КАРЫСТАЙСЯ РАЗУМНА, І БУДЗЕ ТАБЕ ДАДЗЕНА

Праздники и будни

Стройныя, велічныя, багатыя, шчодрыя на дары і чыстае паветра – чым мы сапраўды можам ганарыцца, дык гэта лясамі. Ды ці задумваемся, атрымліваючы ад іх грыбы і ягады, лекавыя расліны, драўніну, асалоду ад адпачынку, колькі часу, намаганняў і працы патрэбна, каб гэтае прыроднае багацце вырасціць? Напрыклад, толькі галоўная гаспадыня нашых лясоў – сасна дасягае ўзросту спеласці праз 80-100 гадоў пасля  пакладзенага ў зямлю насення. Выходзіць, даглядаць за дрэвамі даводзіцца не аднаму пакаленню.  А калі ашчадна, па-гаспадарску вядуцца справы ў лясных угоддзях, то і карысць, прыбытак ад зялёных насаджэнняў відавочныя. Прырода як бы кажа чалавеку: карыстайся разумна, і будзе табе дадзена.


Захаваць, узнавіць і памножыць


Гэтыя тры словы як нельга лепш характарызуюць галоўную місію работнікаў ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, пад пільным кантролем і абаронай якіх знаходзіцца 35,7 тысячы гектараў “зялёнага золата”. Тэрыторыя лясгаса раскінулася на 95 кіламетраў з поўначы на поўдзень і 40 – з усходу на захад. У яго складзе – пяць лясніцтваў і цэх па перапрацоўцы драўніны.


Штогод маладымі саджанцамі займаецца больш як  200 га. Да гэтай справы разам з працаўнікамі лесу далучаюцца і прадстаўнікі іншых арганізацый, школьнікі, моладзь. Калектыў установы ўпэўнены:  калі чалавек пасадзіць некалькі маленькіх парасткаў у зямлю, ён ніколі не пакіне пасля адпачынку на прыродзе незатушаны касцёр, не кіне ў сухое лісце запалку з агнём або цыгарэту.


– Любая прыгажосць не застрахавана ад знішчэння, пакуль будзе ўладарыць абыякавасць і нядбайнасць, – лічыць інжынер аховы і абароны лесу Андрэй Забалотнікаў. – А сёлета ў лясных масівах зарэгістравана тры пажары на плошчы 0,97 га. І хаця гэтыя лічбы значна ніжэйшыя ў параўнанні з мінулым годам, неасцярожнае абыходжанне з агнём па-ранейшаму застаецца галоўнай прычынай такіх здарэнняў. Парушаюцца як нормы бяспекі, так і правілы лесакарыстання, праблемай застаецца засмечванне тэрыторый. За невыкананне прыродаахоўнага заканадаўства ў бягучым годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 32 чалавекі.


Вось і атрымліваецца:  калі разлічваць    на  сумленне   людзей не даводзіцца, за навядзенне парадку ў лесе бяруцца работнікі лясной гаспадаркі: толькі за восем месяцаў бягучага года ад захламленасці было ачышчана 329 гектараў лясных масіваў.  Яшчэ 746 гектараў адчулі добраўтворны ўплыў з улікам рубак догляду і санітарных. Як перашкоду пажарам адвялі 700 кіламетраў новым мінералізаваным палосам.


Стварыць утульнасць і прыгажосць


Па падтрыманні чысціні  і імкненні да дасканаласці ў афармленні сваіх вытворчых будынкаў, дваровых тэрыторый лясную галіну сапраўды можна паставіць у лік узорных. І сакрэт тут бачыцца ў адным: добраўпарадкаванне ніколі не вымяраецца аднадзённай акцыяй.  Ці то малыя архітэктурныя збудаванні, ці арыгінальныя клумбы, міні-паркі – нешта новае ва ўладаннях працаўнікоў лесу з’яўляецца кожны год. Да паслуг гасцей і жыхароў Брагіншчыны на сёння – 15 зон адпачынку.


Але найбольш ганарацца работнікі ўстановы закладзеным на тэрыторыі Камарына ў 2001 годзе дэндрапаркам, які налічвае 56 відаў раслін, у тым ліку і даволі рэдкіх для Беларусі.


–Ёсць прадстаўнікі сямейства кіпарысавых, ружакветных, бабовых, – знаёміць з насаджэннямі галоўны ляснічы Іван Цімоўскі. –  На 2,2 гектара размясцілася каля тысячы дрэў. А каб сфарміравалася тут лясная падсцілка, спатрэбіцца яшчэ год дванаццаць-дваццаць.


Маладымі саджанцамі гэтую зону стараемся рэгулярна дапаўняць.


Вясной, дарэчы, у парку з’явілася алея ў памяць аб ахвярах тэракта ў мінскім метро, што боллю адгукнуўся ў сэрцы кожнага беларуса.


Нарыхтаваць, забяспечыць, атрымаць даход


Яшчэ адзін  важны этап працы – гэта нарыхтоўка: ёсць планка, якой абавязкова трэба дасягнуць. У лясгасе штогод нарыхтоўваецца каля 50 тыс. м3 драўніны, якая перапрацоўваецца ў цаху і накіроўваецца на патрэбы раёна, вобласці, рэспублікі ў цэлым. Толькі за студзень-жнівень установай было рэалізавана прадукцыі ў існуючых цэнах на 2767 мільёнаў рублёў. На 24,6 мільёна выпушчана тавараў народнага ўжытку. А даходы ад экспарту склалі 302,8 тыс. долараў – на 200 тысяч больш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам.


Не павінна ўзнікаць праблем у насельніцтва і з забеспячэннем палівам. Саманарыхтоўка ці дастаўка дроў да месца пражывання – калі ласка. З канца мінулага года, да таго ж, для кацельняў Камарына пачалі выпускаць паліўную шчэпку – дадатковы прыбытак дае  драбільная ўстаноўка.


Яшчэ адзін эканамічна выгадны крок – увод у эксплуатацыю ўжо з кастрычніка комплексу  для сушкі піламатэрыялаў, што дазволіць, па словах Івана Мікалаевіча, зменшыць транспартныя расходы і рэалізоўваць прадукцыю па больш высокай цане. 


Каб адчуваць запатрабаванасць як на айчынным, так і замежным рынку, патрэбна ўвесь час знаходзіцца ў пошуку. Новыя ідэі, планы і задумкі, прадпрымальнасць і ініцыятыва – тое, што дапамагае любой арганізацыі нават у самых складаных умовах трымацца на плаву. 


Праявіць сябе, дасягнуць поспеху


Любыя станоўчыя зрухі ў дзейнасці галіны – вынік зладжанай працы многіх людзей, сярод якіх ёсць і ўзнагароджаныя за адданасць справе, стараннасць і прафесіяналізм. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Шпетная з пачуццём гонару і глыбокай павагі называе прозвішчы не аднаго дзясятка сваіх калег:


– За плённую працу і вялікі асабісты ўклад у выкананне даведзеных заданняў 2010 і 2011 гадоў першы клас прысвоены памочніку ляснічага Лубяніцкага лясніцтва Віктару Захожаму. Ад Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь атрымаў грамату бухгалтар Петрыцкага лясніцтва Віктар Патапенка, падзяку – вадзіцель пажарнай машыны Мікалай Рабянок. Гомельскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне ўзнагародзіла Ганаровымі граматамі лясніка Камарынскага лясніцтва Уладзіміра Цалуйку і ляснічага Лубяніцкага лясніцтва Аляксандра Сяргеенку і аб’явіла падзяку бухгалтару Лубяніцкага лясніцтва Святлане Сяргеенцы.


А граматамі ДЛГУ “Камарынскі лясгас” адзначаны вынікі працы намесніка галоўнага бухгалтара ўстановы Тамары Повад, вальшчыка леса Лубяніцкага лясніцтва Віктара Сцецкага, трактарыстаў Савіцкага і Петрыцкага  лясніцтваў Віктара Сцецкага і Анатоля Зенько, лесаруба Жараўскага лясніцтва Міхаіла Сукача, укладчыка піламатэрыялаў цэха па перапрацоўцы драўніны Сяргея Жорава, лесніка Камарынскага лясніцтва Міхаіла Яшчанкі. Яшчэ 17 работнікам аб’яўлена падзяка.


Не забываюць у калектыве і пра ўклад у галіну сённяшніх 18 ветэранаў працы, вопыт і майстэрства якіх вельмі патрэбны маладым.
Вось так, на чале з нязменным на  працягу 28 гадоў   кіраўніком     Уладзімірам   Пашынскім,   вырашаюць  пастаўленыя задачы,   намячаюць   планы  і  дабіваюцца   поспехаў работнікі   лясгасу,  для  кожнага з якіх прыроднае багацце – маленькае  царства,   дзе  адпачывае душа і прыбаўляюцца   сілы. Вельмі важна, каб і кожны з нас навучыўся   бачыць  у  лесе   тое,   што   адчуваюць   яны  сваім  сэрцам.


Валянціна  БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *