Атрымаць прадукцыю, захаваць маладняк

Сельское хозяйство

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання падвяло вынікі работы ў жывёлагадоўлі за студзень-верасень 2011 года. Сярод 118 раёнаў рэспублікі па такім паказчыку, як сярэдні надой малака ад каровы, наш – на 47-м месцы, а ў вобласці – на шостым (склаў ён 3460 кілаграмаў). Як ідуць справы ў жывёлаводаў Брагіншчыны зараз, якія задачы стаяць перад імі, расказаў галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Пінчук:


–Стойлавы перыяд ужо  пачаўся.   Пагалоўе буйной рагатай жывёлы размешчана па “зімовых кватэрах”, якія летам рамантаваліся і прыводзіліся ў парадак. Корміцца грамадскі статак па зімовым рацыёне, у кожнай гаспадарцы назапасілі дастаткова сянажнай і сіласнай масы, ёмістасці з якой адкрылі ў пачатку кастрычніка. Вытворчасць малака ў цэлым па раёне складае 105% да ўзроўню мінулага года, хаця ёсць гаспадаркі, дзе гэты паказчык ніжэйшы (КСУП “Брагінскі” – 96%, “Малажынскі” – 99%). Рэалізацыя малака – 111%.


Перавесці жывёлу ў цёплыя памяшканні – паўсправы, неабходна разабрацца з пагалоўем і прадуктыўнасцю, выдзеліць у асобныя групы навацельных кароў і тых, якія ў запуску, рэгулярна праводзіць кантрольнае даенне, наладзіць дыферэнцыраванае кармленне.


Для балансавання рацыёну па бялку і цукру сельгаспрадпрыемствы закупілі ў ААТ “Брагінаграсэрвіс” рапсавы жмых (108 тон – у кастрычніку). На Слуцкім цукровым заводзе набываюць патаку, завезлі ўжо 157 тон, хаця папярэдняя аплата дазваляе забраць 257 тон. З Хойніцкага раёна прывезлі 25 тон бураковага жмыху і 200 тон  цукровых буракоў.


Палявыя работы практычна завершаны, у кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў ёсць магчымасць больш увагі ўдзяліць зараз жывёлагадоўлі,  правядзенню зімоўкі, навядзенню парадку на фермах і прылягаючай тэрыторыі. Спадзяюся, эканамічная служба распрацавала ўжо ўмовы спаборніцтва на гэты перыяд, а вынікі работы за летне-пашавы падведзены. Калі гэта не зроблена, неабходна ў бліжэйшы час ацаніць уклад кожнага аператара машыннага даення, даглядчыка і давесці да ведама калектываў.


Масавыя ацёлы кароў прыпадаюць на зімовыя месяцы. Захаваць маладняк – стварыць перспектыву далейшага нарошчвання пагалоўя і  вытворчасці прадукцыі, а з імі – эканамічнай  стабільнасці. Таму на кожнай ферме ў дастатковай колькасці павінны быць клеткі-домікі (не менш 25% ад пагалоўя кароў).  Усе гаспадаркі закупілі для цялят камбікармы КР-1 і КР-2, трэба толькі пракантраляваць, каб яны не ляжалі ў складзе, а выдаваліся маладняку і былі даступныя.


Сёлета сельгаспрадпрыемствы змаглі стварыць трывалую кармавую базу,  травяністых кармоў нарыхтавалі больш як па 30 цэнтнераў к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы. А гэта – перадумова для пераходу на круглагадавое  стойлавае ўтрыманне, што стане новым этапам у развіцці жывёлагадоўчай галіны.


Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *