КАБ ЗІМАВАЦЬ З КАМФОРТАМ

Грамадства

За акном –  мароз ці завея? У такое надвор’е добра быць у вёсцы, прыхіліць плечы да цёплай печкі. Яна тут – як цэнтр хатняга сусвету. І, нягледзячы на тое, што газавае ацяпленне ў сельскай мясцовасці пакрысе змяняе пячное і паравое, многія развітвацца са звыклым ладам жыцця не спяшаюцца. У непагадзь віднеюцца над дамамі  дымавыя слупкі…


А аб назапашванні дроў і брыкету вяскоўцы, як правіла, пачынаюць клапаціцца са жніўня-верасня. Выходзіць, зараз самы пік іх нарыхтоўкі. Чарга на дастаўку, па паведамленні работнікаў  Брагінскага філіяла КУП “Гомельаблпаліва”, стварылася ўжо на 2-3 месяцы наперад. Прычым першачаргова абслугоўваюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды паследкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, іншыя льготныя катэгорыі грамадзян. У сярэднім за дзень транспарт накіроўваецца па 10 адрасах, задзейнічаны два трактары (кожны – з двума прычэпамі) і дзве грузавыя машыны.


Нормы водпуску засталіся ранейшымі: тры тоны торфабрыкету ці восем раўметраў дроў на домаўладанне. А вось цэны выраслі: калі ў мінулым годзе за тону брыкету патрэбна было выкласці 70 тысяч, а за раўметр дроў – 18 100 рублёў, то зараз гэта пакупніку абыходзіцца ў 105 і 25 тысяч адпаведна. 


У цэлым жа, за восем папярэдніх месяцаў філіял паспеў рэалізаваць насельніцтву і арганізацыям 1600 тон брыкету і 2200 м3 дроў. Пастаўшчыкамі паліва з’яўляюцца Камарынскі і Хойніцкі лясгасы, ЗАТ “Мозырлес” і Хойніцкі торфабрыкетны завод.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *