АБГРУНТАВАНЫ РАЗЛІК НЕ ПАДВЁЎ

Сельское хозяйство

Рэдка якая нацыя пры прыгатаванні страў абыходзіцца без гэтай агародніны.  Я маю на ўвазе кухні народаў свету – ад звычайных сямейных да самых вытанчаных, рэстаранных. Гэта – цыбуля. Яна незаменная ў кулінарыі і, нягледзячы на ўсе клопаты, якія патрэбны пры вырошчванні, дае стабільны прыбытак тым, хто ёй займаецца.


Аграрная палітыка нашай дзяржавы накіравана на ўмацаванне харчовай бяспекі краіны. А гэта значыць, як мага больш атрымліваць (асабліва ў раслінаводстве) у сябе, каб не залежаць ад экспарту. Своечасовым і правільным было рашэнне заняцца ў КСУПе “Брагінка” вырошчваннем цыбулі.  І хаця і праблем, і пытанняў тады, у 2003 годзе,  паўставала нямала – справа ўсё ж такі новая і нязвыклая, культура, як кажуць, “капрызная”, зараз кіраўнік гаспадаркі Тамара Кудан можа канстатаваць:  тагачасныя разлікі вызначаліся абгрунтаванасцю і сябе апраўдалі.


Сёлета ў “Брагінцы” пад цыбулю было адведзена 40 гектараў. Патрэбна адзначыць, што пасяўныя плошчы з кожным годам павялічваюцца. Ураджайнасць атрымалі меншую, чым разлічвалі, паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Ярац, але, калі браць пад увагу ўмовы надвор’я гэтага года, яна неблагая – амаль па 250 цэнтнераў з гектара.


Кожны вясковец разумее і тое, што вырасціць мала – патрэбна атрыманую прадукцыю давесці да ладу,  рэалізаваць ці закласці на зімовае захоўванне.  Сельгасвытворцы ўдзячныя кіраўніцтву, педкалектыву і вучням Вуглоўскай школы, якія ніколі не адмаўляюць у дапамозе гаспадарцы, выходзяць на падборку цыбулі. Адклікаюцца і дапамагаюць у пераборцы і калектывы арганізацый раёна – у асобныя дні колькасць працуючых дасягае васьмідзесяці чалавек. Задзейнічаны тут і беспрацоўныя. Але ж работы яшчэ шмат, таму кіраўніцтва гаспадаркі  запрашае ўсіх жадаючых дапамагчы і атрымаць цыбулю ў якасці натураплаты.


Адрасы рэалізацыі – шматвектарныя. Запатрабавана фірменная прадукцыя з “Брагінкі” ў Мінску, Віцебску, Гомелі. А ў думках вяскоўцаў  ужо планы на год наступны, жыццё ж на месцы не стаіць, а вытворчасць прад’яўляе ўсё новыя і новыя патрабаванні.


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *