Калі зямлю, сонца і паветра чалавек атрымаў у падарунак ад прыроды, то дарогі ствараюцца яго ўпартай працай і розумам. Недзе і сёння людзі ў аранжавых камізэльках ставяць шэрым стужкам “фірменныя пломбы”, дзесьці яшчэ ўчора на магістралях злёгку дыміўся гарачы асфальт – каток ушчыльняў новую трасу, а заўтра неабходна будзе змагацца з наледдзю. І так – дзень за днём. Каб своеасаблівая крывяносная сістэма краіны дзейнічала ўстойліва, патрэбен рэгулярны нагляд, што ўскладвае на работнікаў дарожнай галіны асаблівую адказнасць.
Але лепш і падрабязней аб працоўным рытме прадстаўнікоў стваральнай прафесіі раскажа іх кіраўнік: на нашы пытанні адказвае начальнік ЛДД-452 Пётр Кастэнка.
–Пётр Васільевіч, абслугоўванне дарог – паняцце даволі шырокае. Якія клопаты прыносіць з сабой кожная пара года, і на што накіроўвае свае намаганні калектыў зараз?
–Працоўны графік шчыльны заўсёды. Вясной, як толькі сыходзіць снег і зямля падсыхае, настае час рамонту дарог, афарбоўкі прыпыначных павільёнаў, бардзюраў, устаноўкі новых і замены сапсаваных знакаў, лета да ўсяго дабаўляе падкошванне травы на абочынах – падобнымі клопатамі заняты да глыбокай восені. А зараз – самая пара падрыхтоўкі да зімы: устанаўліваем сігнальныя вехі, шчыты для снегазатрымання, умацоўваем шчэбенем абочыны, штогод нарыхтоўваем тры з паловай тысячы тон пясчана-саляной сумясі. Павінна быць гатова выехаць без прамаруджвання па сваім назначэнні снегаўборачная тэхніка. Пры неспрыяльных пагодных умовах патрэбна своечасова клапаціцца аб бяспецы руху. Усё – каб стварыць камфорт, не дапусціць трагедый на дарогах і не парушыць прывычны рытм жыцця.
Транспартная сетка павінна ўтрымлівацца ў парадку і днём, і ноччу, і летам, і зімой.
–А які памер тэрыторыі знаходзіцца пад вашым кантролем?
–“Размах” дарог складае 82 кіламетры, усе яны – рэспубліканскага значэння.
–Што паспелі зрабіць у бягучым годзе?
–Правялі паверхневую апрацоўку часткі аўтадарогі Калінкавічы – Брагін – Камарын – мяжа з Украінай, праклалі тратуары працягласцю 300 метраў у Новай Грэблі і каля кіламетра – у Дубліне. Ажыццявілі ямачны рамонт 2000 квадратных метраў дарожнага палатна. Паралельна прыводзілі ў належны стан павільёны, выконвалі іншыя, звязаныя з добраўпарадкаваннем тэрыторый і бяспекай руху, работы.
–Якія тэхнічныя магчымасці ўчастка? Наколькі яны адпавядаюць узроўню пастаўленых задач?
–У справе абслугоўвання дарог дапамагаюць два МАЗы і столькі ж трактароў МТЗ, аўтамабіляў “ГАЗель”, грэйдэр і пагрузчык, каток, адпаведныя інструменты. З даручаным, у цэлым, гэта дазваляе спраўляцца.
–Ці згодны Вы з тым, што кожны ўкладзены ў дарогу рубель абарочваецца прыбыткам і карысцю для ўсёй краіны?
–Безумоўна. Вынік нашай дзейнасці – гэта не проста шлях з пункта “А” ў пункт “В”. Роўныя, высокай якасці дарогі дазваляюць вырашаць эканамічныя праблемы, хутка дастаўляць да месца людзей і грузы, захоўваць у непашкоджаным стане тэхніку. Ды і ўвогуле, з’яўляюцца візітнай карткай краіны, прыкметна перайначваюць, змяняюць да лепшага жыццё, робячы яго больш зручным, бяспечным і камфортным.
–Сучасная дарожная галіна ўяўляе сабой высокаразвітую структуру, якая спалучае ў сабе надзейную матэрыяльна-тэхнічную базу, моцныя традыцыі і штодзённую працу адданых справе людзей. Некалькі слоў, калі ласка, напярэдадні прафесійнага свята аб калектыве.
–Можна па праву ганарыцца тым, што створаная ў 2001 годзе як адна з трох лінейных дарожных дыстанцый ДЭУ-45 г. Хойнікі, наша ЛДД сустрэла гэтай вясной свой юбілей практычна ў тым жа складзе. У згуртаванай, моцнай камандзе – людзі з вялікім стажам, ясным розумам і цвёрдым характарам, якім па сілах выконваць нават самае складанае, бо прафесія – блізкая па духу. Слабыя тут не затрымліваюцца.
Па ўласным перакананні, з уласцівым яму пачуццём адказнасці і мэтанакіраванасці, шчырым жаданнем развіваць галіну працуе дарожны майстар Іван Маручок. Стараннасць, сумленнасць, гатоўнасць да фізічнай і эмацыянальнай самааддачы – далёка не поўны пералік прафесійных якасцей дарожных рабочых Рамана Іванчака і Аляксандра Савіна, вадзіцеля Аляксандра Музычэнкі, машыніста пагрузчыка Віктара Пузырыны, трактарыста Аляксея Іотчанкі. Гэта, можна сказаць, залаты фонд нашага ўчастка, калектыў якога налічвае 20 чалавек.
Шчыра віншую ўсіх сваіх супрацоўнікаў, а таксама калег з ДЭУ-148, ветэранаў галіны з прафесійным святам і жадаю ім новых поспехаў, узаемаразумення, стабільнасці і надзейных партнёраў. Няхай дарожная справа прыносіць і вам, і іншым пачуццё задавальнення, радасць і дастатак.
Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА