БЛАКІТНАЕ ПАЛІВА НЯСЕ КАМФОРТ

Праздники и будни

Большасцю з нас блакітны агеньчык на газавай  пліце  ўспрымаецца як само сабой зразумелае. А калісьці людзі нават уявіць сабе не маглі, што будуць карыстацца такой выгодай цывілізацыі.


Блакітнае паліва «прапісалася» і  ў шматлікіх кватэрах брагінчан.  Газіфікацыя раёна, распачатая ў 1997 годзе, працягваецца.


Сваю гісторыю Брагінскі цэх газавай гаспадаркі  пачаў у 1975 годзе. Тады працаўнікі  толькі што створанага прадпрыемства  займаліся  забеспячэнем абанентаў звадкаваным газам, а таму нараўне  з  абслугоўваннем няхітрага  на  той  час  абсталявання  ў іх асноўныя функцыі  ўваходзілі прывоз і ўстаноўка  газавых  балонаў. Прыродны ж газ у кватэры брагінчан прыйшоў у канцы 1997 года. Першым на яго выкарыстанне быў пераведзены мікрараён №2 райцэнтра. 


Усяго ў раёне газіфікавана 5840 кватэр, з іх у 3101-й карыстаюцца прыродным газам. У 2763-х пакуль стаяць балоны (99% з іх – у сельскай мясцовасці). У верасні-кастрычніку нарэшце завершыцца падключэнне  да блакітнага паліва  дамоў Камарына. Таксама сёлета  адпадзе патрэбнасць у дастаўцы балонаў са звадкаваным газам  у  Краснае, Чамярысы, Малейкі і Дублін.


У працоўнай біяграфіі прадпрыемства за гады яго існавання здаралася ўсякае. Але яго асноўная функцыя – забеспячэнне безаварыйнай і бесперабойнай работы газавай сістэмы раёна – заўсёды была і застаецца нязменнай. Пры гэтым з кожным годам укараняюцца больш сучасныя тэхналогіі, мадэрнізіруецца абсталяванне, павышаецца яго надзейнасць і бяспека.


За ўсімі дасягненнямі прадпрыемства  стаіць, вядома  ж,  напружаная праца людзей. Два гады Брагінскі цэх газавай гаспадаркі ўзначальвае Рыгор Шупан. Менавіта пад яго кіраўніцтвам супрацоўнікі прадпрыемства  граматна і кваліфікавана ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне сістэм газазабеспячэння. І сёння,  расказваючы аб калегах,  Рыгор Леанідавіч адзначае, што калектыў   малады, але, нягледзечы  на  гэта, яму  пад  сілу  любыя задачы.



Зладжанасць і аператыўнасць у дзеяннях вызначаюць аварыйную службу, якая нясе вахту ў кругласутачным рэжыме і без выхадных.  У падначаленні майстра Пятра Смальцара знаходзіцца 15 чалавек (дыспетчары, слесары і вадзіцелі). Спецыялісты добра ведаюць сваю работу і заўсёды памятаюць, што ад іх хуткіх рашэнняў у  экстрэмальных умовах залежыць  прадухіленне або своечасовая ліквідацыя аварыі.


Кожны год перад пачаткам ацяпляльнага сезона ўнутрыдамавая газавая служба, якую ўзначальвае майстар Сяргей Барысенка,  праводзіць тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталяваня ў  жылым  сектары.  Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца не толькі стану катлоў і калонак, але і дымавентыляцыйным каналам.  Калі выявіцца, што ў дымаходзе няма цягі, служба мае права забараніць выкарыстанне прыбораў. І робіцца гэта, перш за ўсё, дзеля бяспекі спажыўцоў.


За  своечасовай  дастаўкай балонаў да абанентаў,  а  таксама за абслугоўваннем газаразмеркавальных  пунктаў,  ад  якіх блакітнае паліва ідзе  ў кватэры, назірае намеснік   начальніка Генадзь Пазняк. Патрабавальны да  сабе  і падначаленых, ён заўсёды адказна падыходзіць да выканання  пастаўленых   задач.



Некалькі год назад на прадпрыемстве адкрылася газавая аўтазаправачная станцыя.  Яе аператар Аляксандр Быстрык лічыць, што за такімі АЗС – будучыня. Сёння на выкарыстанне прапан-бутана замест  бензіна перайшлі многія арганізацыі  раёна  і  не прагадалі.  Безумоўна, галоўная перавага  ўстаноўкі  на   аўтамабілі  газавага абсталявання ў кошце паліва. Але ёсць і іншыя плюсы, напрыклад, такая тэхніка менш небяспечная для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека.


Напярэдадні прафесійнага свята начальнік цэха Рыгор Леанідавіч выказаў  супрацоўнікам газавай гаспадаркі глыбокую ўдзячнасць за добрасумленную працу, пажадаўшы  ім і іх сем’ям здароўя і аптымізму,  светлых надзей  і новых дасягненняў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *