Шчыра запрашаем

Общество

З першых дзён верасня актывізавалася  гуртковая дзейнасць ва ўстановах культуры раёна. Так, у Брагінскім РДК функцыянуе 13 клубных фарміраванняў. Адметна тое, што два з іх маюць званне народнага аматарскага калектыву. Гэта эстрадная студыя “Музычны лабірынт” і вакальна-інструментальны ансамбль “Бравіа”.


Студыю эстраднай песні “Музычны лабірынт” дырэктар раённага Дома культуры Сяргей Краўчанка стварыў у 2003 годзе. Галоўны напрамак у рабоце – удасканальванне вакальнага майстэрства, пошук і развіццё новых талентаў. У манеры выканання пераплятаюцца розныя стылі: рэтра, сучасная эстрада, лірыка. Вядзецца актыўная канцэртная дзейнасць, кожны год  – каля 20 выступленняў на розных сцэнах. Калектыў у пастаянным пошуку, імкнецца рэалізаваць свае творчыя задумы перад слухачамі гарадоў і вёсак.


Узнагароджаны граматамі абласных фестываляў “Эстрадная палітра”, “Студэнцкі шлягер”, “Песні нашых бацькоў”. Сёння тут займаюцца людзі розных спецыяльнасцяў і прафесійнага ўзроўню: работнікі камунальнай службы і ўстаноў культуры, спажывецкай кааперацыі, дзяржаўныя служачыя, выкладчыкі. Студыя эстраднай песні “Музычны лабірынт” працягвае набор і ў гэтым годзе.


Вакальна-інструментальны ансамбль “Бравіа” існуе з 1998 года (кіраўнік – Вячаслаў Гаршкоў). За гэты час набыў заслужаны аўтарытэт, яго творчы і прафесійны ўзровень ацанілі гледачы не толькі ў сваім раёне, але і за яго межамі. Дыпламант фестывалю “Студэнцкі шлягер”, пераможца фестывалю маладых выканаўцаў “Песні нашых бацькоў”. У рэпертуары – песні, інструментальныя творы беларускіх, расійскіх і замежных кампазітараў.


У мяне даўно была мара аб’яднаць ветэранаў вайны і працы ў клубе па інтарэсах. Ажыццявілася яна ў 2009-м, калі клуб пачаў сваю дзейнасць. Гэтая творчая грамадская арганізацыя мае свой статут, нават гімн. Ствараўся з мэтай задавальнення рознабаковых інтарэсаў пажылых  людзей, арганізацыі іх вольнага часу. Тут можна знайсці занятак, да якога ёсць схільнасці.  Аматары спеваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, чытальнікі баек і вершаў, руплівыя гаспадыні, якія дзеляцца сваімі кулінарнымі рэцэптамі, цяпер разам у будні і святы.


Актыўныя ўдзельніцы клуба – Наталля Нікіценка, Маіна Мацюшэнка, Кацярына Протчанка, Тамара Судак, Тамара Халіманчык, Святлана Ганчарэнка і інш. На пасяджэнне клуба запрашаюць усіх, хто малады душой, поўны сілаў і аптымізму.


Вакальная жаночая група “Бліскавіца” і яе кіраўнік Ігар Сініла займаюцца ўдасканальваннем выканаўчага  майстэрства, развучвае песні беларускіх і рускіх кампазітараў, народныя песні. Асноўны касцяк групы складаюць Ірына Гаршкова, Ала Злыдзенка, Людміла Пянько, Таццяна Мядзведзь, Наталля Нікіценка, Маіна Мацюшэнка.


Папулярнасцю ў падлеткаў і дзяцей карыстаецца гурток вакальных спеваў “Гармонія”. Заслуга ў гэтым іх кіраўніка Рамана Цеслянка. Выступленні  маленькіх  салістаў Брагіншчыны спадабаліся не толькі жыхарам нашага раёна, але і вобласці. Будучыя “зоркі” чаравалі сваімі галасамі ў час правядзення грамадска-сацыяльнай акцыі “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”, фестывалю “Залатая пчолка”.


Гуртком мастацкага чытання кіруе Ірына Нікіценка. Яна сабрала вакол сябе дзяцей, якія любяць і разумеюць паэтычнае слова, вучацца прыгожа чытаць і дэкламаваць.


З чэрвеня гэтага года працуе гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Саломапляценне”. Вырабы з прыроднага матэрыялу карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў, а плесці з саломкі, вырабляць рэчы можна навучыцца пад кіраўніцтвам Марыны Шуленкі.


Дзіцячая відэастудыя “Альфа” пад кіраўніцтвам Рамана Цеслянка пачала сваю дзейнасць з работы над відэастужкай да 25-годдзя аварыі на ЧАЭС “Чарнобыль вачыма дзяцей” і заняла прызавое месца на кінафестывалі дакументальных дзіцячых відэафільмаў “Хрустальнае бусляня”.


Гурткі “Юны гукааператар” і “Школа DJ” (кіраўнік – Яўген Кукуеў), “Юны мастак” (кіраўнік Аляксандр Катэба) дапамогуць пашырыць кругагляд дзяцей, развіць іх усебаковыя інтарэсы, здольнасці.


На занятках гуртка тэатральнага мастацтва “Задзіры” (кіраўнік – Святлана Русак) можна сустрэцца з любімымі казачнымі героямі, арганізаваць самыя цікавыя гульні, паўдзельнічаць у конкурсах.


Існуюць яшчэ два харэаграфічныя гурткі для дарослых і дзяцей. Яскравыя танцы, сапраўдныя міні-спектаклі, прыгожыя касцюмы, творчыя задумы кіраўніка Аксаны Галяк прыцягваюць дзяцей і дапамагаюць не толькі вывучыць складаныя “па”, але і паверыць у свае сілы.


Заняткі ў гуртках выхоўваюць у дзяцей веру ў сябе, культуру адносін, дапамагаюць выявіць таленты і прадвызначыць далейшы лёс.


Заняткі ў клубных фарміраваннях – гэта вялікае поле для творчасці, рэалізацыі сваіх здольнасцяў, пошук цікавых формаў для арганізацыі вольнага часу.


Любоў ДУБАТДЗЕЛ,
метадыст Брагінскага РДК



Пакінуць адказ