Млын на колах

Сельское хозяйство

З яго дапамогай калектыў ААТ “Брагінаграсэрвіс”  не толькі забяспечвае жывёлагадоўлю паўнацэннымі камбікармамі, але і паляпшае сваё фінансавае становішча.


Аб існаванні перасоўнага млына ў нашым раёне мы даведаліся ад начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Хмелянка і адразу ж накіраваліся ў ААТ “Брагінаграсэрвіс”, каб паглядзець, што ён сабой уяўляе. Як аказалася, гэта аўтамабіль сумеснай вытворчасці (Беларусі і Аўстрыі), аснашчаны механізмамі, якія здрабняюць зерне, змешваюць яго з неабходнымі дабаўкамі і выдаюць паўнацэнны камбікорм. І хаця з’явіўся ён у красавіку, у работу ўключылі нядаўна, як толькі пачалося жніво і на зернетакі, у склады паступіла збожжа новага ўраджаю. Каб набыць млын на колах, кіраўніцтву адкрытага акцыянернага таварыства давялося ўзяць крэдыт на пяць гадоў, сума якога – адзін мільярд 200 мільёнаў рублёў.


Абслугоўвае тры раёны: Брагінскі, Лоеўскі і Хойніцкі. У дзень нашага наведвання рыхтаваць   камбікармы павінен быў у КСУП “Малажынскі”. Менавіта туды і накіроўваўся, узяўшы пуцёўку ў дыспетчарскай, Сяргей Гаўрыленка. Яму даверылі складаную тэхніку, працаваць на якой   цікава самому. Мы не бачылі, што ўяўляе сабой млын у разгорнутым выглядзе. На першы погляд,   звычайны аўтамабіль з прычэпам, а насамрэч – складаны механізм, да таго ж эканомны. Цяпер сельгасвытворцам не патрэбна ехаць за камбікармамі, абагачанымі мікрадабаўкамі, на камбінат. Дастаткова падаць заяву, і аўтамашына з’явіцца ў тым населеным пункце, які ўкажуць.


Дырэктар ААТ “Брагінаграсэрвіс” Сяргей Набок расказаў, што для гаспадарак нашага раёна яны закупілі 7,5 тоны сухога ферментна-дражджавого корму, які змешваецца з зернем з разліку 15 кілаграмаў на тону, каб у рацыёне жывёлы былі неабходныя мікраэлементы.
Кіраўнік з павагай гаварыў пра Сяргея Гаўрыленку, які працуе на незвычайнай машыне. Галоўнае,   – любіць і беражэ тэхніку, разбіраеццца ў ёй, эксплуатуе ўмела. Так і павінна быць, грошы ж за яе заплацілі немалыя.


Працуе вадзіцель у цесным кантакце з заатэхнікамі гаспадарак і пад іх кіраўніцтвам. Яны вызначаюць, колькі чаго дабаўляць пры прыгатаванні камбікорму, арганізоўваюць работу.  Калі да прыезду Сяргея Пятровіча ў сельгаспрадпрыемствах падрыхтаваліся, работа ідзе спарней, прастоі скарачаюцца да мінімуму. За дзень ён можа  змалоць 70-80 тон мукі, тэхнічныя магчымасці машыны гэта дазваляюць. А за месяц, па падліках дырэкцыі, яго млын выдаў 1400 тон.


Цяпер справа за жывёлаводамі, ім застаецца адно: рацыянальна выкарыстаць прыгатаваны корм і атрымаць высокія надоі і прывагі.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *