Вялікі дзякуй за працу

Сельское хозяйство

Шлях да прафесійнага майстэрства нялёгкі. На п’едэстал гонару ўзнімаюцца самыя ўмелыя, працавітыя і настойлівыя. У час шанавання аператараў машыннага даення, даглядчыкаў, асемянатараў  і  віншавання іх  з прафесійным святам разумееш, якія намаганні прыклалі працаўнікі ферм, каб удастоіцца гонару быць у ліку лепшых. Іх праслаўляюць, адзначаюць дыпломамі, граматамі, падарункамі. Звычайна гэта адбываецца ў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Не застаюцца  ў  баку  ад такіх мерапрыемстваў і работнікі банкаў. Лепшым даяркам яны ўручаюць залатыя зліткі. Многія працаўніцы нашага раёна ўжо атрымалі іх, няхай колькасць адзначаных такім чынам будзе яшчэ большай.


Названы лепшыя па выніках работы за першае паўгоддзе. Знаёмыя прозвішчы, высокія  дасягненні. Пройдзена толькі палавіна шляху да намечанага. Наперадзе нялёгкія будні і напружаная праца. Каб расло майстэрства нашых жывёлаводаў, павялічвалася колькасць і якасць прадукцыі, робіцца нямала. Даільныя залы, якія перадавікам вытворчасці мінулых гадоў нават і не сніліся, цяпер ёсць. Іх на сёння восем. Устаноўлена даільнае абсталяванне “Елачка”.


Паляпшаюцца ўмовы кармлення і ўтрымання жывёлы, ствараюцца бытавыя ўмовы для працаўнікоў ферм. І ўсё ж спецыфіка работы па-ранейшаму патрабуе адданасці справе і адказнасці. Ранішняе даенне пачынаецца на досвітку, не на ўсіх фермах ёсць падменныя даяркі, часам даводзіцца працаваць без выхадных і адпачынку. Таму хочацца сказаць вялікі дзякуй тым, хто застаецца верным прафесіі і абавязку, дабіваецца высокіх паказчыкаў, імкнецца да новых вышынь.


Пётр ПІНЧУК,
галоўны заатэхнік упраўлення сельскай
гаспадаркі  і харчавання



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *