Брагіншчына турыстычная

Грамадства

…І  АДЧУЦЬ  ЗАЧАРАВАННЕ НАВАКОЛЛЯ


Заўважце: чым больш бяспечным і камфортным становіцца наша жыццё, павялічваецца разрыў паміж натуральным асяроддзем і светам чалавека, тым мацней прыцягненне прыгажосці краявідаў, цішыні ранішняга лесу, звону птушынага рознагалосся, плёскату рыбы ў крыштальна чыстай вадзе… Толькі тут, на ўлонні прыроды,  спаўна і ўсцешыш сваё сэрца спакоем ды непаўторнай зямною красой. Ці як вам, напрыклад, магчымасць зведаць сваю ўдачу на паляванні?


Сёння, праўда, паядынак са зверам ужо не выступае тым заняткам, ад якога напрамую залежала выжыванне чалавека і якое дазволіла яму падняцца на новую ступень развіцця. Гэта, хутчэй, адпачынак для моцных духам мужчын ад камп’ютарнага свету і гарадскіх джунгляў, эйфарыя ад удалага стрэлу, пачуццё азарту і перамогі. Таму для сучаснага, цывілізаванага аматара палявання ўсё большае значэнне набываюць адпаведныя ўмовы. Стаміўшыся ад блукання па лесе, хочацца спыніцца ва ўтульным доміку, папарыцца ў лазні, пачаяваць на тэрасе, дзе няцесна будзе размясціцца цэлым “карпаратывам”.


Менавіта такія ўмовы для жадаючых адпачыць на прыродзе ствараюць работнікі лясгасу, з густам абсталёўваючы ў Майску прыпыначны пункт паляўнічага. Пад кіраўніцтвам ляснічага Аляксандра Сяргеенкі – чалавека гаспадарлівага і неабыякавага, улюбёнага ў родныя лубяніцкія мясціны, з багатым працоўным стажам у галіне – шчыруюць амаль без выхадных, з запалам і душой.


Літаральна праз месяц будынак, узведзены яшчэ ў саракавых, пераўтварыўся ў шыкоўны, вытрыманы ў нацыянальным стылі домік. У былым гэта – кантора Брагінскага лясніцтва, потым  – Лубяніцкага, пакуль тое ў 2008-м не перамясцілася ў аднайменную вёску, а ў бліжэйшым будучым – аб’ект інфраструктуры турызму.


– Да паслуг адпачываючых абсталёўваем чатыры спальныя пакоі, кухню, гасцёўню з камінам, два санвузлы, – праводзіць унутр Аляксандр Уладзіміравіч. – Разлічаныя на тры чалавекі нумары ў цэлым змогуць размясціць дванаццаць пастаяльцаў. У якасці матэрыялаў для будаўніцтва выкарыстоўваем у асноўным дрэва: асіну і сасну. Так што побач з натуральнасцю прыроды тут адчуваецца і  самабытны каларыт, і сучасны камфорт.


У час нашага візіту на падворку ўжо не відаць было старых драўляных пабудоў, да доміка прымайстроўвалі тэрасу і пракладвалі арыгінальную дарожку з калодак. Паспелі паставіць агароджу. Знойдзецца месца і лазні, і новым альтанкам, і ўсяму неабходнаму для прыгатавання на свежым паветры юшкі і шашлыку. Калі ёсць жаданне, можна агледзець зямлянку, якая захавалася на тэрыторыі Лубяніцкага лясніцтва з часоў Вялікай Айчыннай, пабываць каля помніка загінуўшым у ваеннае ліхалецце.


– Плануем таксама арганізоўваць конныя прагулкі па экалагічнай сцяжынцы, – звяртае ўвагу ляснічы на будаўніцтва стайні. – Адвялі тэрыторыю пад штучны вадаём. А там, з цягам часу, будзем усё гэта дапаўняць, удасканальваць, нешта падладжваць. Улічваючы, вядома, запыты, патрэбы і пажаданні гасцей.


Работы, у якіх амаль штодня занята каля дваццаці прадстаўнікоў Лубяніцкага, Савіцкага і Петрыцкага лясніцтваў, плануюць завяршыць да канца гэтага месяца. Па папярэдніх падліках, на ўсё будзе зрасходавана каля 500 мільёнаў рублёў. З’явяцца дадатковыя працоўныя месцы.


Колькі будзе каштаваць такі прыпынак, пакуль гаварыць рана. Але зразумела адно: аграэкатурызм – справа перспектыўная і ў плане прыцягнення інвестыцый, і ў стварэнні іміджу раёна, і ў папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Адметнасць кожнага куточка Беларусі, прыроднае багацце і прыгажосць краявідаў нельга ў поўнай меры перадаць на словах. Іх абавязкова патрэбна пабачыць і адчуць. І гэта дае падставу спадзявацца, што падобны адпачынак складзе годную канкурэнцыю замежным курортам. Проста на поспех, як і ў любой іншай справе, патрэбна шмат працаваць.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *