Тэрмін – да 25 верасня

Сельское хозяйство

Да  гэтага  дня  неабходна  завяршыць  уборку вырашчанага  ўраджаю


У мінулы панядзелак у райвыканкаме адбылася нарада з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама Валянціна Барысенкі, на якой прысутнічалі старшыня райвыканкама Аляксандр Ятчанка і яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў і абслугоўваючых арганізацый, спецыялісты райсельгасхарчу. Запрашаліся таксама кіраўнікі суседніх раёнаў – Хойніцкага і Лоеўскага.


Валянцін Васільевіч паставіў задачы перад працаўнікамі аграпрамысловага комплексу па завяршэнні палявых работ. Асноўная з іх – вызначыць ролю ўсіх структур у вытворчым працэсе, давесці ўмовы аплаты працы да кожнага механізатара, забяспечыць харчаваннем. Гэта ўжо клопат прафсаюзных арганізацый, ідэолагаў, якія павінны сказаць сваё слова і праявіць сумесна з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў клопат пра людзей.


Вырошчванню кукурузы ў раёне, вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага, сёлета каралева палёў парадавала добрым ураджаем. Патрэбна вызначыць, якія плошчы будуць убірацца на зерне, а якія – на сілас. Не знікае з парадку дня пытанне забеспячэння гаруча-змазачнымі матэрыяламі, гатоўнасці сельгасмашын. Ведаць тэхнічны стан кожнага трактара – абавязак інжынернай службы. Як і дазапраўка тэхнікі ў полі, арганізацыя рамонту, пастаноўкі на захоўванне.


Увосень работ восем – гэта вядома ўсім, таму рабочы час устанаўліваецца з 6.30 і заканчваецца з наступленнем цемры. Толькі такім чынам можна выйсці на патрэбны тэмп уборкі (5% у дзень). Асабліва востра стаіць пытанне якасці, незалежна ад таго, ці гэта ўборка ўраджаю, падрыхтоўка плошчаў пад сяўбу, зяблевае ворыва, ці трамбоўка сіласнай масы.


Завяршыць сяўбу азімых культур, уборку бульбы, гародніны, кукурузы неабходна да 25 верасня.


Затым  слова трамаў першы намеснік  старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Валянцін Хмелянк. Ён адзначыў, што пастаўленыя задачы працаўнікам АПК Брагіншчыны пад сілу, вядуцца ўсе віды палявых работ. Што датычыць   кукурузы, то 53%   плошчаў  ужо зжата, задзейнічана сем камбайнаў “Ягуар”, усе пытанні абмеркаваны перад пачаткам уборкі на раённым семінары. Каб укласціся ў вызначаныя тэрміны, патрэбны яшчэ чатыры энерганасычаныя трактары і  шэсць аўтамабіляў МАЗ.


Дырэктар КСУП імя Жукава Рыгор Дзегцярэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што гарантыйная тэхніка працуе, вобразна кажучы, “на чэсным слове”. Для правядзення сяўбы азімых не хапае энерганасычанага трактара.


Тамара Кудан, дырэктра КСУП “Брагінка”, праінфармавала, што сельгаспрадпрыемству неабходны транспарцёры для бульбаўборачнага камбайна КПК-2, а “Чамярыскаму”, па словах кіраўніка Генадзя Краўчанкі, – аўтамашына для адвозкі зялёнай масы.


Высветлілася і тое, што ў абслугоўваючай арганізацыі не створаны рэзерв запасных частак. У прыватнасці, гэтую праблему агучыў дырэктар КСУП “Саўгас “Камарынскі”  Рыгор    Анапрэенка. Ён расказаў, што гаспадарка плануе пасеяць больш трох тысяч гектараў, а энерганасычаных трактароў не хапае.


Для трактара МТЗ 3022 спатрэбіліся спружынкі коштам 15 тысяч рублёў. Рамотнікі ж прапанавалі  купіць так званы “кошык” у зборы за 9 млн. З такой сітуацыяй сутыкнуліся працаўнікі КСУП “Малажынскі”.


Намеснік старшыні аблвыканкама Валянцін Барысенка папрасіў прадставіць яму падрабязную інфармацыю, якой тэхнікі не хапае ў гаспадарках раёна і запатрабаваў строгага выканання дысцыпліны, у тым ліку і тэхналагічнай.


Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *