Віталі песнямі, радавалі танцамі

Грамадства

Наша вёсачка Пераносы, як гэта ні сумна канстатаваць, аднесена да ліку неперспектыўных. Але ж і тут жывуць людзі, якія маюць права на якаснае і разнастайнае культурнае абслугоўванне, адпачынак. На днях да нас завітала агітацыйная брыгада Брагінскага РДК пад кіраўніцтвам Сяргея Краўчанкі.


Жыхары вёскі сустракаюцца з гэтым творчым калектывам не ўпершыню, таму ўжо каля 12 гадзін сабраліся каля магазіна, размясціліся на самаробных прыстасаваных лаўках. Многія прыйшлі са сваіх агародаў, кінулі капаць бульбу. Даўно не назірала, каб жыхары так спяшаліся і ішлі па вуліцы групкамі, нібы на дэманстрацыю.


Вядучая Ала Злыдзенка звярнулася з прывітальнымі словамі да старых і малых, пажадала ўсяго  найлепшага. Культработнікі знайшлі падыход да кожнага прысутнага, гучалі песні на любы густ. А вяскоўцы былі не проста гледачамі, а актыўна ўключаліся ў творчы працэс: спявалі, танцавалі. Пасля кожнага канцэртнага нумара дарылі самадзейным артыстам кветкі.


Добры душэўны настрой, пазітыўныя эмоцыі выклікалі песні “Ой, сад-вінаград”, “Вочы чорныя”, “Ляцеў воран”, “Цячэ вада ў ярок”, а таксама беларускія народныя песні, якія спявалі Людміла Пянько, Таццяна Мядзведзь, Алена Уласенка, Марына Шуленка, Ірына Нікіценка, Святлана Русак. Рэпертуар удзельнікаў агітацыйнай брыгады значна папоўніўся. Прычым не толькі народнымі мелодыямі, але і сучаснымі творамі. Жыхары дружна падпявалі артыстам, разам з імі выконвалі да болю знаёмыя песні, бо, як людзі кажуць:


Народная песня –
                як дзіўная казка,
Народная песня –
                як матчына ласка,
Сабраны ў той песні
                крыштальныя словы,
Крынічныя словы
                матчынай мовы.
Да гэтых крыніц
                прыпадайце часцей
І будзеце вы і дабрэй, і чысцей!


Людзі прасілі спяваць яшчэ і яшчэ, потым пачалі танцаваць падыспан, польку беларускую, выконвалі прыпеўкі. Такія мерапрыемствы неабходны як паветра, бо робяць нас чысцейшымі душой.


Алена ШУБЯНОК,
жыхарка в. Пераносы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *