Захоўваюць традыцыі продкаў

Грамадства

На сучасным этапе імклівымі тэмпамі развіваецца працэс стварэння святочнай культуры беларусаў, пабудаванай  перш за ўсё на старадаўніх мастацкіх традыцыях народа.  Шырокае  распаўсюджванне ў Беларусі атрымалі народныя святы ўсіх каляндарных цыклаў. Наш раён — не выключэнне. Работнікі культуры прыкладваюць намаганні для развіцця і захавання рэгіянальнай спадчыны.


БУРКІ


“Вось і наступіў доўгачаканы час – прыйшоў на зямлю святы Спас”, – такімі словамі пачалася тэматычная канцэртна-гульнявая праграма самадзейных артыстаў Брагінскага РДК, прысвечаная праваслаўнаму святу. Канцэртную праграму распачалі работнікі культуры Сяргей Даўгулявец і Ігар Сініла, якія сваімі песнямі павіншавалі прысутных і пажадалі цудоўнага адпачынку.


Дырэктар цэнтра культуры і вольнага часу Аляксандр Раманюк, культарганізатар Наталля Раманюк і бібліятэкар Алена Раманюк добра падрыхтаваліся да мерапрыемства, падабралі тэматычны матэрыял аб свяце нашых продкаў, зрабілі выставу народных вырабаў, традыцыйных народных прысмакаў.


Добры настрой прысутным падаравалі вакальная жаночая група “Бліскавіца” Брагінскага РДК у складзе Наталлі Нікіценкі, Маіны Мацюшэнкі, Ірыны Гаршковай і Алы Злыдзенкі пад кіраўніцтвам Ігара Сінілы, а таксама салісты Ірына Нікіценка, Святлана Русак, Надзея Акшасяк. Танцавала Марыя Марчанка, гукааператар – Яўген Кукуеў. Людзі былі зачараваны песнямі ў выкананні Вячаслава Гаршкова. Ён выступіў настолькі паспяхова, што ўдзячная публіка крычала “брава” і не адпускала са сцэны.


Святочны настрой дапаўняла мноства кветак у клубнай установе, прыгожа расстаўленыя кнігі і мэбля. Было ўтульна і светла. А на наступны дзень паслухаць любімыя песні змаглі работнікі зернятока КСУП імя Жукава на сваім працоўным месцы. Хлебаробы былі ўдзячны самадзейным артыстам за дастаўленыя хвіліны радасці.


СЦЕЖАРНАЕ


Выступленне канцэртнай групы Брагінскага РДК у в. Сцежарнае  стала для жыхароў урачыстай падзеяй. У дзень праваслаўнага свята Успенія Прасвятой Багародзіцы (Прачыстай) зала была запоўнена, вяскоўцы сустракалі кожны нумар дружнымі апладысментамі.


Сцежарнае вядома з пісьмовых крыніц ХІХ стагоддзя як вёсачка Брагінскай воласці Рэчыцкага павета. У пачатку ХХ ст. з’яўлялася цэнтрам сельскага Савета, у той час тут  працавалі ветраны млын, воўначасалка і кузня, пражывала больш 700 чалавек. Сёння – каля 200 жыхароў, ёсць сельскі клуб, бібліятэка, пачатковая школа, дзіцячы садок, магазін, машынна-трактарны двор, малочнатаварная ферма. Большасць сцежаранцаў – старэйшага ўзросту, але і яны, і моладзь свята захоўваюць традыцыі продкаў. Аб гэтым і расказала ў пачатку канцэрта  загадчыца  клуба  Галіна Гаўрыленка.


Выстава ручнікоў,  посцілак радавала вока багаццем  і  непаўторнасцю фарбаў, а вырабы гурткоўцаў клуба “Умелыя ручкі” і экзатычныя вазоны з раслінамі зачароўвалі. Работніцы клуба і бібліятэкі добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол установы культуры, і як сапраўдныя фларысты, правільна падабралі і высадзілі восеньскія кветкі на клумбах, знайшлі месца для малых архітэктурных форм. Наогул, парадак адчуваецца ва ўсім.


Жыхары дзякавалі самадзейным артыстам, гаварылі, што гэтае тэматычнае песеннае свята падоўжыла ім жыццё на дзесяць гадоў і запрашалі прыязджаць яшчэ.


КАВАЛІ


Далёка за межамі раёна вядомы вакальны ансамбль з Малажынскага цэнтра культуры і вольнага часу “Крыніца”, які фарміраўся на працягу апошніх 30 гадоў. Па крупінках падбіраўся рэпертуар. Уся творчая дзейнасць вясковых артыстаў садзейнічае развіццю і захаванню народнай спадчыны і традыцый Брагіншчыны, напеваў свайго рэгіёну, далучэнню дзяцей і моладзі да культуры малой радзімы, павышэнню якасці канцэртнага абслугоўвання ў маланаселеных вёсках. У дзень Успення Прасвятой Багародзіцы малажынцы наведалі Кавалі, якія вядомы з рукапісных крыніц ХІХ стагоддзя як вёска ў Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета.  Зараз  тут пражывае больш  150  чалавек, у асноўным сталага ўзросту. Аб гісторыі населенага  пункта  паведаміла вядучая  Ірына  Нікіценка.


Радавалі вяскоўцаў самабытным талентам  захавальніцы  аўтэнтычнага фальклору  Тамара  Філон,  Валянціна Плюшчай.  Самадзейныя  артысты  выконвалі гістарычныя, гульнявыя,  карагодныя, абрадавыя песні,  песні   беларускіх кампазітараў.   Належная  ўвага  надаецца тым музычным   творам,  якія бытавалі ў рэгіёне  да аварыі на Чарнобыльскай АЭС.


Не першы дзясятак гадоў спяваюць у творчым калектыве, а цяпер дораць свой талент слухачам  Таццяна Мялега, Ганна Харко, Таццяна Давыдоўская, Святлана Яснавец, Міхаіл Калясан, Фёдар Шынкарэнка, Марыя Флісарэнка і інш.


У Малажынскай клубнай установе ёсць усе  ўмовы для далейшага развіцця народнага мастацтва.  Дырэктар Канстанцін Харко прыкладвае для гэтага нямала намаганняў.


Песнямі   ўшаноўвалі працаўнікоў сяла, мнагадзетныя і маладыя сем’і, ветэранаў працы. Калектыў “Крыніца” ўпэўнена крочыць наперад, прапагандуе беларускую народную творчасць, не страчвае  рэгіянальны каларыт.


МАЛЕЙКІ


Памяшканне ўстановы культуры радуе сваёй утульнасцю, свежа пафарбаванымі сценамі. На тэрыторыі, дагледжанай і чыстай, яркімі кветкамі гараць клумбы, аформленыя з любоўю. Яны, як і лебедзі на імправізаваным возеры, сведчаць, што стварылі гэтую прыгажосць клапатлівыя рукі сапраўдных гаспадынь – Надзеі Коцур і Святланы Протчанкі, якія ўкладваюць у працу часцінку душы. У гэты маляўнічы куток і завіталі самадзейныя артысты Брагінскага РДК з тэматычнай святочнай праграмай “Вам, працаўнікі сяла”.


Тут таксама шануюць звычаі продкаў. Прыйшлі жыхары з навакольных вёсак Гарадзішча, Сяльца, Зарэчча. Разам з артыстамі спявалі прастольныя, народныя і свае любімыя песні, не забываліся і пра творы беларускіх кампазітараў. Ад усяе душы дзякавалі за песні, якія гучалі ў выкананні Вячаслава Гаршкова, Ігара Сінілы, Рамана Цеслянка, Сяргея Даўгуляўца, Івана і Святланы Корхавых і інш.


Наогул, свята – найвышэйшы ўзровень развіцця духоўнай культуры, адпаведны стану душы чалавека ў тую ці іншую пару года ў тым ці іншым узросце. Старажытна-магічнае дзеянне на ім распрацавана эстэтычнымі сродкамі святочнай культуры, асновай  якой з’яўляецца песня, танец, карагод, тэатралізацыя. І ў гэтым напрамку ўсім нам яшчэ шмат работы.


Любоў ДУБАТДЗЕЛ,
метадыст Брагінскага РДК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *