Удачы вам і новых поспехаў

Сельское хозяйство

У кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць людзі, на якіх трымаецца вытворчасць. Іх рукамі ствараюцца матэрыяльныя каштоўнасці, адраджаюцца вёскі, пішацца гісторыя роднага краю. КСУП “Пераможнік” сёння не ў лідарах, у раёне ёсць гаспадаркі, якія дасягнулі лепшых вытворчых паказчыкаў, асабліва ў жывёлагадоўлі. Але няправільна было б абысці ўвагай тых, хто аддае працы ў сельскай гаспадарцы не менш сілы, чым іх калегі з суседніх КСУПаў, дзе і надоі вышэйшыя, і ўраджаі лепшыя.


Перш чым паехаць на поле, дзе ішла ўборка ўраджаю, мы пагутарылі з намеснікам дырэктара Васілём Протчанкам. Ён расказаў, як арганізаваны палявыя работы. Уборку кукурузы на “Ягуары” вядзе Уладзімір Боркін. За дзень закладваецца 600-700 тон масы. Уладзімір Аляксеевіч  вельмі сціплы чалавек, мабыць, пагэтаму заўсёды адмаўляецца ад нашай прапановы сфатаграфавацца  для газеты. Сустрэцца з ім можна ў час шанавання лепшых   працаўнікоў АПК у раённым Доме культуры, куды яны прыязджаюць напярэдадні свайго прафесійнага свята. Мы не крыўдуем на яго і заўсёды жадаем моцнага здароўя і новых здабыткаў. Сарамлівасць – не самая горшая рыса характару людзей.


Падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых вядуць Міхаіл Дарошчанка (ворыва), Сяргей Катлярэнка (працуе з дыскатарам). Падмурак ураджаю-2012 закладвае Сяргей Сідарок, які засявае за дзень 50-гектарную плошчу. З гэтым механізатарам мы сустракаліся вясной, яго здымак быў змешчаны на старонках мясцовага выдання. Догляд пасеваў вядзе Уладзімір Карпенка.


У ліку трох вадзіцеляў, якія адвозяць зялёную масу, Васіль Іванавіч назваў Міхаіла Шаўчэнку. У той дзень з раніцы яго ГАЗ-53 Б быў задзейнічаны на адвозцы морквы. Цікавы суразмоўца, неабыякавы чалавек. Ёсць у яго працоўнай біяграфіі некалькі момантаў, якія выпадковымі не назавеш.


Пасведчанне вадзіцеля атрымаў перад арміяй у Брагінскім ДТСААФ, за баранку аўтамабіля сеў у час службы. Пасля  з арміі выбранай прафесіі ўжо не здраджваў. Узгадвае першыя гады працы ў калгасе (на той момант). Выдзелілі яму аўтамашыну-равесніцу. Міхаілу было 26 год, а яго “сяброўцы на колах” – 27. Перабраў усю сваімі рукамі, яшчэ працаваў на ёй не адзін год. У 1986-м з Саранска прыгнаў ГАЗ-53 Б, ездзіў па аўтамашыну разам з іншымі вадзіцелямі як прадстаўнік Калінкавіцкай сельгастэхнікі за 1600 кіламетраў. Вось ужо 25 гадоў служыць яна Міхаілу Іванавічу  дзякуючы яго ўмелым рукам. Праўда, бывае, што і капрызіць, як было сёлета ў час жніва. Спатрэбілася новая запчастка, якую не змаглі хутка знайсці і купіць. На вытворчасці здараецца ўсякае.


Прыемна сустракацца з тымі, пра каго ўжо расказвалі на старонках “Маяка Палесся”. Дзмітрый Жураў раней працаваў у КСУП “Брагінскі”, зараз – у КСУП “Пераможнік”. Убіраў бульбу як у гаспадарцы, так і на людскіх сотках, а зараз дайшла чарга і да морквы.


Вырошчванню гародніны ў раёне ўдзяляюць немалую ўвагу, каштоўная вітамінная культура сёлета запатрабавана. Ды і надвор’е спрыяе таму, каб работа на палях ладзілася. Няхай шанцуе працаўнікам вёскі і ў рэалізацыі сваёй прадукцыі, каб затраты акупіліся, а людзі, якія прыклалі для гэтага намаганні, былі ўзнагароджаны.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *