ЗНАЙСЦІ КЛЮЧЫК ДА ДЗІЦЯЧЫХ СЭРЦАЎ

Грамадства

Што  значыць быць настаўнікам?  Гэта  значыць  быць адказным,  добрым і, вядома,  любіць дзяцей, дзеля  якіх і  быў  аднойчы  зроблены выбар…


Настаўнікамі выпадкова не становяцца. Большасць з тых, хто працуе ў школе, марылі аб гэтым з дзяцінства. Надзея Мікіцічна Махнач  не выключэнне.  Яна  абрала сваю прафесію па загадзе сэрца, і ішла да яе мэтанакіравана.  Пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага вучылішча працавала ў Верхнежараўскай пачатковай школе. А ў 1989 годзе перайшла ў Хракавіцкую САШ.


Доўгі час Надзея Мікіцічна вяла па пачатковых ступенях ведаў сваіх маленькіх вучняў.  Знайсці ключык да кожнай дзіцячай душы – справа не з лёгкіх, але яна прыносіць шмат радасці, калі бачыш станоўчыя вынікі сваёй дзейнасці, калі ў хлопчыкаў і дзяўчынак прачынаецца жаданне чытаць, пісаць, лічыць… Сёння многія з іх ужо дарослыя, з’яўляюцца выдатнымі спецыялістамі ў розных галінах. Прыемна, што некаторыя абралі для сябе прафесію настаўніка.


Дарэчы, сярод  выкладчыкаў Хракавіцкай  САШ каля паловы – былыя вучні школы.  Толькі за апошнія тры гады  пасля заканчэння навучальных устаноў вярнуліся ў родныя сцены  сем  чалавек.  І ў гэтым годзе  педагагічны калектыў папоўніўся двумя маладымі спецыялістамі: Ірына Пяшкун будзе працавайць настаўніцай біялогіі і хіміі, а Святлана  Капур – настаўніцай геаграфіі  і  педагогам-арганізатарам.


Вышэйшую адукацыю Надзея Мікіцічна Махнач атрымала ў 1997 годзе, закончыўшы Мазырскі педуніверсітэт.  Зараз яна – намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, выкладае беларускую мову і літаратуру ў пятым класе. 21 год у прафесіі. За гэты час праз яе душу і сэрца прайшло не адно пакаленне школьнікаў. І сёння яна з упэўненасцю кажа, што работа  настаўніка – справа ўсяго яе жыцця.


Працоўны шлях Мікалая Васільевіча Яшчука  як дырэктара Хракавіцкай САШ пачаўся два гады назад. Ураджэнец Ельскага раёна  прыйшоў у школу настаўнікам біялогіі і хіміі. Праз год стаў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, яшчэ праз такі ж час – дырэктарам.  Дарэчы, вёску Хракавічы  выбраў самастойна, праз абласное ўпраўленне адукацыі, куды малады настаўнік звярнуўся ў пошуках працоўнага месца, і ні разу не пашкадаваў аб гэтым.


– Для мяне як для кіраўніка важна пабудаваць адукацыйны працэс так, каб ён быў максімальна зручны  і для вучняў,  і для настаўнікаў, – гаворыць Мікалай Васільевіч. –  Наша школа – адна з найстарэйшых на Брагіншчыне, славіцца сваімі традыцыямі і, мы ўпэўнены, мае вялікі патэнцыял на будучыню. Тут працуе згуртаваны, творчы калектыў, для якога асноўнае – дзеці. У новым навучальным годзе ўстанову будуць наведваць 83 школьнікі, у тым ліку пяцёра першакласнікаў. Разам з імі мы зноў і зноў будзем вучыцца быць цярплівымі, пераадольваць  сябе, спасцігаць жыццёвыя ісціны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *