Вынікі, рэальнасць, прагнозы

Сельское хозяйство

Аналіз работы  жывёлагадоўчай галіны – не проста чарговае мерапрыемства, але і падстава зверыць абазначаны курс і падкарэкціраваць яго, а калі неабходна – змяніць накірунак дзейнасці. На гэты раз разбор формы №24 праходзіў не на базе адной з гаспадарак раёна, а ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Размова ішла аб дасягненнях за восем месяцаў.


Перад шматлікай аўдыторыяй,  акрамя кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, прысутнічалі зааветспецыялісты – выступіла спачатку начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка. Яна расказала, як ідуць справы з выкананнем прагнозных паказчыкаў, што патрэбна зрабіць, каб дасягнуць добрых вынікаў работы за дзевяць месяцаў бягучага года.


Галоўны заатэхнік упраўлення Пётр Пінчук зрабіў падрабязны аналіз вытворчых паказчыкаў. Так, на 1 верасня 2011 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 27 765 (102,8%), што на 758 галоў больш мінулагодняга. Мінусуюць дзве гаспадаркі – КСУП “Брагінскі” і “Пераможнік”. Тут і надоі малака, яго продаж ніжэй узроўню 2010-га.


Хаця вытворчасць малака дасягнула 102,1%, але ж заданне не выканана (92,4%). Рэалізацыя склала 104,7%, таварнасць – 81,7%. На выпайванне аднаго цяляці пайшло 598 кілаграмаў малака, а ў КСУП “Брагінскі” – 1052. У гэтай гаспадарцы і таварнасць ніжэй 80%.


У разліку на карову атрымана па 3244 кілаграмы малака. Не выйшаў на трохтысячны рубеж  па надоі КСУП “Пераможнік”.


Вытворчасць мяса  – 104,3%, ніжэй мінулагодняга толькі ў КСУП “Пераможнік”. Сярэднясутачныя прывагі атрыманы па 626 грамаў. У КСУП “Малажынскі” яны менш 600 г. У жніўні вытворчасць мяса склала 107,6%. Не дасягнулі мінулагодняга паказчыка па прывагах жывёлаводы КСУП “Пераможнік”, менш 600 грамаў склалі сярэднясутачныя прывагі ў КСУП “Малажынскі”, КСУП “Саўгас “Камарынскі”. Гэтыя гаспадаркі на працягу месяца будуць абследаваны спецыялістамі аблсельгасхарчу.


Усе КСУПы павялічылі пагалоўе свіней. Вытворчасць свініны за студзень-жнівень не дасягнула 100% (91,8%). У ліку тых, дзе яна менш узроўню 2010-га года, КСУП імя Жукава, “Малажынскі”. Пётр Валер’евіч падкрэсліў, што свінагадоўля будзе прыбытковай толькі ў тым выпадку, калі на адкорме застанецца 40% пагалоўя, у нашых гаспадарках – 28%.


Галоўны заатэхнік завастрыў увагу на пастаноўцы жывёлы на стойлавае ўтрыманне. З летніх лагероў яе неабходна перавесці ў падрыхтаваныя памяшканні, наладзіць кармленне згодна з фізіялагічным станам, збалансаваць рацыён па цукру.


Асобна спыніўся на клетках-доміках. Не на ўсіх фермах іх хапае, а тыя, што эксплуатуюцца, патрэбна своечасова ачашчаць. Тут пастаянна павінны быць камбікармы і вада. Пачалася ўборка морквы, у меню цялят для збалансаванасці рацыёну неабходна  ўключаць і яе. Маладняку старэй шасці месяцаў патрэбна выдаваць кармавыя буракі.


Што паказала ўзаемаправерка гатоўнасці жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага перыду, стала вядома з выступлення намесніка начальніка ўпраўлення Мікалая Раманюка. У КСУП імя Жукава, напрыклад, утрымліваецца 2954 галавы буйной рагатай жывёлы, якая размесціцца на чатырох фермах. У цэлым памяшканні падрыхтаваны. Мікалай Аляксеевіч ахарактарызавала становішча ў кожным сельгаспрадпрыемстве, звярнуўшы ўвагу на недапрацоўкі. Іх яшчэ хапае. Не ўсюды пабелены і прадэзінфіцыраваны памяшканні, адрамантаваны падлога, дзверы і вокны, ачышчаны кашары, добраўпарадкавана тэрыторыя, уцеплены дах. А ўсяго ў зімова-стойлавы перыяд 2011-2012 гг. у гаспадарках раёна будзе ўтрымлівацца 27 765 галоў буйной рагатай жывёлы на 41 ферме ў 144 памяшканнях.


Былі прааналізаваны пытанні захаванасці пагалоўя (справаздачу зрабіла галоўны ветурач раёна Анастасія Абашына), а таксама ўзнаўлення статкаў, на чым спыніўся галоўны заатэхнік-селекцыянер Брагінскага філіяла РСУП “Гомельаблдзяржплемпрадпрыемства” Іван Кучык.


Абагуліў сказанае, падвёў вынікі работы жывёлаводаў раёна за восем месяцаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Хмелянок, які спыніўся на такіх важных момантах, як выкананне прагнозных паказчыкаў, нарошчванне вытворчасці прадукцыі ферм, уборка ўраджаю і нарыхтоўка кармоў.


У рабоце нарады прыняў удзел і выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Ятчанка.


Ніна СІНІЛАВА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *