Ёсць і зерне, і мука

Грамадства

Жніво ў нашай гаспадарцы практычна завершана, убіраюцца апошнія плошчы, таму адзін з камбайнаў выдзелілі для абмалоту збожжавых на прысядзібных участках. У мінулыя выхадныя (6 і 7 жніўня) ён працаваў у Чамярысах, затым пераедзе ў Хракавічы і Просмычы. Далучыцца да гэтай справы яшчэ адзін экіпаж, каб да канца тыдня дапамагчы ўсім вяскоўцам. Людзей на “сваіх” і “чужых” не дзелім. Дастаткова таго, што чалавек пражывае на тэрыторыі гаспадаркі, працуе на зямлі, вырошчвае прадукцыю. Расцэнка прымальная – дзве тысячы за ўбраную сотку. Спачатку накіравалі тэхніку ў тыя населеныя пункты, дзе пражывае найбольшая колькасць людзей і дзе неабходна ўбраць у агульнай колькасці значную плошчу.

У нас з павагай адносяцца да тых вяскоўцаў, хто і ў сельгаспрадпрыемстве сумленна працуе, і на падвор’і шчыруе. Такіх большасць. Па гектары зямлі маюць многія. А яе неабходна апрацоўваць, захоўваць севазварот, таму і чаргуюць зерневыя з бульбай, каб мець добры ўраджай. Па 40 сотак жыта, пшаніцы, трыцікале – гэта максімум, які звычайна дазваляюць сабе ўладальнікі прысядзібных участкаў. Ніхто не забараняе сеяць па некалькі гектараў, але ў такім выпадку неабходна рэгістраваць фермерскую гаспадарку.


Вырашчанае на падворку з’яўляецца добрым падспор’ем для сям’і,  у  якой ёсць  дзеці, у выйгрышы  і  ўсе мы. Рынак насычаецца прадуктамі харчавання, якаснымі, экалагічна чыстымі.  На дзяржаўным узроўні развіццю асабістых падсобных гаспадарак і фермерства ўдзяляецца вялікая ўвага. Важнасць пытання разумеюць і ў нашым КСУПе. Каб разводзіць жыўнасць на падворку, патрэбна мець кармы і магчымасць іх купіць. Сельгаспрадпрыемства рэалізуе  насельніцтву муку па цане 800 рублёў за кілаграм. Прыязджаюць да нас людзі і з суседніх гаспадарак. Мельніца свая, зерне ёсць, стараемся задаволіць попыт усіх.


Святлана ШАЎЧЭНКА,
галоўны эканаміст КСУП “Чамярыскі”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *