Майстэрства – на вышыні

Грамадства

У  КСУП “Пераможнік” мы ехалі, каб сустрэцца з Валянцінай Боркінай. Шмат чулі пра яе, вядома, толькі станоўчага, ад спецыялістаў зааветслужбы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, таму хацелася асабіста пагутарыць з чалавекам, які дасягнуў у сваёй справе майстэрства.


Адразу накіраваліся на жывёлагадоўчы комплекс, дзе Валянціна Дзям’янаўна працуе на другім перыядзе. З васмі гадзін яна ўжо была тут, займалася прывычнымі клопатамі. На першы погляд, простымі і звычайнымі, але ж (высветлілася потым) прадуманымі да драбніц і тэхналагічна правільнымі.  Здробненую кукурузную масу раздае кормараздатчык. Насыпаць яе ў карыты можна з гарой, а потым выкінуць, калі жывёла не паела. Задача аператара па адкорме і вырошчванні – атрымаць ад затрачанага фуражу аддачу, у даным выпадку – высокія прывагі з найменшымі затратамі. Валянціна сама рэгулюе, колькі масы патрэбна яе гадаванцам. Учора, па яе словах, прывезлі больш, таму сёння “пайку” ўрэзала. Навошта марнаваць кармы? Ды і расход  паліва на іх дастаўку і раздачу павялічваецца, а яно каштуе не танна.


Акрамя масы, у рацыёне жывёлы – канцэнтраты, соль, неабходныя мікрадабаўкі. Даглядае Валянціна Дзям’янаўна маладняк буйной рагатай жывёлы пасля 6-месячнага ўзросту. Цялушак – да злучного ўзросту (да 350 кілаграмаў). Бычкоў перадае на адкорм раней, калі тыя важаць кілаграмаў 250. Ад старання аператара залежыць, як хутка яны дасягнуць патрэбнай кандыцыі, а ў канчатковым выніку – эканамічны эфект жывёлагадоўчай галіны, сярэднерэалізацыйная цана ялавічыны. З гэтага пункту  гледжання такія сумленныя працаўніцы, як Валянціна Боркіна – апора гаспадаркі,  яе залаты фонд. У пацвярджэнне сваіх слоў прывяду яшчэ адзін доказ. Даглядае  610 галоў (менш 500  у яе групах не бывае), фізіялагічны стан ведае кожнай жывёліны. Калі бачыць, што некаторыя з іх слабейшыя і іх “крыўдзяць”, забірае і змяшчае ў асобны станок, выдае больш канцэнтратаў,  павялічвае рацыён кармлення. У выніку аслаблены маладняк даганяе ў росце сваіх суродзічаў. Выконвае па-сутнасці  абавязкі заатэхніка.


Цяпер аб тым, чаму ў яе такая вялікая нагрузка,  замест 350 галоў даглядае амаль удвая больш. Працаваў побач з ёй мужчына, які заглядваў больш у чарку, чым  клапаціўся пра жывёлу. Ад такога гора-памочніка вырашылі пазбавіцца, і з таго часу, а гэта год пяць, Валянціна Дзям’янаўна выконвае абавязкі аператара другога перыяду  адна.


Трэба накарміць, напаіць бычкоў і цялушак, вычысціць кармушкі, праходы, стойлы, быць цэлы дзень на нагах. Да фізічнай нагрузкі прывыкла, як і да напружанага рытму дня. Калі справа падабаецца, ад яе атрымліваеш  радасць, пачуццё задавальнення. На жывёлагадоўчым комплексе яе працоўны стаж пачаўся ў 1991-м годзе, спачатку – на першым перыядзе, а пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску і па сёння – на другім. Родам Валянціна Дзям’янаўна з Малажына, у Малейкі, на цэнтральную сядзібу гаспадаркі, пераехала пасля замужжа. У яе сям’і трое дзяцей, якія з маленства дапамагалі маці  на рабоце.  Самая малодшая, Юля, зараз вучыцца ў 11-м класе, пасля школы хоча паступіць у Рэчыцкі зааветэрынарны каледж. Магчыма, выбар будучай прафесіі вызначыла для сябе ў тыя хвіліны, калі побач з маці даглядала жывёлу, якая прывыкае да пяшчотных чалавечых рук, нават інтанацыі голасу.  Жывая істота, як любая іншая, патрабуе свайго падыходу.


На тэрыторыі жывёлагадоўчага комплексу прысутнічаў намеснік дырэктара КСУП “Пераможнік” Васіль Протчанка,  які ахарактарызаваў Валянціну Дзям’янаўну як   чалавека, улюбёнага ў прафесію, сумленнага і шчырага. На жаль, не вельмі многа сёння такіх , каб  разумелі сутнасць справы, свае задачы і ролю, адказнасць перад калектывам, гаспадаркай.


Як  амаль кожная вясковая жанчына, наша гераіня трымае вялікую ўласную гаспадарку, паспявае і дома, і на вытворчасці.  Прывабная, сціплая, руплівая,  Валянціна Дзям’янаўна заслугоўвае таго, каб ёю захапляліся, ганарыліся, яе услаўлялі. І, вядома, былі ўдзячны за той уклад, які ўносіць у развіццё жывёлагадоўчай галіны КСУП “Пераможнік”.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *