне, прыкладнымі паводзінамі, актыўным удзелам  ва ўсіх мерапрыемствах.


І матэрыяльная база тут адпаведная: новыя сталы, трэнажорная зала, камп’ютарны клас. Мноства кветак ствараюць атмасферу ўтульнасці і гармоніі. Да ўсяго неабходна было прыкласці рукі. Дырэктар павінен яшчэ і гаспадарчымі пытаннямі займацца, сачыць за спраўнасцю сістэмы водазабеспячэння, ацяплення. На ўсё гэта патрэбны сілы і нервы. Але калі справа па душы, такія бытавыя праблемы вырашаюцца лягчэй.


Сваіх педагогаў Любоў Пятроўна ўспамінае з вялікай павагай. Гэта былі сапраўдныя інтэлігенты, якія любілі свой  прадмет, вясковых дзяцей, шчырых і адкрытых. У Савіцкую школу з Просмыч яна хадзіла пяшком, вучылася вельмі добра. Надзея Васільеўна і Людвіг Іванавіч Буйневічы, Пётр Максімавіч Грэсь далі ёй галоўны і мудры наказ: ставіцца да людзей з вялікай павагай, дапамагаць у бядзе. Яна і сваіх вучняў хацела б бачыць выхаванымі, здаровымі, а потым – адукаванымі. “Будзьце міласэрнымі, любіце людзей”, — часта паўтарае на ўроках. А яшчэ раіць жыць па запаведзях Божых.


Запомніла на ўсё жыццё, а была тады ў восьмым класе, як тушылі хаты, што загарэліся ў вёсцы. Ваду чэрпалі вёдрамі з ракі, стаялі босымі ў вадзе (быў красавік), але ж ніхто з яе сяброў і аднакласнікаў не захварэў.


Любоў Пятроўна Ляпеха двойчы ўзнагароджвалася граматамі абласнога ўпраўлення адукацыі, не адзін раз атрымлівала граматы раённага аддзела, яе паважаюць і цэняць калегі, бацькі. 


З першага верасня вучні Дублінскай БШ будуць вучыцца ў Брагіне. Яна вельмі перажывае за іх, каб хаця не крыўдзілі, не насміхаліся над імі. Прыйдуць жа з беларускамоўнай школы, таму заехала да кіраўніка ўстановы з просьбай, каб настаўнікі ў першыя дні, пакуль прывыкнуць, прыглядвалі за хлопчыкамі і дзяўчынкамі з Дубліна, каб аднагодкі не нанеслі душэўнай раны.  Гэтых дзетак яны лічыць сваімі, і ёй будзе балюча, калі на новым месцы яны адчуюць сябе не так утульна і добра. Вялікае сэрца Сапраўднага Педагога, нічога не скажаш…


Ніна СІНІЛАВА  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *