ВЁСАЧКА МАЯ…

Грамадства

Родны куточак з  вялікімі і  маленькімі  вёсачкамі,  знаёмымі з дзяцінства краявідамі, дагледжанымі  палеткамі, багатым мінулым і своеасаблівай культурай, жыццёвымі заняткамі, працавітымі людзьмі. Якія шырокія магчымасці адкрывае ён для пошуку, даследаванняў, нават адкрыццяў! Дастаткова толькі пачуць мясцовыя песні, легенды і паданні, даведацца пра абрады і звычаі, раскрыць таямніцы геаграфічных назваў, углыбіцца ў гісторыю… Усё гэта настолькі зацікавіла і захапіла калектывы Чамярыскага вучэбна-педагагічнага комплексу і Камарынскага цэнтра дзіцячай творчасці, што вынікі сваіх даследаванняў вырашылі пакласці ў аснову конкурсных работ. І не пашкадавалі, адчулі радасць поспеху: сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу летапісаў родных мясцін “Мая вёска, мой горад”.


Перагортваю старонкі, і ўсё больш упэўніваюся: такі багаты матэрыял нельга сабраць за некалькі дзён, стыхійна. На гэта, як пацвердзіла кіраўнік гуртка “Наша спадчына”, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Чамярыскага комплексу Ганна Леанідаўна Дзямяненка, пайшлі гады. Усё набытае за іх, дарэчы, нават не змясцілася ў  летапісе вёскі Чамярысы. Гэта толькі частка. Работа ўключае ў сябе гісторыка-дакументальныя матэрыялы, успаміны мясцовых жыхароў, даследчую дзейнасць вучняў і педагогаў,  публікацыі сродкаў масавай інфармацыі, якія прысвечаны дасягненням працаўнікоў гаспадаркі, копіі ўзнагарод, фотаздымкі родных мясцін і землякоў.


У своеасаблівай энцыклапедыі населенага пункта знайшлі адлюстраванне лёсы некалькіх пакаленняў, гістарычныя падзеі і факты. У ім ёсць месца і подзвігам падчас Вялікай Айчыннай вайны, і руплівай працы, і народным традыцыям, і прыродным багаццям роднага краю. А колькі могуць расказаць пра характар вяскоўцаў, іх схільнасці і асаблівасці побыту тапонімы, з якіх па сутнасці складаецца мова зямлі.


Толькі каб “расшыфраваць” імя кожнай мясцінкі, трэба старанная праца над кнігамі, дакументамі, уменне слухаць людзей, разважаць. У вучняў Чамярыскага комплексу гэта атрымалася. Пад умелым кіраўніцтвам Ганны Леанідаўны і яе калегі Алесі Валер’еўны Ляпешкі, настаўніцы геаграфіі, гурткоўцы “Нашай спадчыны”, а гэта сённяшнія дзесяцікласнікі Віта Кудранок, Сямён Пішчук, Дар’я Сніцарэнка, Анастасія Краўчанка, Надзея Ціханчук і інш., з задачай  справіліся на “выдатна”. Дыплом першай ступені упраўлення адукацыі аблвыканкама і Гомельскага дзяржаўнага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі – яскравае пацвярджэнне каштоўнасці падрыхтаванай працы, якая, па меркаванні аўтараў, дапаможа прасякнуцца пачуццём глыбокай удзячнасці мінулым пакаленням за іх спадчыну. Работа ў даным напрамку яны плануюць працягваць.


Не меншай увагі заслугоўваюць і вынікі  даследчай дзейнасці выхаванцаў Камарынскага Цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам Тамары Міхайлаўны Глуўко, Аксаны Мікалаеўны Крывалапавай і Алены Рыгораўны Леўчанкі, якія склалі летапіс вёскі Кацічаў.


“Чарнобыльская катастрофа пакінула пасля сябе забруджаныя і небяспечныя для жыцця тэрыторыі, на якіх населеныя пункты сталі страчанымі  для людзей назаўсёды. Некаторыя з іх пахаваны пад тоўшчай зямлі, другія проста занядбаны. Сярод іх і маленькая вёска Кацічаў, што размешчана на паўднёвым захадзе Брагінскага раёна. Нашчадкі вырашылі аднавіць і захаваць для будучых пакаленняў гісторыю малой радзімы сваіх дзядоў і прадзедаў, даць магчымасць убачыць ужо больш не існуючыя краявіды, а таксама тых, чые сляды пакрыху знікаюць, але не павінны быць сцерты з людской памяці.” Так тлумачаць сваю задуму аўтары праекта. 


А пачалося ўсё таксама некалькі гадоў таму: на даследаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны натхніла Тамара Міхайлаўна, якая дзесяць год узначальвала гурток “Краязнаўства”. Па волі лёсу і ёй, ураджэнцы Кацічава, давялося пакінуць у свой час дарагія сэрцу мясціны.  Але не забыць нікому з перасяленцаў дачарнобыльскія будні і святы, паражэнні і перамогі, землякоў, якімі ганарацца. Вось і было вырашана звярнуцца не толькі да літаратурных крыніц, але і да сведкаў мінулага, прайсці вясковымі сцежкамі самім, каб прасачыць за гісторыяй пацярпелага населенага пункта, выявіць малавядомыя падзеі і факты, адметнасці культуры яго жыхароў.  Вынікі такога ўсебаковага даследавання,  сістэматызаваныя, абагуленыя звесткі і выліліся ў грунтоўную работу: летапіс адзначаны дыпломам другой ступені. Але галоўнае – пошукавая дзейнасць адкрыла падрастаючаму пакаленню шлях да гістарычных і культурных каштоўнасцяў.


–Мы даведаліся, – дзеліцца Марына Раманенка, – чым займаліся, як гаспадарылі, адзначалі святы сельскія жыхары. Уявіце: першая хата ў Кацічаве была пабудавана з дрэва без адзінага цвіка! Гэта быў дом лесніка.


–А ў Вялікую Айчынную вайну, – уступае ў размову Максім Крывалапаў, – паўз гэтую вёску, па словах сведкаў, часта праходзіла сувязная партызанскага атрада імя Чапаева, ураджэнка былога Чарнобыльскага раёна Паша Асядач. Па дарозе ад Кацічава да Карлаўкі, пры выкананні чарговага задання, яна была схоплена немцамі і паліцаямі. Доўга катавалі дзяўчыну ў лесе ворагі, ды ніякіх звестак аб партызанах так і не дабіліся. Знайшлі яе, нежывую, мясцовыя жыхары і паведамілі аб гэтым сваякам з вёскі Аляксандраўкі, дзе партызанку і пахавалі. А пасля вайны астанкі Пашы Асядач перавезлі на яе  радзіму. Памяць аб сувязной свята ўшаноўваюць на нашай зямлі: на месцы гібелі дзяўчыны, у сасновым лесе каля Кацічава,  устаноўлены помнік.


Адкрыццём для гурткоўцаў быў таксама факт пражывання ў гэтым населеным пункце вядомага мастака В. Шматава, сям’я якога пераехала туды з Камарына. Неаднаразова арганізаваныя потым Віктарам Фёдаравічам этнаграфічныя экспедыцыі ў выселеныя вёскі дапамогуць больш дасканала вывучыць быт і культуру насельніцтва Брагіншчыны, стварыць у Мінску музей. Нямала экспанатаў было сабрана і ў Кацічаве.


Вось так, знаёмячыся з жыццём землякоў з яго кранальнымі падрабязнасцямі, і знаходзяць новыя пакаленні падставы для гонару за сваю зямлю і яе людзей, на чым грунтуецца любоў да Айчыны, жаданне працаваць для яе. Мінулае, сучаснае і будучае – яны зусім розныя, але цесна звязаны паміж сабой: толькі ведаючы мінулае, можна зразумець сучаснасць і зазірнуць у будучыню. Даведацца, кажучы словамі класіка, хто мы, адкуль мы, да чаго iдзем…


Цяпер перад творчымі калектывамі Чамярыскага вучэбна-педагагічнага комплексу і Камарынскага Цэнтра дзіцячай творчасці стаіць яшчэ больш адказная задача – абарона сваіх работ на рэспубліканскім узроўні. А ў якасці заахвочвання за перамогу ў абласным этапе конкурсу, што праводзіцца ў рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», –  адпачынак у Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *